У кожнага, хто чытаў «Ладдзю роспачы» Уладзіміра Караткевіча, сваё адчуванне гэтага твора. І калі твой настрой сугучны, то Уладзімір Караткевіч становіцца не проста цікавым пісьменнікам, а часткай твайго свету і святлом, на якое хочацца ісці... Напэўна, гэта ж матывуе звяртацца да яго, напрыклад, у тэатры. А пасля прыводзіць у залу публіку, ствараючы аншлагі і ажыятаж вакол набыцця білетаў. Такое дзіва адбываецца з пастаноўкай «Ладдзі роспачы», якую здзейсніў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Даюць спектакль на сваёй сцэне — трэба паспець набыць білеты. Ужо і на вялікай спрабавалі іграць — тая ж гісторыя. І на ўсе вясеннія паказы месцы раскуплены. Феномен Караткевіча?
Нечаканае раскрыццё
Да гэтага твора звярталіся беларускія тэатры раней, праўда, спектаклі тыя цяпер не ідуць. Але памяць хочаш не хочаш, а нагадвае пра магчымасць параўнанняў. І тут трэба ісці ад самога Караткевіча, бо перанесці яго аповесць на сцэну можна вельмі па-рознаму. Святлана Навуменка, якая выступіла рэжысёрам пастаноўкі, яшчэ папрацавала над інсцэніроўкай. І фактычна «дапісала» (ці ўдакладніла, канкрэтызавала) аўтара. Тыя некалькі старонак, якія ў аповесці «прабягаюць» чытачы лёгка і вельмі хутка, знаёмячыся з перадгісторыяй сустрэчы са смерцю Гервасія Вылівахі, сталі асобнымі сцэнамі. Ды што там сцэнамі — атрымалася цэлая дзея працягласцю ў гадзіну. Пры тым, што другая дзея звязана з самой ладдзёй, якая перавозіць у іншы свет галоўнага героя і тых, каму выпала памерці ў той жа час.
Акцэнт, зразумела, у Караткевіча зроблены менавіта на гэтым падарожжы і паводзінах героя падчас яго. Але каб з некалькіх першых старонак зрабіць такую ж па працягласці частку!
Першая дзея створана дзеля супрацьстаяння прасторы жывых змрочнасці стану памерлых. Гэта як два розныя жыцці, розныя Сусветы ці прасторы (у тэатры іх падзяляе рашэнне сцэнічнага афармлення ад мастака Юрыя Саламонава). У першай дзеі расповед пра заганы, што прыпісваліся Гервасію, увасоблены ў канкрэтныя вобразы. Тут «правіць баль» сцэнічнае святло, бляск адзення шляхціцаў і шляхцянак — мастак па касцюмах Таццяна Лісавенка прыбрала герояў па-багатаму, падкрэсліўшы прыналежнасць да эпохі, у якую «змясціў» іх Караткевіч. Святло сыходзіць і з фрагментаў габеленаў, якія дзе-нідзе бачны на сцэне, іх няшмат, ёсць некаторая стрыманасць: Гервасій хоць і няпростага паходжання, але ж яго замак-развалюха стары, ды і сам горад Рагачоў неаднойчы перажываў рабаванні. Але атрыбуты «правільнага» жыцця захаваліся, у тым ліку духоўны суд. Падчас яго Гервасія з двума сябрамі ў чым толькі не вінавацяць. Сцэна суда прадумана і пастаўлена падрабязна — са сведкамі і пацярпелымі мужамі летуценных паненак, якія пасля сустрэчы з галоўным героем чамусьці выглядаюць «прасветленымі». Дарэчы, як і каралева Бона, якая прыязджае ў горад і праводзіць час за душэўнымі размовамі з Гервасіем, пасля іх сустрэчы мы бачым яе шчаслівай.
Што казаць — чалавек жыў пачуццямі.
Нават верасовую жанчыну (фальклорны вобраз) пашкадаваў, нягледзячы на тое, што сустрэча з ёю прадвяшчае чыюсьці смерць.
Чаканае развіццё
І яна прыходзіць. Да таго, хто ні ў чым сябе не стрымлівае, умее бязмежна радавацца, бо яму ўсяго 33 гады. Героя ўвасобіў малады артыст Аляксандр Ніканенка. Гервасій Караткевіча — вельмі харызматычны. У артыста атрымаўся вобраз хутчэй па юначы задорны, гэта чалавек, які даследуе жыццё ў яго розных праявах, не задумваючыся пра наступствы (што, напэўна, хацела падкрэсліць рэжысёр).
Амаль уся другая дзея праходзіць у паўзмроку — нібыта пачынаецца іншы спектакль. А, зрэшты, так і ёсць. У іншым свеце аскетычныя постаці, канаты і вёслы, якія ствараюць вобраз лодкі, што рухаецца ў таямнічай прасторы, дзе свае правілы, іх дыктуе Смерць (жудасны персанаж увасобіла артыстка Вераніка Буслаева). Тут няма падзелу на багатых і бедных, бо ўсе роўныя перад смерцю (гэта ўвасабляюць безаблічныя касцюмы). Героі і здраднікі ў адной лодцы.
І маладосць не мае ніякіх прывілей, бо цела абяссілена. Але ж характар!.. Нават у безнадзейнай сітуацыі моцны характар можа сябе праявіць і засведчыць: калі вельмі любіш жыццё, то рызыкнеш дзеля яго і кінеш выклік смерці. Але адна справа — паставіць на шахматную дошку сваё існаванне, зусім іншая, калі ад цябе залежыць будучыня яшчэ некага. Можа выйграць той, хто робіць намаганні не дзеля сябе, а дзеля тых, хто побач, з кім нават не знаёмы асабіста. Асаблівую сілу нават у той нязведанай прасторы даюць, як ні дзіўна, каханне ды наогул любоў да людзей. Толькі цяпер яны для Гервасія раскрываюцца інакш. Можа быць, Бярозка была той самай дзяўчынай, якую той дэманстратыўна пацалаваў у апошнія хвіліны зямнога жыцця (як паказана ў тэатры) — на ладдзі іх сустрэча выглядала невыпадковай. І каб не гэтая юная асоба, яе мэтанакіраванасць і адданасць, можа быць, Гервасій апусціў бы рукі. Іх адносіны ў такім месцы і ў такі момант — сімвал пераадолення смерці праз каханне і веру. Вось і перамога — паводле пастаноўкі ў адно імгненне шахматная ладдзя «злятае» з дошкі ўбок.
У другой дзеі сюжэт разгортваецца даволі імкліва, пры тым, што асноўныя маналогі ёсць (Перавозчык распавядае пра сваю здраду Полацку, якая прывяла да руйнавання). Ёсць і адметныя героі згодна з Караткевічам — той жа павук Арахна гатовы забраць Выліваху. Але ў спектаклі гэтая частка выглядае хутчэй сімвалічна-пластычнай (праходзіць у іншым рытме, не ўспрымаецца нудна, нягледзячы на тэму). Усё абазначана, паказана. І нават праспявана.
Гэта яшчэ адна асаблівасць беларускіх спектакляў апошніх гадоў, даказаная ўжо не адным рэжысёрам: хочаш мець поспех — рабі спектакль з адметнай музыкай і вакальнымі нумарамі.
З гэтым дапамог Андрэй Лабчэўскі. Гледачы радуюцца, асабліва напрыканцы, калі здараецца «хэпі энд». Як яго ўвасабленне і гучыць песня, ствараючы фон для апладысментаў. Вядома, найперш Уладзіміру Караткевічу, які прыдумаў глыбокі філасофскі твор, што пры гэтым чытаецца і ўспрымаецца лёгка. Спектакль успрымаецца інакш: як ні дзіўна, жыццесцвярджальнасць больш выяўляецца ў другой дзеі сярод пануючага там змроку, а ўсе падрабязныя расповеды пра гулянкі Вылівахі нібыта зацягваюць у цемру. Атрымліваецца эфект «адваротнасці» (можа так і было задумана?): там, дзе грахі, — натуральна, смерць. Дзе самаахвярнасць — там жыццё. Таму і ўзроставае абмежаванне цалкам зразумелае: «16+». Тэмы не дзіцячыя. Дарослым ёсць пра што паразважаць. У тым ліку пра сваё стаўленне да спадчыны Караткевіча: што для яго было важна ў гэтым жыцці?
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота РТБД