Днямі ў сталічным кінатэатры «Піянер» адбыўся прэм’ерны паказ кінадылогіі «Нашы сімвалы». Складаецца яна з двух фільмаў: «Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь» зняты ў негульнявой форме Дзмітрыем Цыбулькам, «Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь» ад Яўгена Шлемянкова зроблены ў змешанай форме.
— Дзве гэтыя кінастужкі аб’яднаны адной тэмай, важнай для ўсіх нас, — дзяржаўныя сімвалы. Адметна, што кожны фільм зроблены ў сваёй стылістыцы. Думаю, яны спадабаюцца гледачу, бо абодва цікавыя і дынамічныя, а таксама аб’яднальныя, што важна напярэдадні Дня народнага адзінства, — расказаў дырэктар студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Мілаш. — Тэма важная і актуальная. Гледачы змогуць падчас прагляду адкрыць для сябе шмат новых і цікавых фактаў пра наш герб і сцяг.
Праўда, у тых, хто сочыць за беларускім кіно, можа ўзнікнуць пытанне, чаму кінавытворцы зноў узяліся за такую тэму, улічваючы, што летась выйшаў, напрыклад, «Культурны код» Кірыла Халецкага і анімацыйная стужка «Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Дзяржаўныя святы». Аднак стваральнікі новых работ прапаноўваюць гледачам яшчэ больш паглыбіцца ў даследаванне тэмы атрыбутаў нашай дзяржаўнасці. І ў выпадку з першым фільмам «Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь» менавіта гэта і адбываецца. Усё вельмі падрабязна тлумачыцца і падмацоўваецца відэаматэрыялам з розных дзяржаўных святаў. І гэта якраз дае візуальны вобраз еднасці народа,адным з сімвалаў якой выступае беларускі сцяг. Кінастужка «Дзяржаўны сцяг», знятая рэжысёрам Дзмітрыем Цыбулькам, — гэта пазнавальнае кіно для ўсёй сям’і. Яно дазволіць кожнаму гледачу па-новаму паглядзець на адзін з галоўных сімвалаў беларускай дзяржаўнасці.
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь — неад’емны атрыбут суверэнітэту нашай краіны, у якім увасабляецца яе самабытнасць і гістарычны шлях развіцця. Новая кінаработа якраз і даследуе гісторыю і сімволіку сцяга Беларусі, а таксама дае падставу задумацца пра тое, як сімвалы могуть яднаць людзей, фарміраваць іх каштоўнасці і вызначаць будучыню.
Фільм «Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь» уяўляе сабой дакументальную работу з элементамі гульнявога кіно. Галоўныя героі — група дапытлівых школьнікаў, якія атрымалі заданне і паглыбіліся ў захапляльнае даследаванне, каб разгадаць таямніцы і даведацца пра гісторыю беларускага герба.
Дзеці сустракаюцца з гісторыкамі, геральдыстамі, размаўляюць з імі і даведваюцца аб паходжанні элементаў герба, іх значэнні і эвалюцыі. Менавіта праз прызму дзіцячага ўспрымання гледачы ўбачаць, як ствараўся і змяняўсягерб, якія сімвалы ён у сабе нясе і якія таямніцы захоўвае.
— Першапачаткова, калі я атрымаў сцэнарый, там была толькі дакументалістыка з кінахронікай. Але пасля абмеркаванняў у Міністэрстве культуры нам прапанавалі крыху змяніць канцэпцыю, каб тэма стала больш зразумелай для дзіцячай аўдыторыі, — распавёў рэжысёр фільма «Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь» Яўген Шлемянкоў. — Здымкі ў нас праходзілі на розных лакацыях: на «Беларусьфільме», у Нацыянальным архіве, у адной з мінскіх гімназій. Так, з дзецьмі мы знялі ўсё літаральна за пяць дзён. Увогуле здымачная група атрымала вялікае задавальненне ад работы над фільмам.
Трэба адзначыць, што для Яўгена Шлемянкова карціна — рэжысёрскі дэбют, таму ацэньваць яе можна па-рознаму. Плюс — у спалучэнні гульнявой формы з дакументалістыкай, як і ў гумары, якім месцамі прыправілі гісторыю. Удалы і падбор акцёраў, як, напрыклад, на ролю Архіварыуса (Ігар Падлівальчаў). Сапраўды, уключаешся ў пошукі і разгадку таямніц з героямі... А вось наколькі ўсё разам склалася ў адзіную гісторыю на экране, гэта кожны вырашыць сам пасля прагляду. Праўда, лепш глядзець кожную з кінаработ паасобку альбо з пэўным перапынкам, каб больш у памяці адклалася.
Алена ДРАПКО
Кадры з кінадылогіі «Нашы сімвалы»