Добрых гісторый ніколі не бывае зашмат. Асабліва яны патрэбны дзецям, бо калі ты яшчэ маленькі і толькі будуеш цёплыя ўзаемаадносіны з навакольным светам, вельмі важна бачыць як мага больш прыкладаў сапраўднага сяброўства, справядлівасці і ўзаемнай падтрымкі. Кніга Святланы Бахновай «Добрыя гісторыі пра сяброўства Зайкі і Медзведзяня», якая выйшла сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда», вучыць маленькіх чытачоў слухаць сваё сэрца, верыць у цуды і праз клопат пра бліжняга адкрываць для сябе сапраўдныя каштоўнасці жыцця.
Выданне арыентавана на дзяцей дашкольнага ўзросту, напісана простай і шчырай мовай, якая адразу выклікае прыхільнасць і давер у чытачоў. Кніга падыходзіць для сямейнага чытання і стане добрым сябрам для самых маленькіх. Галоўныя героі — Зайка і Медзведзяня — уяўляюць сабой цікавы і дынамічны тандэм. Сябры добра дапаўняюць адно аднаго. Наіўны Зайка з цікавасцю даследуе навакольны свет і шукае адказы на самыя розныя пытанні, часам сумняваючыся ў сваіх мачымасцях. Ва ўсіх пачынанняхяго падтрымлівае старэйшы сябар, больш дасведчаны ў жыццёвых справах, — Медзведзяня.
Кніга складаецца з пяці невялічкіх павучальных гісторый, якія закранаюць важныя тэмы: сяброўства, узаемадапамога, уменне дараваць, любоў да роднага краю і інш. Пазнаёміцца чытач з галоўнымі героямі ў першай казцы «Не заменяць край любімы ніякія цуды!», дзе Зайка, Медзведзяня і іншыя жыхары лесу атрымалі цікавую і прывабную прапанову пераехаць жыць у Афрыку. Наіўныя звяры адразу загарэліся гэтай ідэяй. Аднак разважлівае Медзведзяня западозрыла падман і змагло давесці сябрам, што якімі б прывабнымі ні здаваліся далёкія мясціны, нішто не заменіць родную старонку.
Менш патрыятычныя, аднак не менш цікавыя гісторыі чакаюць чытача далей. Дзякуючы казцы «Як стаць сапраўдным чараўніком» дзеці навучацца заўважаць цуды ў простых рэчах, верыць у сілу сваіх слоў і ўчынкаў. Маленкі Зайка вельмі хацеў стаць чараўніком, але разумеў, што тыя існуюць толькі ў казках ці снах, а ў рэальным жыцці нічога чароўнага не адбываецца. Але дзякуючы сяброўскай падтрымцы Зайка знайшоў шлях да чараўніцтва — праз сваё сэрца.
Казка «Як адлятаюць непрыемнасці» дапаможа юным чытачам спраўляцца з цяжкасцямі і хутка адпускаць крыўды.
Як гэта часта бывае паміж блізкімі сябрамі, Зайка з Медзведзянём пасварыліся, з-за чаго ў першага зусім не было настрою. Аднак выхад з сітуацыі знайшла карова Пяструшка, якая пасвілася непадалёку. Яна паказала Зайку лёгкі спосаб пазбавіцца непрыемнасцей: узяць паветраны шарык, уявіць замест яго ўсе свае праблемы і з лёгкім сэрцам адпусціць яго ўдалячынь.
Апошняя гісторыя расказвае пра пяшчотнае сяброўства Зайкі і маленькай зорачкі. Кожны вечар Зайка з непрыкрытым хваляваннем чакаў яе з’яўлення на начным небасхіле. Ніхто не верыў у магчымасць іх сяброўства, аднак яны змаглі даказаць, што нават калі вы з розных «сусветаў», можна знайсці агульную мову і паразуменне.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА