Год толькі пачаўся, а Выдавецкі дом «Звязда» ўжо радуе юных чытачоў цікавымі навінкамі. «Чароўная кніжка» лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Сяргея Давідовіча — сёлета адна з першых. Казкі пісьменніка вучаць дабрыні і спагадлівасці, заклікаюць ставіцца да ўсяго жывога на Зямлі беражліва і з адказнасцю.У зборнік увайшло дзесяць чароўных гісторый, галоўнымі героямі якіх з’яўляюцца звычайныя падлеткі. Іх жыццё нічым не адрозніваецца ад будняў іншых дзяцей, пакуль у яго не ўмешваецца чараўніцтва.
З гэтага моманту і пачынаюцца захапляльныя прыгоды герояў, насычаныя фантастычнымі падзеямі, яркімі вобразамі і жывымі персанажамі. Большая частка гісторый носіць павучальны характар. Яны вучаць дзяцей павазе да навакольнага свету і людзей побач. Праз знаёмыя і простыя вобразы аўтар даступна даносіць свае думкі да юных чытачоў, робячы іх паўсядзённасць часткай свайго фантастычнага свету.
Павучальнымі сэнсамі насычаны гісторыі «Прамая дарога», «З казкі ў казку», «Заслужыў — атрымай», «Чароўная кніжка», «Аднаногі конік». Пісьменнік спрабуе падштурхнуць дзяцей да разважанняў пра дабро і зло, пра боль і радасць, пра абавязкі і правы, пра варожасць і сяброўства, любоў і нянавісць. Дзякуючы блізкім па ўзросце і мысленні персанажам чытачам лёгка ўспрымаць нават самыя нудныя для падлеткаў ідэі. Шчыра кажучы, у сучасным тэхналагічным свеце не кожнага школьніка зацікавіш друкаванай кнігай, якая яшчэ і вучыць, як правільна жыць. Аднак казачны зборнік Сяргея Давідовіча дае прастору для ўласных высноў і на прыкладзе не самых шчаслівых дарослых паказвае, да чаго могуць прывесці памылкі мінулага. Асабліва паказальнай з’яўляецца гісторыя
«З казкі ў казку», дзе маленькі сын вучыць свайго тату сапраўдным чалавечым каштоўнасцям, спрабуе звярнуць яго ўвагу на самых блізкіх людзей — бацькоў, пра якіх той даўно забыўся. Такі падыход, калі малы выступае ў ролі настаўніка, дае юным чытачам адчуванне важнасці свайго слова і меркавання, што дапаможа ім у будучыні.
Вельмі кранальная гісторыя «Аднаногі конік» расказвае пра двух непадобных сяброў Руслана і Івана. Самае галоўнае адрозненне хлопчыкаў было ў тым, што Руслан дрэнна паводзіў сябе з братамі нашымі меншымі, крыўдзіў жывёл дзеля асабістага задавальнення, а Іван спрабаваў навучыць яго дабрыні і спагадлівасці. Аднак нічога ў Вані не атрымалася, і горыч за сябра пасялілася ў яго сэрцы. Калі б не магія і моцная вера хлопчыка ў дабро, Руслан так і застаўся б садыстам. Але дзякуючы дапамозе чароўнай бабулі-вярбы ў хлопчыка з’явіўся шанц стаць добрым чалавекам, хоць і праз жорсткія метады.
З агульнай карціны вельмі вылучаюцца казкі «Стасік і іншапланецяне» і «Кот Гаўрык». Гэтыя тыповыя фантастычныя гісторыі арыентаваны на дзяцей малодшага школьнага ўзросту і вельмі спадабаюцца аматарам касмічных прыгод і казак пра жывёл. Тут няма схаваных высокамаральных сэнсаў, толькі нечаканыя павароты сюжэта, лёгкі гумар і неверагодныя падзеі. Яны вельмі добра разбаўляюць павучальны тон зборніка і прыўносяць нотку пазітыву.
Выданне аздоблена ілюстрацыямі Сяргея Давідовіча, якія дапамагаюць стварыць неабходную атмасферу і цалкам паглыбіцца ў фантастычныя прыгоды герояў.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА