Для прыхільнікаў творчасці Паўла Гушынца ў нас добрая навіна — убачыла свет кніга «Новыя прыгоды дзяўчынкі Соні і кракадзіла Мурзіка». Зборнік апавяданняў пра новыя прыгоды герояў, з якімі чытачы ўжо маглі пазнаёміцца ў такіх кнігах, як «Дзяўчынка і кракадзіл», «Тата, раскажы пра мяне гісторыю» і «Соніна дзяцінства», зноў даказвае: напісанае ад душы абавязкова адгукнецца і пакіне след.
Адмоўнае — на пазітыўнае
Апавяданні, змешчаныя ў новай кнізе, — гэта цыкл цікавых, павучальных гісторый, дзе кожны можа пазнаць сябе. Нягледзячы на тое, што кніга адрасавана дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, на яе варта звярнуць увагу таксама мамам і татам. Бо дарослым выданне можа даць магчымасць паглядзець збоку на тэму ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей. І можна нават нечаму навучыцца ў герояў твораў.
Ужо з першага апавядання «Вельмі страшная дэтэктыўная гісторыя» чытач адразу заўважыць, як аўтар умее жыва і дынамічна расказваць. І дае найперш нам, дарослым, магчымасць задумацца, напрыклад, пра педагагічнасць ці часам яе адсутнасць у выхаванні нашых дзяцей, пра важнасць умення нестандартна паглядзець на тую альбо іншую падзею. Тут жа мы можам разам з дзецьмі разважаць, у якіх сітуацыях пазнаюцца сапраўдныя сябры (нават калі гэта проста гатоўнасць падзяліцца падручнікам на ўроку альбо выратаваць ад нечаканага візіту злодзея), чаму небяспечная няўважлівасць. Думаю, чытач ацэніць і ілюстрацыі Дзіяны Бецун, якія суправаджаюць дынамічныя аповеды ў кнізе.
А вось твор «Дрэнная адзнака» знаёміць нас з аўтарскімі разважаннямі пра тое, што адчуваюць і як пражываюць непрыемныя падзеі ў маштабе свайго ўласнага жыцця нашы дзеці. Калі ім здараецца сапраўды аказацца перад выбарам: перажываць падзеі, абапіраючыся на засвоеныя ў сям’і правілы і рэакцыі альбо на парады «вопытных» сяброў-аднагодкаў. Праўда,
выбар нашага сына ці дачкі ў такія моманты можа быць абумоўлены і тым, як бацькі рэагуюць на іх поспех ці няўдачу. Зразумела, дрэнныя адзнакі лепш выпраўляць ведамі, а не гумкай, і заўсёды памятаць, што бацькі нас любяць нягледзячы ні на што. Сапраўдны майстар-клас, можна сказаць, знаходзім і ў апавяданні «Соня і тата вучылі ўрокі». Калі назіраем, як умела героі выбудоўваюць сваю пазіцыю ў працэсе падрыхтоўкі дамашняга задання. Там ужо важна не проста захаваць нервовую сістэму, а і годнасць, павагу.
І тады незаўважна нават класікі пачнуць натхняць на ўласную творчасць.
Падтрымка дае апору
У наступных двух творах «Сяброўка» і «Соня ў бальніцы» чытачы разам
з гераіняй вырашаюць зусім іншыя задачы. Бо заўсёды і ўсім няпроста выбіраць паміж сяброўскай прыхільнасцю і дарагімі для нас прадметамі. Але як жа цудоўна, калі з любым, нават самым складаным, пытаннем ёсць да каго звярнуцца і атрымаць падтрымку і параду: «Ты уже почти взрослая, дочь моя. И должна узнать, что в мире бывают не очень хорошие друзья. Они дружат с тобой, пока у тебя что-то есть... Настоящий друг дружит просто так». Штосьці спасцігаецца менавіта так, а да пэўных высноў дзеці і самі прыходзяць. Як гэта здарылася з гераіняй у апавяданні «Соня ў бальніцы», калі пасля гульняў з новымі сябрамі ў бальнічным калідоры яна зусім па-іншаму паглядзела на медсястру: «Не стоит с первого взгляда принимать решение, плохой человек или хороший. Даже если этот человек тебе сразу показался злым и сердитым, может, у него в этот момент живот болел».
Кранальна завяршаецца кніга Паўла Гушынца: Соня вырасла і ўжо сама стала мамай, а пасля вярнулася па свайго сябра дзяцінства — Мурзіка. Такая сувязь пакаленняў, якая трымаецца на веры ў цуды, дабро і шчырае сяброўства, пакідае ў чытача надзею, што працяг гісторыі будзе, што мы, дарослыя, усвядомім, наколькі важна захаваць у нашых дзяцей веру ў казку. І ў ёй абавязкова будуць такія ж каларытныя героі, гумар і жыццёвыя акалічнасці, як і ў гэтай кнізе.
Алена ДРАПКО