Top.Mail.Ru

Чаму вучыць кніга Міхася Пазнякова «Мая цудоўная Радзіма»

Аўтар: Яна Валасач
02.07.2025 | 07:00

На даволі складанае філасофскае пытанне «Што самае галоўнае ў жыцці чалавека?» нават дарослыя людзі шукаюць адказы доўгія гады. Што ж казаць пра дзяцей, шчырых, нявопытных, але адкрытых да ўсяго новага... Іх, мне здаецца, трэба з маленства прывучаць любіць, шанаваць, клапаціцца пра бацькоў, Радзіму, займацца добрымі справамі і мець чыстыя памкненні. Як гэта рабіць? Пачаць можна з чытання новай кнігі вядомага пісьменніка, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Міхася Пазнякова, у якой простай мовай апісаны рэчы, важныя для людзей усіх узростаў.


Вершы пра Радзіму, сям’ю, сяброўства, вучобу, мары, прыроду і многае іншае сабраны пад адной вокладкай — летняй, яркай, маляўнічай. Усё гэта — у шасці раздзелах. Пачатак кожнага з іх суправаджаецца ілюстрацыяй. І гэта якраз тое, што цікава малым. Кніга, дарэчы, прызначана для малодшых школьнікаў.

Першы раздзел пад назвай «Радзіма наша — Беларусь» пачынаецца з аднайменнага верша «Беларусь»: «Тут сыны ляцяць у космас, // Песні матчыны пяюць, // Гэты край наш найдзівосны, // Беларуссю ўсе завуць». Асаблівая ўвага ў вершах на тэму Радзімы надаецца непаўторнасці роднага краю, яго прывабнасці і адметнасці. Гэта ўвасабляецца і ў малюнку, падабраным да раздзела, на якім прадстаўлены золатавалосыя хлопчык з дзяўчынкай, каласы, трактар і ластаўкі — цёплыя тоны карцінкі перадаюць асаблівы настрой. Яшчэ адзін паказальны прыклад любові да роднай зямлі — верш «Малюнак»: «Я намалюю хату, сад, // І жаўрука, што ў бомы звоніць, // І ліпы, што пасталі ў рад, // І ў агародчыку півоні. // Сцяжынку, рэчку між кустоў, // Валун агромністы... // Магчыма, // Камусьці гэта і нішто, // А мне навек — // Мая Радзіма».

З асаблівай цікавасцю чытаюцца вершы пра прафесіі. Настаўнікі, будаўнікі, пчаляры, пагранічнікі, кветкаводы — усе прафесіі важныя і патрэбныя. Простай мовай дзеткам пра гэта расказваецца ў кнізе. Пасля можна паразважаць з дзіцем: «А якой прафесіяй ты хацеў бы авалодаць?» Творы з раздзела «Працу кожную шануй» з’яўляюцца напамінам, што беларусы — працавітая нацыя. Вось, напрыклад, чытаем у вершы «Хто кім будзе?»: «Касманаўтам будзе Коля, // Марыць паляцець на Марс, // Астраноміяй у школе // Ён усіх здзіўляе нас». 

«І з дзяцінства майго ўжо заўсёды // У мароз, у снягі, у слату // Я напоўнены песняй прыроды, // Чую сэрцам яе дабрату» — тэме прыроды ў кнізе прысвечаны асобны раздзел. Чытаючы творы пра першы снег, мяцеліцу, моцныя маразы або летнія песні, васільковы водар, спелыя суніцы, мы нібыта трапляем разам з дзеткамі ў гэтыя поры года, адпаведныя вобразы адразу малююцца ва ўяўленні.... Вось, напрыклад, якія радкі падабраў аўтар для апісання лета: «З кучаравага лесу, // Між зялёных акрас, // З перапёлчынай песняй // Едзе лета да нас».

Набыць такую кнігу — цудоўная магчымасць праз вершаваныя радкі расказаць дзеткам пра тое, што вакол нас — само жыццё. 

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю