Top.Mail.Ru

Чым здзіўляла прэм’ера Купалаўскага па п’есе Кандрата Крапівы?

Аўтар: Лізавета Голад
11.06.2025 | 07:00

Што было б, калі б людзі жылі вечна? Над гэтым філасофскім пытаннем зноў прапануюць паразважаць у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, дзе 29 мая прадставілі новую трактоўку сатырычнай камедыі Кандрата Крапівы «Брама неўміручасці» ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Вольгі Няфёдавай і рэжысёра Аляксея Дзямідчыка.


Упершыню «Браму неўміручасці» гледачы Купалаўскага ўбачылі ў далёкім 1974 годзе ў пастаноўцы Валерыя Раеўскага. Галоўнай задачай пастаноўшчыкаў было адаптаваць матэрыял пад сучаснага гледача: зрабіць яго больш дынамічным і зразумелым.

— П’еса пісалася для свайго часу. І цяпер, вядома, трэба крыху іншы ракурс выбіраць для прадстаўлення публіцы. Мы зрабілі купюры ў тэксце, выбралі мінімалістычнае мастацкае афармленне, а таксама выкарысталі відэакантэнт — усё гэта дапамагло актуалізаваць гэтую п’есу для сучаснага гледача, зрабіць яе больш яснай і зразумелай. Атрымалася лаканічная трагікамедыя ў адной дзеі, — патлумачыў адзін з рэжысёраў спектакля Аляксей Дзямідчык.

Пастаноўшчыкі імкнуліся прытрымлівацца арыгінальнага тэксту Кандрата Крапівы.

Па словах выканаўцы ролі Барыса Дабрыяна, акцёра Аляксандра Пашкевіча, праблема неўміручасці, якую прыдумаў яго герой і абставіны, што ў сувязі з гэтым адкрыццём узнікаюць — гэта якраз тое, на чым будуецца спектакль.

— У людзей пачынаюць выяўляцца вельмі розныя грані характару. Хтосьці дабіваецца неўміручасці хітрасцю, хтосьці нахабствам, хтосьці і зусім адмаўляецца ад неўміручасці, усвядоміўшы ўсе наступствы вечнага жыцця. Гісторыя яшчэ абвастраецца тым, што не ўсе будуць несмяротнымі. Там ёсць пэўныя ўмовы: трэба быць здаровым і адпавядаць пэўным маральна-этычным крытэрыям. Майму герою даводзіцца здзяйсняць гэты адбор бесстаронне і па сумленні пры тым, што сам ён ад неўміручасці адмовіўся, — падзяліўся Аляксандр Пашкевіч.

Акцёр адзначыў і асаблівасці сцэнаграфіі прэм’ернага спектакля.

— З аднаго боку яна цікавая, а з іншага — даволі складаная. Бо бытавых рэчаў у нас практычна ў спектаклі няма. Ёсць усходы як знак нейкага руху ўверх, шлях у гэтую самую несмяротнасць. Але няма бытавых звыклых прадметаў інтэр’еру. Таму знайсці спосаб акцёрскага існавання і апраўдаць усе перажыванні герояў у такіх умовах было няпроста.

Падзялілася сваімі ўражаннямі напярэдадні прэм’еры і выканаўца ролі Наташы, актрыса Таісія Увядзенская:

— Мы вельмі доўга ішлі да гэтага дня. Эмоцый шмат, прысутнічае і хваляванне, зразумелае любому акцёру. 

У мяне ёсць салодкае прадчуванне ад выдатнай, цікавай працы, у якую мы разам з гледачамі акунёмся. Неўміручасць — гэта нейкая фантастычная падзея, сутыкнуўшыся з якой розныя персанажы п’есы, у тым ліку і яе гераіня, пачынаюць нібы з’язджаць з глузду і адкрываць самыя непрадказальныя і цёмныя бакі сваёй душы.

Гэта дае нам магчымасць паглядзець на сябе з боку. І задумацца, а што было б са мной, калі раптам мне сказалі: магчыма, вы будзеце неўміручым, а можа быць і не. Як бы я падмітусіўся, каб здабыць гэтую неўміручасць? — задала рытарычнае пытанне Таісія Увядзенская.

Ролю Караўкіна ў спектаклі выконвае заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Мішчанчук. Артыст расказаў, што для яго гэта трэцяя сустрэча з драматургіяй Кандрата Крапівы:

— Я чакаў яе амаль 60 гадоў! Я рады, што Купалаўскі тэатр звярнуўся да беларускай класікі, якая апошнім часам рэдка ставілася.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю