Top.Mail.Ru

Чыя музыка будзе гучаць у новых пастаноўках Вялікага тэатра Беларусі?

Аўтар: Ларыса Цімошык
18.09.2025 | 17:16
Гендэль і Вердзі, Чайкоўскі і Мінкус...

Дзве вялікія прэм’еры, адна камерная і абнаўленне аднаго спектакля — такія планы на новы сезон у Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Тут пачалі з прэм’ер канца мінулага сезона — у оперы Пятра Чайкоўскага «Арлеанская дзева» партыю Жаны/Іааны выканала салістка Аксана Волкава. Трупа балета паказала «Танцы» — тры аднаактовыя балеты ў пастаноўцы галоўнага харэографа тэатра Ігара Колба. Менавіта ён павінен напрыканцы лістапада прадставіць першую прэм’еру новага тэатральнага сезона — балет Чайкоўскага «Шчаўкунок». 

— Вялікі тэатр Беларусі мае некалькі версій гэтага спектакля. Самая папулярная, што доўга ідзе, — Валянціна Елізар’ева. Была яшчэ пастаноўка Аляксандры Ціхаміравай. Цяпер рыхтуем новы варыянт. Сама назва выклікае ажыятаж: на паказы ў лістападзе і снежні практычна раскуплены білеты, — распавяла Кацярына Дулава, генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі. — Другая прэм’ера сезона адбудзецца ў сакавіку. Гэта адна з жамчужын Джузэпэ Вердзі, опера, якая была ў нашым рэпертуары, але надоўга сышла, — «Набука». Адзін з ранніх узораў творчасці Вердзі, але вельмі ўдалы, яркі. Мы шчаслівыя, што гэты спектакль нам прапанаваў да пастаноўкі італьянскі рэжысёр Джанкарла дэль Монака, які за апошні год заявіў аб сабе ў расійскай прасторы. Але заключылі дамову раней, чым ён стаў працаваць з расійскімі тэатрамі: арганізацыйна-падрыхтоўчы перыяд расцягнуўся, а ў Марыінскім тэатры ён за гэты час паставіў «Рыгалета» і «Травіяту». У рэжысёра свой погляд на тое, якім павінен быць спектакль «Набука», версій у яго шмат, у тым ліку ўльтрасучасных. У выніку перамоў мы прыйшлі да пагаднення, што гэта будзе класічная версія, але з асаблівым прачытаннем у частцы сцэнаграфіі. Акрамя таго мы ўпершыню паспрабуем звярнуцца да оперы эпохі барока. У нас барочная музыка перажывае сапраўдны рэнесанс, мае значэнне не толькі ўвага да аўтараў, але і тое, на якіх інструментах іграць і якімі галасамі спяваць. 

У малой зале мы вырашылі паспрабаваць паставіць оперу Георга Фрыдрыха Гендэля «Аціс і Галатэя». Паспрабуем зрабіць гэта ў межах Мінскага міжнароднага каляднага опернага форуму, які адбудзецца ў снежні.

Форум — адзін з тых праектаў, якія публіка любіць. Сёлета госцем будзе Самарскі акадэмічны тэатр оперы і балета імя Д. Шастаковіча з операй Сяргея Слонімскага «Майстар і Маргарыта». Свае спектаклі — «Яўгена Анегіна» і «Арлеанскую дзеву» — пакажуць з запрошанымі салістамі. На закрыццё — гала-канцэрт лаўрэатаў міжнароднага конкурсу вакалістаў імя М. Глінкі.

Але яшчэ раней, у кастрычніку, «Арлеанскую дзеву» пакажуць на сцэне Вялікага тэатра Расіі, дзе наша трупа будзе ўдзельнічаць у міжнародным фестывалі «Бачыць музыку». Таксама ў гэтым сезоне працягнецца праект «Жыццё ў прафесіі» — такім чынам прадставяць народных артыстаў — юбіляраў, лёс якіх звязаны з беларускім балетам. Да балетнага форуму задумалі «зняць пыл» з ўлюбёнай многімі пастаноўкі — балета «Баядэрка» Л. Мінкуса. У новым сезоне балетную трупу папоўнілі 20 маладых спецыялістаў, для іх гэта будзе новы досвед. Тэатр, нягледзячы на спецыфіку і асаблівасці працы на вялікай сцэне, бярэ ўдзел у праекце «Культурная карта», які дае магчымасць убачыць высокае мастацтва ў малых гарадах і мястэчках. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю