Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння акадэміка Міхаіла Арсеньевіча Лазарука, аднаго са славутых літаратуразнаўцаў Беларусі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, аўтара і суаўтара больш за 200 навуковых і навукова-метадычных публікацый, які 50 гадоў жыцця аддаў справе развіцця народнай асветы нашай краіны. Любоў да Радзімы і роднай мовы былі тым стымулам, які даваў яму сілы для нястомнай самаадданай работы на ніве асветы.
Міхась Лазарук нарадзіўся 5 ліпеня 1926 г. у вёсцы Ушаловічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У сярэдзіне 1930-х гг., калі ў краіне пачаўся пошук «ворагаў народа», яго бацьку Арсенія Данілавіча арыштавалі і асудзілі на тры гады папраўчых работ. Дома засталіся чацвёра малалетніх дзяцей — старэйшаму Анатолю — адзінаццаць, Міхасю — дзевяць, Івану — пяць, а Косцю — усяго два гады. Жонка не перажыла навіну аб арышце мужа. Яе лёс трагічна абарваўся, і дзеці засталіся са старэнькай, хворай на падагру і радыкуліт бабуляй.
Сіроты зведалі і галечу, і голад. Добрыя людзі чым маглі дапамагалі дзецям выжыць. Ужо ў сталыя гады браты жартавалі, што ў дзяцінстве елі толькі белы хлеб з бульбы, падмешаны мякінай. Калі здараўся ў хаце чорны іржаны, то аддавалі яго малодшаму Косціку.
Па вяртанні бацька ажаніўся другі раз. У сям’ю прыйшла маладая вясковая жанчына, якая нарадзіла чатырох дзяўчынак і хлопчыка, але ніколі не па-
дзяляла дзяцей на «сваіх» і не «сваіх». Яе нельга назваць мачахай: сама — са шматдзетнай сям’і. Перажыўшы шмат пакут, яна ганарылася дзецьмі і шкадавала ўсіх аднолькава. Будучы непісьменнай, шчыра радавалася поспехам дзяцей у вучобе. Тыя стараліся. Лепш за ўсіх вучыўся Міхась. Ён ужо ў школьныя гады спрабаваў пісаць вершы, байкі, невялікія замалёўкі на беларускай і рускай мовах. Лепшыя творы друкаваліся ў слуцкай раённай газеце «За сацыялістычную Радзіму». Шмат маляваў, меў абсалютны слых, добра спяваў.
У 1940 годзе скончыў на выдатна Васілінкаўскую сямігодку і паступіў вучыцца ў Мінскі дарожна-механічны тэхнікум. Правучыўся год, пачалася Вялікая Айчынная вайна. Яму, пятнаццацігадоваму юнаку пашанцавала выбрацца з палаючага Мінска і пехатой за тры дні і ночы дабрацца да сваёй вёскі.
Калі споўнілася 18 гадоў, быў мабілізаваны ў армію. Курс маладога байца праходзіў у Мінску. На занятках па хімічнай абароне прынеслі і раздалі процівагазы і амуніцыю. Паступіў загад падпісаць процівагазы: да кожнага з іх была прымацавана дошчачка, на якой навабранцы павінны былі зрабіць надпіс. Міхась таксама дастаў з кішэні аловак і сабраўся падпісаць. Але нечакана ён прачытаў: «Лазарук А. А.». Ён адразу пазнаў Толеў почырк. Як трапіў да яго братаў процівагаз? Ён жа прызываўся ў Ленінградзе. Дзе ён цяпер? Што з ім? Ці жывы? Думкі маланкай праносіліся ў галаве. Чаму менавіта яму далі гэты процівагаз, а не каму-небудзь іншаму? У каго спытаць пра брата? Даўно ад яго не было лістоў. Бачыўся з ім толькі на вакацыях летам 1940-га... Сустрэліся браты толькі пасля заканчэння вайны.
Простым радавым салдатам-сувязістам Міхась прайшоў дарогамі вайны ад Мінска да Германіі. Спазнаў усялякія нягоды і жахі: мінныя палі, артабстрэлы, цяжкія баі, кантузію пад Варшавай, адмарозіў ногі на Одэры. У перыяд вулічных баёў у Берліне пад агнём праціўніка адрамантаваў больш за 50 абарваных тэлефонных ліній, забяспечыўшы сувязь з дывізіёнамі — і своечасовае адкрыццё агню. За што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Перамогу сустрэў у Берліне, дзе працягваў службу. Добра вывучыў нямецкую мову, чытаў творы ў арыгінале. Дэмабілізаваўся ў 1947 годзе. Ён ужо разумеў, чым будзе займацца.
Міхаіл Арсеньевіч паступіў на падрыхтоўчыя курсы пры педінстытуце імя А. М. Горкага. У канцы навучальнага года экстэрнам здаў на выдатна экзамены за сярэднюю школу і быў залічаны на першы курс філалагічнага факультэта, які скончыў у 1951 годзе, атрымаўшы дыплом з адзнакай. Адразу быў залічаны ў аспірантуру інстытута
У гэты час М. А. Лазарук пісаў вершы, замалёўкі. Два вершы «Будуем сталіцу» і «Марш фізкультурнікаў» былі пакладзены на музыку. Верш «Будуем сталіцу» стаў гімнам Мінска. Яго часта можна было пачуць па радыё. Міхаіл Арсеньевіч цікавіўся гісторыяй, культурай і мастацтвам розных народаў, таксама філасофіяй, эстэтыкай, рэлігіяй і медыцынай, займаўся фатаграфіяй.
У 1954 годзе з поспехам абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную творчасці П. Панчанкі. А праз некалькі гадоў на аснове дысертацыі была выдадзена кніга «Пімен Панчанка. Літаратурна-крытычны нарыс», якая мела вялікі рэзананс.
У гэты час Міхаіл Арсеньевіч пачынае актыўна спалучаць навуковую зацікаўленасць працэсамі нацыянальнай літаратуры з практычнай і навукова-тэарэтычнай дзейнасцю.
З 1959 да 1961 года быў у замежнай камандзіроўцы ў Польшчы, што сведчыла аб яго прафесіяналізме як літаратара і педагога. М. А. Лазарук чытаў лекцыі па гісторыі беларускай літаратуры ў Варшаўскім універсітэце.
Па вяртанні з камандзіроўкі Міхаіл Арсеньевіч напружана працуе ў галіне літаратуразнаўства. Адна за адной выходзяць манаграфіі «Станаўленне беларускай паэмы» (1966) і «Беларуская паэма ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя» (1970). Беларускай паэме была прысвечана доктарская дысертацыя. Адначасова ён з’яўляецца выкладчыкам педінстытута імя А. М. Горкага, дэканам факультэта, пазней прарэктарам па навуковай рабоце.
У гэты час выходзяць з друку яго кнігі па тэорыі літаратуры ў суаўтарстве з Аленай Якаўлеўнай Ленсу: «Пытанні тэорыі літаратуры», «Уводзіны ў літаратуразнаўства», «Тэорыя літаратуры ў школе».Новы этап яго навукова-педагагічнай дзейнасці пачаўся ў 1978 годзе, калі ўзначаліў навукова-даследчы інстытут педагогікі Міністэрства асветы БССР. Працаваў у інстытуце спачатку дырэктарам 20 гадоў, пасля — загадчыкам лабараторыі літаратурнай адукацыі з 1998 да 2000 года. У перыяд з 1981 да 1985 года пры асабістым удзеле М. А. Лазарука як аўтара і адначасова навуковага рэдактара выдадзены чатыры тамы гісторыі беларускай літаратуры (ад старажытных часоў да нашых дзён) і шмат іншых кніг. Прызнаннем яго заслуг перад педагагічнай навукай і народнай асветай з’явілася абранне яго правадзейным членам Акадэміі педагагічных навук СССР (1985).
Да апошніх дзён Міхаіл Арсеньевіч не пераставаў працаваць. Кансультаваў маладых навукоўцаў, выступаў апанентам па абароне дысертацый.
М. А. Лазарук узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі за вызваленне гарадоў Еўропы. За поспехі ў справе навучання і выхавання моладзі, актыўны ўдзел у навуковай і грамадскай рабоце Міхась Арсеньевіч узнагароджаны ордэнам Працоўнага чырвонага Сцяга, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалём Францыска Скарыны.
Тамара КЛЕПІКАВА
Фота з сямейнага архіва Міхася Лазарука