Top.Mail.Ru

Да 80-годдзя Алеся Марціновіча

18.08.2026 | 18:02
Пяро сталела спакваля

Некалі адну са сваіх літаратуразнаўчых кніг ён назваў даволі лаканічна — «Далучанасць». І гэтым нібы прадвызначыў увесь свой творчы шлях, моцна ўвязаўшы яго з развіццём і клопатамі ўсёй нашай літаратуры. Далучанасць для Алеся Марціновіча, які з надзвычай важкім творчым набыткам сустракае сёння сваё васьмідзесяцігоддзе, — гэта перш за ўсё сумленнасць. Толькі сумленнасць дазваляе яму ўсюды, да чаго далучаюцца яго пяро і сэрца, быць не суддзёй, а добрым суразмоўцам і дарадцам, а там, дзе патрэбна, прадчуваць, бачыць і разумець, але нідзе і ніколі нічога не навязваць, тым больш змушаць: дзесьці тактоўна падказваць, не трацячы пры гэтым веры ў магчымасці аўтара. Бо толькі наіўны не разумее, як шмат значыць для чалавека своечасовая і сардэчная падтрымка. Безумоўна, усё гэта ён улічвае, бо і сам сябе пачувае не толькі зацікаўленым крытыкам, але і сталым, засяроджаным празаікам. Ды і па той ранняй кнізе можна было калісьці зразумець, што перад намі з’явіўся не толькі абяцаны нашай літаратуры заклапочаны крытык-аналітык, а яшчэ і шчыры, з добрым лірычным і гумарыстычным ухілам удумлівы празаік.

Сын сельскіх настаўнікаў з вёскі Казловічы Слуцкага раёна, ужо са школьных гадоў ён быў начытаным, адчуваў вялікую цягу да кнігі. Таму і дарогу ў людзі пасля школы выбраў адпаведную: паступіў на філфак БДУ. І ў будучым чакаў яго лёс бацькоў — настаўніцтва. Але ўжо з трэцяга курса малады Марціновіч пераводзіцца на факультэт журналістыкі. Надта ўжо захацелася друкавацца. Ды і выступаць у друку ён пачаў яшчэ будучы школьнікам. Усё гэта і вырашыла яго далейшы творчы лёс. І ён, як і шмат хто з нас, пачынаў са сціплай раёнкі. Былі Драгічынская, Капыльская і Слуцкая райгазеты. А жыццё раённага газетчыка зусім не простае. Бо тут, як нідзе, трэба заўсёды, кажучы жартам, «з лесу ды адразу ў печ». На ўсё іншае часу ўжо амаль не застаецца. Ведаю тое, бо сам гэта паспрабаваў. Толькі, бывала, з’явішся з камандзіроўкі, і адразу садзішся за стол і пішаш тэрмінова радкі ў набор. 

Няма таго раёншчыка, які б не марыў вырасці ў знакамітага сталічнага газетчыка. Шчаслівы той, чыя мара ўжо на самым пачатку збываецца. Яму пашанцавала, і ён на доўгія гады звязаў свой лёс са штотыднёвікам «Літаратура і мастацтва». Працаваў спачатку карэспандэнтам аддзела літаратуры, а з 1981 года — загадчыкам аддзела інфармацыі. Гэтую пасаду да яго займаў старэйшы паэт Станіслаў Шушкевіч. Не ведаю, як адбілася такая акалічнасць на творчасці самога маладога Алеся. Недзе на той час выпала і маё знаёмства з маладым крытыкам Алесем Марціновічам. І пры першай жа сустрэчы выявілася, што мелі мы шчасце працаваць у адной і той жа Капыльскай раённай газеце, хоць і ў розныя гады. Адно ўжо гэта ў нейкай меры збліжала і надавала даверу. Ды і таварыскасці душэўнай Алесевай можна было пазайздросціць. Убачыў я ў ім чалавека простага, шчырага, без усялякіх там хітрыкаў і фанабэрыстасці.

На свой уласны літаратурны абсяг Алесь Марціновіч ступаў спакваля, шмат прачытаўшы літаратуры — і класічнай, і сучаснай, добра ўзважыўшы ўсё і выдатна арыентуючыся ў самім літаратурным працэсе. Пачынаў з кароткіх водгукаў і рэцэнзій на кнігі. Праца рэцэнзента, магчыма, самая няўдзячная, але заўсёды запатрабаваная ў кожным літаратурным выданні. Кажу пра тое, бо і сам у свой час працаваў загадчыкам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства ў часопісе «Полымя». Ведаю, як цяжка часам заказаць рэцэнзію на новую кнігу таго ці іншага аўтара. Ах, як не проста даваліся мне тыя ўгаворы-заказы на нейкую невялічкую рэцэнзію. Угаворшчыка з мяне так і не атрымалася, за што меў добрага прачуханца ад начальства. Алесь Марціновіч быў з самых лёгкіх на пад’ём аўтараў. У яго не было і няма нейкіх улюбёных творцаў. Але не знойдзеш у пераліку тых, каго заўважыў і пра каго ён пісаў, імён выпадковых. У яго полі зроку — не толькі пісьменнікі, даўно вядомыя ў краіне і за яе межамі, але і тыя, каго мы яшчэ як след не адкрылі для сябе, чыя творчасць даўно просіць увагі, чакае добрага і шчырага слова таварыша, калегі па пяры. Нібыта сабе самому, але і ўсім нам, яго чытачам, у артыкуле пра Івана Мележа ён скажа і пажадае: «Паспяшайся, браце, скажы добрае слова таму, хто яго заслугоўвае. Яно ні ў якім разе не будзе лішнім». Гэтае пажаданне — і ёсць жыццёвы і творчы прынцып самога пісьменніка Марціновіча. Творца ён сапраўды нястомны. Даводзілася чуць пра яго і кулуарнае, не столькі ўхвальнае, а, відаць, зайздрослівае: «Калі ён толькі паспявае пісаць?» Піша, паспявае. А калі і якім чынам — гэта ўжо ўласны і непарушны сакрэт самога аўтара. Ён — верны далучальнік і вяртальнік усяго вартага, забытага і не адкрытага. «Вунь колькі яшчэ імён чакаюць і просяць свайго вяртання», — падказвае нам памяць. І варты вялікай ухвалы той, хто чуе гэтую падказку!

Сённяшняму Алесю Марціновічу цесна толькі ў рамках аднае крытыкі. Але чаму толькі сёння? Ужо не адно дзесяцігоддзе ўдумлівы і нястомны пісьменнік плённа працуе ў галіне гістарычнай прозы. Гэта і ёсць тое самае вяртанне забытых імён праз дакументы ды сваё ўласнае асэнсаванне даўно забытых лёсаў, якія ўсё ж належаць нашай Бацькаўшчыне. Ці хто возьмецца аспрэчваць, што праца гэтая і ўдзячная, і патрэбная. І праз стагоддзі яна будзе запатрабаванай. І мала толькі самому разумець, трэба гэтае разуменне перадаць і нашым нашчадкам, бо нельга будаваць будучыню, не адчуваючы сваіх вытокаў. Ад вялікіх рэк трэба заўсёды вяртацца да маленькіх іх першакрыніц. Тады ніколі і не будзе рвацца часоў былых і новых сувязь.

«Даўно ўжо час разабрацца дасканала ў сваім нацыянальным радаводзе, — зазначае Алесь Марціновіч, — лепей спазнаваць багатую гісторыю 

Бацькаўшчыны. А зрабіць гэта можна, пазнаёміўшыся з жыццём нашых выдатных землякоў, хто ў розныя часы не толькі праслаўляў сваёй працай, сваім талентам Беларусь, а нярэдка аказваў уплыў на развіццё ўсяго чалавецтва». І зусім не хвалімся мы, вяртаючы сабе сваё, блізкае і далёкае. Гэта — гонар, а не пахвальба.

Усё, здзейсненае самім А. Марціновічам у гэтым сэнсе мне цяжка і пералічыць. Назаву тут двухтомнік яго цікавых і змястоўных нарысаў і эсэ «Хто мы, адкуль мы...», кнігі «Элегіі забытых дарог», «Птушкі з пакінутых гнёздаў», «Маладзік над заснежаным полем», «Пяшчота апалага лісця», «Успамін пра Будучыню»... У яго аўтарскай серыі «Гісторыя праз лёсы», адрасаванай школьнікам, больш за дзясятак важкіх тамоў. І ў кожным — па тры кнігі. Тут каля трохсот імёнаў. 

Вядома, зацікаўленасць гісторыяй роднага краю, краязнаўчая ўсюдыіснасць не з’яўляюцца самі па сабе. Часцей за ўсё яны ўзнікаюць ад начытанага, а то і ад прыроджанай дапытлівасці. І пэўна ж, спрыяла ўсяму гэтаму і тое, што нарадзіўся будучы пісьменнік у настаўніцкай сям’і. Але тут я ўжо нібыта намагаюся апраўдаць тое, што не патрабуе свайго апраўдання. Ён — пісьменнік, які даўно адбыўся і сцвердзіў сябе ў нашай літаратуры. Здаецца, і шчырасцю сваёй, адкрытасцю і паслядоўнасцю ён і на самай справе апраўдвае мой чытацкі давер. Ды чаму толькі мой? Усяе нашай літаратуры.

Мне прыемна, што ў яго нястомнай творчай хадзе ніколі не было прыпынкаў, застояў. Хада была заўсёды роўнай і ўпэўненай. Не скардзіўся ён і на нейкую няўвагу, амаль ніколі не згадваў пра сваё сумнае ды балючае. Як быццам ніколі і не сутыкаўся з ім. Ды не, скажа ён сам, так не бывае. А пра сваё асабістае ўсё ж адважыцца сказаць, але чамусьці ў гумарыстычнай кнізе «Былое, але не думы». Перафразаваўшы Герцэна, сваё былое А. Марціновіч звязаў не з думамі, а з нейкімі пэўнымі імгненнямі жыцця, надаўшы ім добрую гумарыстычную падсветку. У кнізе сустракаеш шмат знаёмых імёнаў нашых вядомых і невядомых творцаў. Рэдка дзе аўтар называе іх цалкам, замяняючы пачатковымі літарамі. Аднак жа як рэльефна, як дакладна выпісаны іх характары. Адшукаў я тут нават і сябе. І шчыра пасмяяўся, сцвердзіўшы: «Было!» (І шкада, што ўжо «былое»!) А пра сумнае толькі напрыканцы, і то штрыхамі. Гэта ў характары самога аўтара. А што тычыцца ўвагі да пісьменніка, дык тут, як здаецца мне, ён не пакрыўджаны, пра што сведчыць і званне заслужанага работніка культуры. 

Казімір КАМЕЙША

Фота Кастуся дробава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю