Top.Mail.Ru

Даўнія сустрэчы і добрыя ўспаміны

14.10.2026 | 16:26
З павагай да творцы

Зборнік «Я з таго пакалення» прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і з’яўляецца трэцяй часткай аўтарскай трылогіі (раней выйшлі кнігі «Водсвет далёкіх дзён» і «Памяць патрэбна жывым»). На жаль, з папярэднімі кнігамі мне не давялося пазнаёміцца, а вось трэцюю прачытала ад вокладкі да вокладкі не адзін раз. Памятаю, як у адзін з зімніх вечароў патэлефанаваў Браніслаў Іосіфавіч: «Волечка, ну хопіць ужо чытаць!». Я адказала: «Яшчэ адзін раз перачытаю, і сустрэнемся». Вельмі баялася падвесці старэйшага калегу: нешта прапусціць, не заўважыць. Калі нарэшце мы сустрэліся, каб абмеркаваць прапанаваныя мною праўкі, я паглядзела на Браніслава Іосіфавіча іншымі вачыма. Дагэтуль я ведала, хто ён і чым займаўся, але тую дэталь, што ён дзіця вайны — не вылучала для сябе. Колькі разоў ён прыходзіў да нас у офіс, колькі разоў сядзеў насупраць мяне, і мы размаўлялі пра жыццё-быццё, а я ні разу не зазірнула ў яго вочы. У іх дасюль жыве жах. Жах, уцягнуты ў яго сэрца дзіцячымі вачыма. Як гэта страшна! Усе восем дзясяткаў гадоў ён помніць дзень, калі тата пайшоў на фронт, калі ворагі спалілі родную вёску, і бачыць жудасны момант, калі паліцай з бела-чырвона-белай павязкай на рукаве пінжака махаў наганам перад тварам маці і пагражаў забіць яе сына — зусім малога Браніслава. Цяжка сабе ўявіць такія пакуты, а ён усё гэта бачыў і перажыў...


Як прыйшла на Радзіму бяда,

і мне напаткалася гора.

Нібыта было гэта ўчора,

як прыйшла на Радзіму бяда.

Знянацку напаў люты вораг —

Кроў лілася, нібыта вада.

Як прыйшла на Радзіму бяда,

і мне напаткалася гора.

«Трыялет бяды»

Кніга «Я з таго пакалення» падзелена на некалькі раздзелаў, і ў кожным з іх ідзе расповед пра вядомых у нашай вобласці (і не толькі) людзей. Дзякуючы кнізе Браніслава Іосіфавіча маем ўяўленне пра людзей, імёнамі якіх названы вуліцы, школы і бібліятэкі нашага горада. Так, напрыклад, імя Андрэя Макаёнка — беларускага драматурга, сцэнарыста, перакладчыка, рэдактара, народнага пісьменніка Беларускай ССР, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі Беларускай СССР — прысвоена Цэнтральнай гарадской бібліятэцы горада Гродна. Імем Аляксандра Дубко — дзяржаўнага дзеяча Беларусі, Героя Сацыялістычнай працы, Героя Беларусі — названа Гарадская гімназія горада Гродна. А яшчэ ім была заснавана стыпендыя Гродзенскага аблвыканкама для асабліва адораных юнакоў і дзяўчат, а таксама прэмія «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва», якая з 2001 года носіць яго імя. 

А закладзеная ў Гродне сакуравая алея, якая кожную вясну ўпрыгожвае светла-ружовымі кветачкамі наш горад, носіць імя Ільі Антонава — Героя Савецкага Саюза.

Яшчэ ў кнізе Браніслава Ермашкевіча я знайшла цікавыя факты. Вось, напрыклад, у біяграфіі Мікалая Абрамчука — Героя Савецкага Саюза — напісана, што маці яго памерла ад халеры, а праз 6 гадоў пайшоў з жыцця і бацька. У 8-гадовым узросце Мікалай застаўся сіратой. Быў адпраўлены ў прытулак, а пазней забяспечаны працай на заводзе.

Рабочыя добра паўплывалі на Мікалая, і ён, без адрыву ад працы, скончыў школу пры заводзе, а потым і рабфак. 

У 1932 годзе па камсамольскай пуцёўцы завода паступіў у ваеннае вучылішча лётчыкаў у горадзе Энгельс. Мне вельмі спадабаўся наказ, які далі яму рабочыя завода: «Ляці, але памятай, хто даў табе ключы ад неба!». 

У апошнім раздзеле кнігі размешчаны вершы Браніслава Іосіфавіча. 

Усе яны пра жыццё — мінулае, сучаснае і будучае. У кожным вершаваным радку жывуць не проста словы, а пачуцці, думкі і наказы чалавека, які прайшоў вялікі жыццёвы шлях. 16 жніўня Браніславу Іосіфавічу споўнілася 89 гадоў. За плячыма шмат дарог, спраў, дасягненняў, але ён застаецца чалавекам таго пакалення, якое ведала, што самае галоўнае — гэта мір і павага аднаго чалавека да другога.

Паспрыяў лёс садоваму цвету —

Цёплы дождж ліўся мірнай вясной,

і здавалася, змые са свету,

што наследжана лютай вайной.

Калі ўзяць усе горкія слёзы

з тых нягод, што наш люд прыцярпеў —

ні палі, ні сады, ні бярозы

той вады не хацелі б цяпер.

Крыжаваліся, Бога малілі,

Каб даў сілы ў змаганні з бядой,

Каб аблокі абсяг напаілі

не слязою, а цёплай вадой.

Дождж вясны сорак пятага года

стаў для мірных садоў навізной.

Мабыць, змые калісьці прырода,

Што наследжана лютай вайной. 

«Садовы цвет»

Вольга АЛІЗАР

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю