Чарговая кніга аўтабіяграфічнага рамана «Трудные дороги жизни» народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца «Всё в руках Божьих» (літаратурная апрацоўка Алены Чаргінец), якая толькі што пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда», па змесце бліжэй сучасніку. Ва ўсякім разе многае з таго, пра што апавядаецца ў ёй, знаёмае і зразумелае сярэдняму і старэйшаму пакаленню.
Падзеі ахопліваюць перыяд з 2002 да 2004 года, калі Мікалай Іванавіч, па-ранейшаму займаючыся плённай літаратурнай дзейнасцю, узначальваў Пастаянную камісію Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і бяспецы, Камісію Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях знешняй палітыкі, а таксама быў дэлегатам Рэспублікі Беларусь у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Вырашаючы важныя дзяржаўныя справы, пабываў у многіх краінах. У асобныя з іх наведваўся і для таго, каб лепш спазнаць, як кажуць, свет і людзей. Геаграфія яго паездак агромністая: Марока, Польшча, Турцыя, Ліван, Кіпр, Чылі, Бразілія, Вялікабрытанія, Мексіка — толькі асобныя з іх.
Перад усім былі дзяржаўныя інтарэсы. Рабіць даводзілася шмат, аднак, хоць і было няпроста, яго намаганні былі падмацаваны трывалай асновай. Калі ў іншых былых савецкіх рэспубліках назіралася няўпэўненасць у будучыні, «белорусам повезло больше: в 1994-м народ выбрал сильного лидера, что и предопределило дальнейшую судьбу нашей страны. Большое видится на расстоянии, и сегодня все думающие люди понимают, что Александр Лукашенко отодвинул Беларусь от пропасти». Гэта не значыць, што праблем не існавала. Нават ва ўзаемаадносінах з братняй Расіяй, з якой была створана Саюзная дзяржава. Размова пачынаецца з таго моманту, як у пачатку 2002 года Прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сумесным распараджэннем стварылі беларуска-расійскую рабочую групу па падрыхтоўцы праекта Канстытуцыйнага акта Саюзнай дзяржавы. Гаворка пра тое, як яна працавала, з якімі праблемамі сутыкнулася, — гэта як летапіс тых, ужо даўніх, падзей.
Паколькі гэтае сведчанне не іх відавочцы, а актыўнага ўдзельніка, тое, пра што апавядаецца, ужо ўспрымаецца фактам гісторыі. Несумненна, будучыя даследчыкі, якім давядзецца непрадузята іх асэнсоўваць, не абыдуцца і без сведчанняў Мікалая Іванавіча. Не толькі па гэтым пытанні, а і па іншых, звязаных з яго грамадска-палітычнай дзейнасцю.
Не абышоў ён і пытанняў творчай дзейнасці: «В ежедневной сутолоке дел я не забывал и о Союзе писателей. Наблюдая за происходящим, я видел, что большинство членов Союза стоят на позициях творчества и созидания. В то же время у многих, как у значительной части творческих людей, в характере присутствуют элементы фантазии, романтики, и, конечно же, у каждого в душе — мания своего величия, значимости и даже самолюбование». Прынамсі, Ніл Гілевіч, які, стаўшы старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі, «забранзавеў», пра што Васіль Быкаў пісаў Мікалаю Іванавічу ў адным з лістоў у Афганістан, дамагаўся, каб Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь стаў верш Наталлі Арсенневай «Магутны Божа».
І гэтым разам Мікалай Іванавіч не мог не ўспомніць пра Васіля Быкава. Згадваў пра іх шчырыя ўзаемаадносіны і раней. З павагай да таленту гэтага выдатнага пісьменніка сучаснасці, а ў Беларусі па-сапраўднаму народнага. Сяброўствам з творцам ганарыўся. Ды і Васіль Уладзіміравіч, прынамсі, як сведчаць яго лісты, якія былі пасланы ў Афганістан, дзе тады Мікалай Чаргінец выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак, цаніў гэтую дружбу. На жаль, усе мы не вечныя. Прыйшоў час развітання з Васілём Уладзіміравічам. Дзякуючы Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь
Аляксандру Лукашэнку ўсё было зроблена для таго, каб пахаванне прайшло на афіцыйным узроўні. Месца вечнага спачыну выбралі на Усходніх могілках, дзе знаходзяцца магілы самых выдатных людзей краіны. Ды шмат каму і ў гэты жалобны час, няхай даруе Васіль Быкаў на тым свеце, не столькі ён неабходны быў, колькі пахаванне як палітычная акцыя. Мікалай Іванавіч называе імёны тых, хто меў да яе дачыненне. У кнізе са сцэнаграфічнай дакладнасцю гаворыцца, што і як кожны з «пратэстантаў» гаварыў. Сказанае зводзілася да аднаго
і таго ж: усё не так. Памяць Мікалая Чаргінца не падвяла. Ды нездарма кажуць, што Бог усё бачыць. Калі знайшліся тыя, хто пачаў крычаць, што пахаванне трэба арганізаваць без удзелу ўлады: «Громче всех кричал Буравкин: давайте, мол, устроим митинг протеста, и тут портрет (Васіля Быкава — А. М.) падает на пол, и стекло — вдребезги! „Вот, видишь, даже Василь за Чергинца!“ — сказали более холодные головы».
Знаходзячыся ў Мексіцы, Мікалай Іванавіч наведаў піраміду Сонца. Гэта самая буйная пабудова горада Тэатыуакан і адна з найбольш буйных у Мезаамерыцы. Размешчана на так званай Сцяжыне Мёртвых паміж пірамідай Месяца і Цытадэллю ў цені масіўнай гары Сьера-Горда і займае частку вялікага храмавага комплексу. Паводле міфа, у гэтым квадраце назіраюцца магутныя сонечныя выпраменьванні. Але, «всем, кто поднялся на вершину, жрецы предлагают встать в этот квадрат и взяться за руки», не зважаючы на тое, што пасля гэтага з многімі адбываюцца сардэчныя прыступы, а некаторыя страчваюць прытомнасць. Усё ж магчымасць палюбавацца вышынёй прымушае забываць аб небяспецы. З усімі пайшоў і Мікалай Чаргінец. Але пасля гэтага ўзыходу заўсёды хваравіта рэагуе на магнітную буру. З усмешкай прызнаецца: «Так что не ходите, братцы, в квадрат на вершине Пирамиды Солнца в Мексике!»
У гэтым узыходжанні ёсць важны момант: ён хацеў не проста не адставаць ад іншых, не проста не баяўся цяжкасцей, а быў там, дзе цяжэй, бо такі ўжо характар мае — яшчэ з таго часу, калі пачаў служыць у органах унутраных спраў, ды і раней. Што ўжо казаць пра Афганістан. Дзяржаўная служба — свае выпрабаванні. Бясспрэчна, ва ўсім гэтым аснова асноў — прафесіяналізм. Ён мае і іншыя якасці, найперш чалавечыя. Якія? Чытайце аўтабіяграфічны раман і здагадаецеся. Глыбокі сэнс набывае назва кнігі. Выраз «усё ў руках Божых» азначае, што нішто ў свеце не адбываецца без волі Усявышняга. Усё знаходзіцца ў Яго ўладзе. На зямлі праяўляецца дзеянне Яго законаў. Тое, што Бог кажа, абавязкова будзе зроблена і ажыццёўлена. І ніхто не можа гэта змяніць. Незалежна ад таго, што сказаў Ён раней ці скажа ў будучыні, чалавеку важна памятаць гэта і быць дастойным Яго запаветаў.
Так і жыве народны пісьменнік Мікалай Чаргінец. Яго раман «Трудные дороги жизни» — у пэўнай ступені дапаўненне да іншых яго мастацкіх твораў.
Не толькі прысвечаных будням міліцыі, звязаных з афганскімі падзеямі, дзе многае ўзята з асабістага жыцця, а і ўвогуле такіх, дзе прысутнасць аўтара асабліва адчувальная. Шматграннасць жыцця выяўляюць шматлікія ілюстрацыі, змешчаныя ў кожным з тамоў. Шмат іх і ў томе «Всё в руках Божьих». Істотным дапаўненнем выглядаюць не толькі тыя, што змешчаны побач з тэкстам, а і ў канцы кнігі, а таксама факсіміле некаторых лістоў, атрыманых Мікалаем Іванавічам з рознай нагоды. Сярод іх — падпісаныя ў сувязі з днём нараджэння Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь
Аляксандрам Лукашэнкам. Такія віншаванні атрымліваў і ад народнай артысткі Людмілы Зыкінай, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. Сам жа як старшыня Асацыяцыі работнікаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак за межамі СССР, выходзіў на былога Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Барыса Ельцына...
Сёння ў Мікалая Іванавіча чарговы дзень нараджэння. Віншуем яго!
Алесь МАРЦІНОВІЧ