Top.Mail.Ru

Даведаліся, чым быў адметны мінулы тэатральны сезон у Магілёўскім абласным драматычным тэатры

12.08.2026 | 19:32
Тэатр пайшоў на канікулы

Магілёўскі абласны драмтэатр зноў запрасіў на прэм’еру. На сцэне — лірычная камедыя па п’есе савецкага пісьменніка Валянціна Катаева «Пара кахання». І, хто б сумняваўся, поўны аншлаг. Апошнім часам тэатр прываблівае публіку цікавымі пастаноўкамі і смелымі эксперыментамі. Іх хапала і ў гэтым — 138-м па ліку — тэатральным сезоне. Больш падрабязна пра іх і не толькі ў нашай размове з дырэктарам тэатра Вольгай Кузняцовай.

На любы густ і ўзрост

Завяршэнне тэатральнага сезона — рэч адказная. Трэба зачапіць гледача і запоўніць прыемнымі эмоцыямі яго падсвядомасць: каб не сумаваў да пачатку новага сезона. Гэтым разам дапамог Валянцін Катаеў. Яго п’еса, напісаная ў 1962 годзе, і цяпер актуальная. Бо яна пра каханне. Няхай і крыху жартаўлівая. 

— Спектакль створаны ў рамках Міжнароднага супрацоўніцтва з Федэральным праектам «Развіццё культурнага дыялогу» пры падтрымцы Міністэрства культуры РФ і АНА «Рускія сезоны», — удакладняе Вольга Кузняцова. — У якасці рэжысёра-пастаноўшчыка выступіла Надзея Новікава, работы якой сёння збіраюць поўныя залы і высока ацэньваюцца тэатральнымі экспертамі. Мы вырашылі зрабіць гледачам падарунак і запрасілі яе да нас. 

Наогул, драмтэатр сёлета істотна абнавіў свой рэпертуар і, дзякуючы беларускаму рэжысёру Ігару Казакову, нават паэксперыментаваў з лялькамі. Да 138-годдзя ўстановы, якое тут адзначалі ў маі, Казакоў паставіў «Тры мушкецёры» па вядомым творы Аляксандра Дзюма, але з праекцыяй на сёння. Спектакль невыпадкова назвалі выбухам эмоцый. Канстанцыя, якая валодае баявымі прыёмамі, Д’Артаньян на ровары замест каня, лялечны джаз-бэнд на даху сучаснага павільёна ў парку, дзе дворнікі збіраюць апалую лістоту, — нават Дзюма разгубіўся б ад такіх нечаканасцей. Але Ігар Казакоў не баіцца эпаціраваць публіку, і ў яго гэта добра атрымліваецца.

У 80-ю гадавіну пачатку вайны і гераічнай абароны Магілёва тэатр не змог не закрануць трагічную старонку ў гісторыі нашай краіны. П’еса беларускага драматурга Андрэя Макаёнка «Трыбунал» у пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Камілі Хусаінавай стала таксама своеасаблівым адкрыццём. Сімвалы, алегорыі, рэжысёрскія знаходкі — усё ў спектаклі літаральна крычыць: «Людзі, беражыце мір, бо ён вельмі крохкі і безабаронны!»

— Усяго за сезон адбылося пяць прэм’ер, у тым ліку і дзіцячых, — падсумавала кіраўнік тэатра. — З’явіліся такія чароўныя спектаклі, як «Дванаццаць месяцаў», «Алёнка і чароўная запалка». 

Са знакам якасці

Калі азірнуцца на падзеі гэтага года, можна смела казаць, што званне заслужанага калектыў тэатра носіць недарма. На тэатральным фестывалі «Белая Вежа» ў Брэсце пастаноўка «Гульцы» атрымала дыплом «Лепшы спектакль малой формы». Спектакль «Бяда ад далікатнага сэрца» прыйшоўся даспадобы прыхільнікам фестывалю «Руская класіка» ў Арле: магілёўскія артысты вярнуліся з яго з прызам глядацкіх сімпатый і чатырма спецдыпломамі. А на фестывалі «Паўночныя сустрэчы» ў Ніжневартаўску з поспехам прайшоў спектакль «Без пудры». Журы адзначыла яго дыпломам «За гуманістычныя адносіны да жанчыны». Не засталася незаўважанай і дынамічная пастаноўка Сяргея Фядотава «Жаніцьба. Фантасмагорыя». Яна атрымала дыплом лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

Магілёўскі абласны драмтэатр добра ведаюць у Расіі, бо ён не толькі гастралюе па гарадах краіны-суседкі, але і ўстанаўлівае кантакты з расійскімі калегамі. Нядаўна было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Екацярынбургскім ТЮГам. 

Усе тэатры ў госці да нас

У Магілёў з задавальненнем едуць артысты розных беларускіх і расійскіх рэгіёнаў. Сёлета драмтэатр прымаў на сваёй сцэне Гомельскі абласны драмтэатр, Тэатр драмы і камедыі з Бабруйска, Смаленскі камерны тэатр, Бранскі тэатр драмы, Ладэйнапольскі драмтэатр, Екацярынбургскі ТЮГ, Буінскі дзяржаўны драмтэатр... Як заўсёды шмат калектываў сабраў Міжнародны маладзёжны тэатральны форум M.@rt.кантакт, які праходзіў сёлета 19 раз.

— Гэты фестываль — брэнд Магілёва і гонар усёй тэатральнай прасторы нашай краіны, — удакладняе Вольга Кузняцова. — У наступным годзе будзем адзначаць яго 20-годдзе, абяцаем, што яно стане запамінальным. Што датычыцца новага сезона, то ён таксама будзе насычаны на падзеі. Ужо ў верасні да нас прыязджаюць вядомыя артысты аперэты і мюзікла з Масквы Аляксандр Пяскоў і Яраслава Пракоф’ева з музычнай камедыяй «Пігмаліён і Галатэя», а таксама Смаленскі камерны тэатр, які парадуе сваёй шыкоўнай «Ханумой».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва тэатра

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю