Якраз і нагода з’явілася. У Выдавецкім доме «Звязда» выйшла яго новая кніга «Дом на воде». Чарговая з тых, што ёсць на творчым рахунку. Іх жа ў Валерыя Аркадзьевіча звыш 50. Агульны тыраж, асабліва для дня сённяшняга, унушальны — перавышае 750 тысяч асобнікаў. Адметна і тое, што з напісаным ім і дарослым чытачам цікава пазнаёміцца. Галоўнае, што ўсё гэта не «прадукцыя», пастаўленая на паток. Нават калі часам абыгрываюцца вядомыя сітуацыі, у іх абавязкова кожным разам прысутнічае нешта новае. Яно і не можа быць не арыгінальным, бо Валерый Кастручын — лаўрэат міжнародных літаратурных прэмій імя Віталія Біянкі і Пятра Яршова. У яго такі ўласны досвед назірання за прыродай, што застаецца толькі пісаць і пісаць. Дарэчы, пра гэта і апавядае ў пачатку кнігі «Дом на воде», перш чым перайсці да асноўнага зместу.
Матэрыял пазначаны як «замест прадмовы». Ён невыпадкова названы «Не за тридевять земель». Гэтыя развагі цікавыя тым, што Валерый Кастручын звяртаецца і да сваёй біяграфіі. Нарадзіўся ў горадзе Фаставе на Украіне, жыў з бацькамі ў Варкуце, Алтайскім краі, Казахстане. Прага падарожжаў вабіла з ранніх гадоў, а ў Беларусі гэтаму спрыяла яго журналісцкая праца. Шмат дзе пабываў, а выснова такая: «И вот то главное, что я вынес в каком-то смысле пилигримом и странником на этой земле: за сказкой далеко ходить не надо, она не за тридевять земель, как некоторые думают, а совсем рядом! Спряталась в ветвях трехсотлетнего дуба, за излучиной реки, в тумане за деревенской околицей, на заросшем пустыре, над которым жужжит мохнатый шмель и порхает, как живой цветок, бабочка...»
Гэтае «не за тридевять земель» пацвярджаюць і выпадкі, што адбыліся з ім і яго сябрамі ў маленстве. Сітуацыі, у якія яны траплялі, у нечым падобныя са сталеннем іншых хлапчукоў. Безумоўна, сённяшнім дзецям тое, што расказваецца ў аповесці «Уша — мая душа», у многім падасца неверагодным. Напрыклад, як сябры заспрачаліся, хто з іх далей праплыве пад вадой. Дадумаліся нават да своеасаблівага скафандра, якім стаў надзеты на галаву чыгун. Шмат і іншых момантаў, што з’яўляюцца свайго роду адкрыццём адкрытага, бо раней дзеці, не маючы такіх забавак, як сёння, самі стараліся штосьці прыдумаць. Ды што дзеці…
У прадмове Валерый Кастручын апавядае і пра сваё першае падарожжа. Не куды-небудзь, а да самага сіняга мора вырашылі адправіцца. Тым больш што для гэтага з’явілася нагода. Бацька падарыў сябру Сашку двухмесную гумавую лодку. А Валерый атрымаў ганарар за матэрыял, які змясціў часопіс «Костер», што выходзіў у Ленінградзе. За яго купіў прыгожую палатку. Да мора па Нёмане, канешне, было няблізка, таму вырашылі крыху запасціся прадуктамі. Узялі тушонку, кавалак сала. У дадатак — вудачкі, жарліцы — так, як вядома, называецца снасць для лоўлі драпежных рыбін. Дарэчы, у гэтым выпадку, як і ў іншых, незразумелыя словы тлумачацца, што для юных чытачоў зручна. Не трэба пытацца ў дарослых ці шукаць тлумачэнне ў камп’ютары. Ды толькі падарожжа было нядоўгім: «По Нёману мы за три дня доплыли из Столбцов до Любчи, посмотрели там на развалины старинного замка и на автобусе вернулись домой». А ўсё з-за нявопытнасці. Злоўленых шчупакоў не схавалі, ноччу іх ці варона забрала ці нехта яшчэ. На заўтра была іншая непрыемнасць: «< > никому из нас не стукнуло в голову, что солнце уже поднялось высоко и что надо было бы выпустить воздух их туго надутой резиновой лодки». Яна «нагревшись на солнце, напомнила о себе оглушительным хлопком».
Не абыходзіць Валерый Кастручын і аповеду пра тое, што, умоўна кажучы, знаходзіцца «за тридевять земель».
У кнізе выбранае з яго падарожжаў за межамі Беларусі. Пра адну з такіх паездак гаворка ў аповесці «Желтая река». Чаму яна жоўтая, чытачы даведаюцца крыху пазней. А спачатку гэта будзе загадкай. Заінтрыгуе і іншае: чаму сябры, а твор ён прысвячае свайму сябру казачніку Юрыю Савіну («это он сочинил знаменитые сказки про Динозаврика, Мурлокотама и реактивного поросенка, которые стали потом героями люимых ребятами мультфильмов»), выбралі менавіта гэтую паездку. Высвятляецца, што ўсё адбылося наўгад. Юра на геаграфічнай карце знайшоў «маленькую черную точку — Оус. Что это такое, мы не знали. И решили отправиться в далекое путешествие».
Оус, як высветлілася, — пасёлак у Свярдлоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. З мовы мансі яго назва перакладаецца як жоўтая вада. Чаму жоўтая? Ды таму, што яна сапраўды жоўтая. Праўда, гэтая невялікая народнасць пакінула тамашнія мясціны, прайшлі ў глыб тайгі, а ў пасёлку жылі лесарубы, леснікі, газавікі. Зусім не белай плямай аказаўся Оус. А калі разабрацца... «Это ведь для тех, кто здесь живет и работает, все известно, все привычно. А для нас разве не удивительно, что вода в колодце желтая?! Что на тропинке, по которой мы идем, четко видны звериные следы?! Что посреди тайги стоит маленькая избушка и живет в ней дедок, который собирает живицу — смолку с сосен?! И не боится один в тайге?..»
Цуд ці не на кожным кроку... Але калі ўважліва прыгледзішся да таго, што робіць Валерый Кастручын і ў чым чытачам дапамагае — нічога незвычайнага. Вада хоць жоўтая, ды лесам пахне. Дзе яшчэ такую напаткаеш?! Звер не кране цябе, толькі не чапай яго.
А дзед Афінаген, па-мясцоваму Афонька — сапраўдны народны самародак.
З ім пагаварыць — такія бакі жыцця адкрыць, якіх больш нідзе не знойдзеш. Ды мала ў якіх кніжках прачытаеш. Хіба толькі ў гэтай. Апавяданні «Гроза над горой Медной», «Салехард», «Дом на воде» — таксама адкрыццё невядомага, якое, дзякуючы назіральнасці і таленту Валерыя Кастручына, становіцца вядомым.
У кнізе «Дом на воде» прываблівае не толькі тэкст, які месцамі гучыць паэзіяй у прозе. Малюнкі, выкананыя вядомым мастаком Валянцінам Макаранкам, — добрае дапаўненне. Традыцыйныя ў сваёй аснове, яны вельмі пасуюць гэтаму аповеду, у якім усё падначалена таму, каб юны чытач адчуў, што прырода — гэта радасці нагода. Адпачынак у яе абдымках, а яшчэ сустрэчу па магчымасці з яе насельнікамі ніякімі камп’ютарнымі гульнямі не заменіш.
Алесь МАРЦІНОВІЧ