Top.Mail.Ru

Дзяніс Езерскі:«Кніжны рынак Беларусі дастаткова вялікі, канкурэнцыя высокая»

Аўтар: Ірына Прымак
16.03.2026 | 09:31

Літаральна некалькі дзён застаецца да галоўнай падзеі ў кніжным жыцці нашай краіны. Усе, хто нейкім чынам мае дачыненне да прыгожага пісьменства, аматары літаратуры ўжо чакаюць XXXIII Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш, якая сёлета пройдзе 17–22 сакавіка. Чым будзе адметная выстаўка, чытачам «ЛіМа» распавёў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Езерскі.

— Дзяніс Уладзіміравіч, сёлетняя кніжная выстаўка прысвечана 35-годдзю Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Як гэтая тэматыка будзе адлюстравана ў праграме і кніжным асартыменце?

— Адной з цэнтральных тэм выстаўкі гэтага года сапраўды стане 35-годдзе Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Рашэнне аб вызначэнні цэнтральнай тэмы было падтрымана на пасяджэнні Міждзяржаўнага савета па супрацоўніцтве ў галіне перыядычнага друку, кнігавыдання, кнігараспаўсюджвання і паліграфіі і ўключана ў План прыярытэтных мерапрыемстваў у сферы гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД і План мерапрыемстваў, прысвечаных 35-годдзю Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Для прэзентацыі кожнай з дзяржаў — удзельніц Садружнасці будзе выдзелена выставачная прастора, на якой плануецца размясціць фатаграфіі славутасцей, помнікаў, іншых аб’ектаў, а таксама найбольш знакавыя кнігі. 

У межах кожнага дня выстаўкі-кірмашу пройдуць прэзентацыі, якія будуць прысвечаны кожнай дзяржаве — удзельніцы СНД. Паводле папярэдняга графіка, 17 сакавіка — Беларусь, 18 сакавіка — Азербайджан, Туркменістан і Казахстан, 19 сакавіка — Кыргызстан і Таджыкістан, 20 — Узбекістан, 21 сакавіка — Расія, 22 сакавіка — Арменія і Малдова. У межах кожнай прэзентацыі будзе прадстаўлены культурны і літаратурны патэнцыял краіны, таксама адбудуцца прэзентацыі кніг і сустрэчы з аўтарамі. 

Выдавецтвамі сістэмы Міністэрства інфармацыі выпушчаны дзве кнігі, якія таксама прысвечаны 35-годдзю СНД. У «Мастацкай літаратуры» — кніга «Казкі народаў СНД», вельмі маляўнічае, цікавае выданне, а ў выдавецтве «Беларусь» — зборнік «Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў СНД». Запрашаем далучыцца да прэзентацыі гэтых выданняў у межах выстаўкі! 

— 2026-ы абвешчаны Годам беларускай жанчыны, што, вядома, паўплывае і на характар сёлетняй выстаўкі. Распавядзіце, калі ласка, падрабязней пра гэта.

— Тэме Года беларускай жанчыны будзе прысвечаны асобны выставачны стэнд, работу якога мы арганізуем сумесна з Беларускім саюзам жанчын і Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Там будуць прадстаўлены кнігі аб жанчынах і для жанчын, пройдуць прэзентацыі, сустрэчы, аўтограф-сесіі з вядомымі беларускімі пісьменніцамі, грамадскімі дзеячамі. 

— Падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу будзе прадстаўлены шэраг навінак. А якая, на ваш погляд, ідэальная кніга?

— Безумоўна, кожнае выдавецтва штогод імкнецца паказаць свае навінкі, найлепшыя кнігі, здзівіць чытача. Кніжны рынак Беларусі дастаткова вялікі, канкурэнцыя высокая. За мінулы год у нас выйшла ў свет больш за сем тысяч кніг і брашур накладам 18 мільёнаў 198 тысяч экзэмпляраў. Акрамя таго, выстаўка мае міжнародны статус, на ёй будуць прадстаўлены кнігі практычна з 23 краін свету. І кожны наведвальнік знойдзе нешта для сябе. Паняцце «ідэальная кніга» ў кожнага сваё... Паводле сацыяльнага даследвання, выбарам кніг 88,9 % працэнта рэспандэнтаў займаюцца самастойна, не арыентуючыся на рэкламу і меркаванні блізкіх.

— Ці прыедзе ў Мінск так званы кніжны цягнік з вялікім «дэсантам» папулярных расійскіх пісьменнікаў? І калі так, хто будзе сярод гасцей?

— Кніжны цягнік сёлета не прыедзе, але ўсё роўна ўдзел у выстаўцы возьмуць шмат расійскіх аўтараў, некаторыя з іх, канешне, таксама прыедуць цягніком. У склад расійскай дэлегацыі ўвайшлі пісьменнікі, лаўрэаты найбуйнейшых расійскіх літаратурных прэмій: празаік, кінадраматург, лаўрэат прэміі «Ясная Паляна», фіналіст прэмій «Нацыянальны бэстселер» і «Вялікая кніга» Андрэй Рубанаў; доктар філалагічных навук, даследчыца славянскага фальклору, пераможца спецыяльнай намінацыі «Выбар чытачоў» прэміі «Вялікая кніга» 2025 года Алена Леўкіеўская; празаік, член Саюза пісьменнікаў Расіі, лаўрэат «Вялікай кнігі» 2025 года ў намінацыі «Мастацкая проза», прэміі «Новыя гарызонты», прэміі імя Бажова, імя Крапівіна і многіх іншых Эдуард Веркін; празаік, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі імя Граніна 2025 года, пераможца спецыяльнай намінацыі «Выбар пакалення» прэміі «Вялікая кніга» 2025 года, член Экспертнага савета Літаратурнай прэміі «Ліцэй» імя Аляксандра Пушкіна з 2024 года Ілья Качаргін; празаік, пераможца ў спецыяльнай намінацыі «Выбар чытачоў» прэміі «Вялікая кніга» 2024 года, прэміі «Новыя гарызонты» Дар’я Бабылёва; паэтэса, празаік, лаўрэат прэміі «Ліцэй» у намінацыі «Паэзія» 2023 года і фіналіст «Ліцэя» ў намінацыі «Проза» 2025 года,лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі «Слова» па выніках 2025 года Варвара Заборцава. У суботу ў выстаўцы возьме ўдзел знакамітая расійская пісьменніца Дар’я Данцова, імя якой таксама прыцягвае ўвагу да гэтай падзеі.

— У межах выстаўкі традыцыйна праходзіць сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». У чым будзе яго асаблівасць сёлета?

— Правядзенне XI Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час» з удзелам паэтаў, празаікаў, крытыкаў, публіцыстаў, грамадскіх дзеячаў дзяржаў-удзельніц СНД запланавана на 17 — 18 сакавіка 2026 года Сёлета пленарнае пасяджэнне сімпозіума на тэму «Агульная гуманітарная прастора СНД як сродак супрацьдзеяння выклікам сучаснасці» пройдзе 17 сакавіка, акрамя таго адбудуцца сустрэчы са студэнтамі вядучых сталічных ВНУ. 

Хачу звярнуць увагу аматараў чытання на тое, што таксама будуць працаваць «Міжнародны квартал» і «Адукацыйны квартал», стэнды членаў рэгіянальных аддзяленняў СПБ. Выстаўка бясплатная (кожны дзень туды традыцыйна будзе ездзіць паэтычны аўтобус, дзе можна пачуць вершы сучасных паэтаў), са зручным графікам работы з 10 да 19 гадзін. Мы пастараліся ўлічыць усе важныя моманты, каб выстаўку наведала як мага больш людзей, і ўсе ахвотныя далучыліся да такой знакавай падзеі і абавязкова знайшлі цікавыя для сябе выданні.

Ірына ПРЫМАК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю