У нас няшмат пісьменнікаў, якія ў сваёй творчасці мэтанакіравана, паслядоўна асэнсоўваюць падзеі нацыянальнай даўніны. Іх менш, чым гісторыкаў, якіх таксама цікавяць гэтыя праблемы. Гэта і не дзіўна: гісторыкі прытрымліваюцца толькі канкрэтных фактаў ці, спасылаючыся на іх, імкнуцца ўявіць тое, што магло б быць. Празаікі-гісторыкі, якіх цікавіць мінулае, свае творы будуюць на аснове фактаў як даследаваных, так і народжаных інтуіцыяй. У гэтым ім дапамагае зварот да прыёму нарацыі, які некалі стаў першым і найбольш важным этапам у станаўленні беларускай прозы, што засведчыў вядомы пісьмовы дакумент «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». Менавіта гэтым сёння часта карыстаецца Іван Саверчанка.
Элементы нарацыі відавочны і ў адным з апошніх па часе напісання яго твораў «Выклік, або Дзяржава князя Глеба» («Полымя», 2025, № 3). Гэтая аповесць прысвечана палітычнай барацьбе часоў, у якія жыў першы мінскі князь Глеб Усяславіч. Саверчанка-гісторык аказвае неацэнную паслугу Саверчанку-празаіку. Асабліва калі прыняць пад увагу тое, што канкрэтыкі ў пэўных падзеях мала. Але інтуіцыя дазваляе яму, адштурхоўваючыся ад звестак, якія захаваліся, перайсці да момантаў, што маглі быць у сапраўднасці. Словы «выклік» і «дзяржава», вынесеныя ў назву твора, набываюць у сувязі з рэаліямі сённяшніх дзён асаблівае значэнне. Глеб Менскі заўсёды даваў рашучы адпор тым, хто пасягаў на яго ўладанні. Гэта сапраўды быў выклік ворагам. Праўда, пра тое, што яго княства — гэта дзяржава, думаць не мог. Але дзяржава сапраўды была.
Нядаўна ў чытача з’явілася магчымасць зноў «сустрэцца» з Глебам Менскім. І не толькі з ім, а і з іншымі князямі, якія ў розныя часы былі ўладарамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пра іх новая кніга Івана Васільевіча (выдавецтва «Беларуская навука», у якім яна ўбачыла свет, падае яе жанр як гістарычны нарыс) «Райскі бераг: беларуская зямля ў І—ХV стст. Першы раздзел «Протабеларускія плямёны» — гэта пачатак этнічнай гісторыі беларусаў. Расказваецца, як рассяляліся гэтыя насельнікі, апавядаецца пра іх гарады і крэпасці. Ужо з гэтага раздзела відавочны падыход, якім кіраваўся Іван Саверчанка, беручыся за сваё даследаванне: даць сучаснаму чытачу як мага больш інфармацыі па розных аспектах тагачаснага жыцця. Таму заканамерна з’яўленне наступнага раздзела «Міфалогія і культура». З яго даведваешся, як звалі тыя плямёны, пра абшары рассялення. Называюцца святы, рытуалы, абрады, гаворкі, звернута ўвага на пісьменства, літаратуру. Можна даведацца, калі ўпершыню з’явілася назва Белая Русь. Ды і шмат пра што іншае, што будзе цікава дапытліваму чытачу, а ён, не сумняваюся, у першую чаргу і далучыцца да гэтай гаворкі пра час, што займае пятнаццаць стагоддзяў. Не сумняваюся і ў іншым: цікавасць да нашай гісторыі асабліва ўзрастае, калі пачынаюць вывучаць раздзел «Вытокі беларускай дзяржаўнасці». Бо ўсе мы, вобразна кажучы, родам з Полацкага княства. Полацк — не толькі прамаці беларускіх гарадоў. Ён і пачатак той гісторыі, якая пачалася з заснавання гэтага горада ў 862 г. і працягваецца па сённяшні дзень. Пасля была «Місія Навагрудскай зямлі», «Уз’яднанне княстваў» — так называюцца чарговыя раздзелы. Іншыя знакавыя падзеі і менш знакавыя, якія з гісторыі не выкінеш, Іван Саверчанка называе, пачынаючы з Усяслава Брачыславіча. Як і згадвае відных асветнікаў — на першым месцы, канешне, Еўфрасіння Полацкая.
Завяршаецца кніга «Райскі бераг...» перыядам, калі «заходнія суседзі, хоць і часова, але змірыліся з непазбежным аддаленнем Вялікага Княства Літоўскага ад Польшчы і выхадам беларускага ўрада з-пад польскага прыгнёту». Гэта адбылося ў час праўлення Аляксандра Казіміравіча. Валадаром Беларускай дзяржавы ён быў выбраны на сойме ў Вільні 20 ліпеня 1492 года. У параўнанні з папярэднімі перыядамі ў гісторыі ВКЛ, гэта найбольш плённы ў развіцці краіны. Канешне, цалкам не абышлося без канфліктаў і войнаў, былі паражэнні і перамогі, але было і тое, што не магло атрымацца без дальнабачнасці гэтага валадара, аб чым сведчыць і назва аднаго з падраздзела кнігі: «Захаванне цэласнасці краіны».
Відавочна, што ў дзейнасці сваёй ён шмат у чым апярэджваў час, а яшчэ імкнуўся да таго, каб зямля родная ў свеце ўспрымалася сапраўдным райскім берагам. Камусьці такі эпітэт можа падацца прыцягнутым. Толькі не тым, каго вабяць не чужыя землі, а свая, самая дарагая і любая.
Кніга «Райскі бераг...», безумоўна, разлічана на шырокае кола чытачоў. Несумненна, што гэтыя гістарычныя нарысы не застануцца незаўважанымі навукоўцамі. Ёсць у іх што ўзяць і гісторыкам, і літаратуразнаўцам. Ды і прадстаўнікам іншых навуковых прафесій, бо паказана роля вуснай народнай творчасці, пісьменства, той жа літаратуры не толькі на нашай зямлі, ідзе гаворка і аб тым, як яна садзейнічала духоўна-культурнаму збліжэнню народаў. Аднак «Райскі бераг...» прыцягне ўвагу кожнага, каму хочацца больш ведаць пра слаўнае мінулае нашай Бацькаўшчыны. Гэтаму паспрыяе тое, што Іван Васільевіч не толькі тэматычна разнастаіў матэрыл, але і выкарыстаў розныя жанры. На старонках кнігі сустрэнеш і невялікія нарысы, і артыкулы, і міні-артыкулы, і зацемкі. Шмат і ілюстрацый. Істотна і тое, што пры напісанні кнігі аўтар звяртаўся ажно да 157 крыніц. Тытанічная работа. І ўсё гэта зроблена дзеля таго, каб засведчыць, што Беларусь у Х—ХV «фарміравалася як самабытная краіна-цывілізацыя, з характэрнымі для яе культурнымі кодамі і асаблівай ментальнасцю народа, якую вызначаюць спагадлівасць і дабрыня, разважлівасць і стрыманасць, працавітасць і талерантнасць».
Алесь МАРЦІНОВІЧ