Top.Mail.Ru

Эпоха НТР і пошук новых вобразаў: год 1974

09.10.2026 | 14:44
Скіраваць пісьменніцкую думку ў патрэбнае рэчышча

Тэма судакранання навукі, навукова-тэхнічнага прагрэсу, змен у прамысловасці з іх адлюстраваннем у мастацтве і мастацкай літаратуры — характэрная рыса XX стагоддзя. І не дзіўна, што ў сваіх кіраўніцкіх клопатах ЦК Кампартыі Беларусі імкнуўся і задачы адпаведныя ставіць — і Саюзу пісьменнікаў БССР, і рэдакцыям літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў непасрэдна.

Адпаведна і творчы саюз шукаў магчымыя шляхі для таго, каб скіраваць пісьменніцкую думку ў патрэбнае рэчышча. Патрэбнае, заўважым, не толькі ЦК, але і чытачу, грамадству ўвогуле. 

А ў лютым 1974 года Саюз пісьменнікаў БССР прапаноўвае наладзіць сумесны з «Литературной газетой» круглы стол. Хто быў ініцыятарам, цяпер цяжка разабрацца. Можа быць, гэтая ідэя належала спярша толькі газеце, якая ў 1970-я была ці не адзіным выданнем, здольным да дыскусійнай пастаноўкі розных актуальных пытанняў?.. 

26 лютага 1974 года Максім Танк звяртаецца да сакратара ЦК КПБ А. Т. Кузьміна: «Паважаны Аляксандр Трыфанавіч! Саюз пісьменнікаў Беларусі сумесна з рэдакцыяй „Литературной газеты“ мяркуе правесці круглы стол на тэму: „Вобраз маладога сучасніка эпохі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў літаратуры“. 

Дата правядзення мерапрыемства — 12 і 13 сакавіка гэтага года. У ім шырокі ўдзел прымуць кіраўнікі і перадавікі вытворчасці г. Мінска, беларускія пісьменнікі, крытыкі, а таксама нашы госці: 

1. Д. Гранін (Ленінград).

2. А. Бачароў, крытык (Масква).

3. П. Заграбельны (Кіеў).

4. Р. Мустафін, крытык (Казань).

5. Г. Панджыкідзэ (Тбілісі).

6. Р. Хахлоў, член-карэспандэнт АН СССР, рэктар Маскоўскага ўніверсітэта. 

7. Е. Крывіцкі, намеснік галоўнага рэдактара „Литературной газеты“.

8. А. Хакімаў, член рэдкалегіі газеты. 

9. Т. Залатухіна, намеснік рэдактара аддзела газеты.

У першы дзень знаходжання ў Мінску госці наведаюць прадпрыемствы беларускай сталіцы, якія найбольш поўна адлюстроўваюць навукова-тэхнічны прагрэс у нашай рэспубліцы; пазнаёмяцца з прадстаўнікамі рабочага класа і тэхнічнай інтэлігенцыі, наведаюць Хатынь і Курган Славы. 

Другі дзень будзе цалкам прысвечаны абмеркаванню вышэйуказанай праблемы. Дакладны план правядзення мерапрыемства будзе прадастаўлены пасля яго распрацоўкі ў бліжэйшы час. 

Саюз пісьменнікаў Беларусі мяркуе правесці гэтае мерапрыемства непасрэдна на адным з прадпрыемстваў г. Мінска. Месцам правядзення яго мог бы стаць завод электравылічальных машын. 

Просім ЦК КПБ дапамагчы ў выбары базавага прадпрыемства для правядзення круглага стала і ў вызначэнні двух іншых для наведвання пісьменнікамі. Просім таксама даць указанне адпаведным партыйным органам аказаць падтрымку Саюзу пісьменнікаў у арганізацыі і правядзенні гэтага мерапрыемства...». 

Гэты ліст кіраўніка творчага саюза захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. 

Маскоўская дэлегацыя з удзелам прадстаўнікоў Казані, Тбілісі і Кіева даволі аўтарытэтная. Данііл Гранін (1919 — 2017) на той час ужо займеў мастацкую вагу, пісьменніцкі аўтарытэт як прыхільнік у літаратуры тэмы навукова-тэхнічнай творчасці. Яшчэ ў 1954 годзе пабачыў свет яго раман «Шукальнікі».

Анатоль Георгіевіч Бачароў (1922–1997) — савецкі і расійскі літаратурны крытык, доктар філалагічных навук (дысертацыю абараніў у 1971 годзе). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ваяваў і ў Беларусі, на Віцебшчыне. Дарэчы, тэма доктарскай дысертацыі А. Бачарова — «Чалавек і вайна. Некаторыя праблемы сацыялістычнага гуманізму пасляваеннай савецкай прозы пра вайну». Розгалас займела яго манаграфія «Чалавек і вайна», выдадзеная ў 1973 годзе. 

Яшчэ раней, у 1970-м, А. Бачароў выдаў асобнай кнігай свае разважанні пра прозу Эм. Казакевіча «Слова аб пераможцах». У спісе ўдзельнікаў — і вядомы ўкраінскі пісьменнік, на той час адказны сакратар праўлення СП УССР Паўло Заграбельны (1924–2009). Дарэчы, у 1978 годзе, праз чатыры гады пасля мінскага круглага стала, выйдзе раман Заграбельнага «Разгон», прысвечаны навукова-тэхнічнаму прагрэсу ў лёсе СССР. Літаратуразнаўца, крытык, публіцыст з Казані Рафаэль Мустафін (1931–2011) большую вядомасць меў як даследчык творчасці Мусы Джаліля, аўтар некалькіх кніг пра легендарнага паэта. Гурам Панджыкідзэ (1933–1997) — грузінскі пісьменнік-фантаст, спартыўны журналіст. 

У 1971 годзе «Дружба народов» надрукавала яго раман «Сёмае неба». У тым самым годзе ў Маскве пабачыла свет і асобнае выданне рамана. Адказваючы на пытанні анкеты часопіса «Дружба народов», Панджыкідзэ так сфармуляваў сваё творчае крэда: «Мяне займаюць пытанні духоўнага свету чалавека, яго псіхічнае і маральнае стаўленне да тэхнічнага прагрэсу». Савецкі фізік, адзін з заснавальнікаў нелінейнай оптыкі Рэм Віктаравіч Хахлоў (1926–1977) у 1973–1977 гг. быў рэктарам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава. Яўгеній Аляксеевіч Крывіцкі лічыўся ў «Литературной газете» «правай рукою» галоўрэда Аляксандра Барысавіча Чакоўскага, быў куратарам «першага сшытка» газеты, на старонках якога змяшчаліся матэрыялы па літаратуры і мастацтве. Ахіяр Хакімаў вёў у газеце аддзел літаратуры народаў СССР. 

«Махавік» у ЦК закруціўся даволі хутка. Ужо праз тыдзень пасля таго, як Максім Танк адправіў ліст на імя сакратара ЦК КПБ, з’яўляецца дакладная запіска, якую падпісаў загадчык аддзела культуры ЦК КП Беларусі 

С. Марцэлеў. Станіслаў Віктаравіч, які пачаў працаваць у ЦК партыі ў зусім маладым узросце, яшчэ ў 1953-м, прайшоў ступені інструктара, загадчыка сектара, намесніка загадчыка аддзела, з 1965 года займаў пасаду загадчыка аддзела культуры ЦК КПБ. І быў на гэтай рабоце ні многа ні мала — 11 гадоў, пакуль яго не прызначылі дырэктарам 

Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі (1976–1994). Па сумяшчальніцтву ў 1980–1991 гг. — рэдактар навукова-метадычнага бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». У дакладной запісцы — літаральна два абзацы, але адрасаваны яны ўжо кіраўніку беларускага ЦК Пятру Міронавічу Машэраву. Вось што піша С. Марцэлеў 28 лютага 1974 года. 

«...Саюз пісьменнікаў БССР звярнуўся ў ЦК КПБ з просьбай дазволіць правесці за „круглым сталом“ сумесна з рэдакцыяй „Литературной газеты“ амеркаванне праблемы „Вобраз маладога сучасніка эпохі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў літаратуры“. Правя-

дзенне гэтага мерапрыемства, па дамоўленасці з аддзелам цяжкай прамысловасці і транспарту ЦК КПБ і Мінскім гаркамам партыі, плануецца на заводзе электронных вылічальных машын імя Г. К. Арджанікідзэ 12–13 сакавіка гэтага года. 

Мяркуецца, што ў ім прымуць удзел вядомыя пісьменнікі, літаратурныя крытыкі, кіраўнікі і перадавікі вытворчасці гор. Мінска. У час знаходжання ў Мінску госці змаглі б, з мэтай знаёмства з прадстаўнікамі рабочага класа сталіцы рэспублікі, са станам навукова-тэхнічнага прагрэсу, наведаць такія прадпрыемствы, як аўтамабільны завод, завод аўтаматычных ліній, маторны завод, завод электрахаладзільнікаў. 

Лічылі б мэтазгодным даць дазвол на правядзенне гэтага мерапрыемства...»

На гэтай дакладной 4 сакавіка Пётр Міронавіч Машэраў наклаў рэзалюцыю даволі лаканічную: «Сакратарам ЦК». 

...Круглы стол стаў хаця б і невялікім, але і па-свойму цікавым эпізодам у гісторыі літаратурнага працэсу ў Беларусі. 15 сакавіка 1974 года «Літаратура і мастацтва» паведаміла чытачу, што ў Мінску адбыўся «круглы стол», арганізаваны СП БССР і «Литературной газетой». Абмяркоўвалася пытанне: як мастацкая літаратура адлюстроўвае жыццё рабочага класа краіны. У гутарцы прынялі ўдзел А. Хакімаў, Т. Залатухіна, А. Бачароў, Р. Мустафін і інш. Госці і група беларускіх пісьменнікаў наведалі завод халадзільнікаў. Там і пачалася дыскусія па актуальнай тэме. 12 сакавіка такая ж сустрэча пісьменнікаў і рабочых адбылася на заводзе электронна-вылічальных машын. Але ж падрабязны разгляд «круглага стала» — тэма іншая. Цяпер хацелася б заўважыць тое, як хутка і аператыўна паставіліся ў ЦК да прапановы, якая ўздымала пытанне даволі грунтоўнае 

і патрэбнае для беларускай літаратуры. Ці толькі прыйшлі следам да чытача мастацкія творы, дзе была б зроблена спроба зазірнуць у сутнасць праблематыкі, пазначанай на самым пачатку нараджэння ідэі пасяджэння: «Вобраз маладога сучасніка эпохі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў літаратуры»?.. 

І гэта ўжо пытанне з пытанняў. 

Вячаслаў Селяменеў, Кастусь Лешніца


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю