Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі, вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, адзначыў:
— Калі глядзіш кадры з кінафільмаў, якія здымаліся на нашай кінастудыі, то ўспамінаюцца слаўныя часы, якія мы ўсе разам пражылі. Адразу разумееш, якое добрае, светлае, прыгожае і сапраўднае кіно мы, беларусы, умеем ствараць.
І я радуюся гэтаму, бо ведаю, што так было заўсёды, так ёсць і так будзе. Дадзенае мерапрыемства таксама вельмі знакавае для ўсіх нас, мы, кіношнікі, ведаем, як здымаць кіно і што патрэбна для гэтага, таму што мы — практыкі, якія працуюць «у палях». Але без навуковай думкі і тэорыі, без канструктыўнай крытыкі мы таксама не зможам абысціся. Я ўдзячны вам, што сабраліся тут, каб прааналізаваць тое, што мы маем, і выпрацаваць новыя шляхі і падыходы.
Загадчык аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Антаніна Карпілава ў сваім дакладзе «Мастацка-сэнсавыя парадыгмы ў гісторыі беларускага кіно» не толькі зрабіла экскурс у гісторыю айчыннага кінематографа, але і акцэнтна нагадала пра пункты росту і заняпаду нашай кінаіндустрыі. Адлік пачынаецца з 17 верасня 1924 года, калі з’явілася Упраўленне па справах кіно (Белдзяржкіно), а сам працэс кінавытворчасці ўжо пачаўся пазней.
— У гісторыі беларускага кіно можна выдзеліць ключавыя падзеі рознага плана: і арганізацыйна-вытворчага, і тэхналагічнага, і мастацкага. І 20-я гады мінулага стагоддзя сёння ўжо можна асэнсоўваць. Гэта была эпоха эксперыментаў. Аднак беларускае кіно заўсёды вулучалася сваёй талерантнасцю. Той час вызначыў мадэль нацыянальнага фільма, як мы цяпер вылучаем «Лясную быль» Юрыя Тарыча, якая адпавядае па тэматыцы, па лакацыі і ўвогуле па ментальнасці. Аднак сёння дэфініцыя «нацыянальны фільм» патрабуе ўдакладнення, — адзначыла выступоўца. — Наступны перыяд — 30–50-я гады — сфарміраваў жанравую іерархію беларускага кінематографа. З’явіліся такія кінаработы, як «Канстанцін Заслонаў», «Чырвонае лісце», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», і іншыя. Там быў апавядальны наратыў з пэўнымі выразнымі і выяўленчымі сродкамі, з тыпам героя.
А сённяшні наш кінематограф пакутуе ад адсутнасці героя…
Згадалі, вядома, і перыяд, калі на «Беларусьфільме» працавалі такія майстры, як Ігар Дабралюбаў, Віктар Тураў, Барыс Сцяпанаў, Валерый Рубінчык, Міхаіл Пташук... «Шасцідзясятнікі» заклалі аснову «залатога перыяду» нацыянальнай кінастудыі. Адбылося творчае самавызначэнне, з’явілася магчымасць для выяўлення свабоднай мастацкай свядомасці, сфарміравалася парадыгма аўтарскага кіно. І перыяд 90-х гадоў мінулага стагоддзя сёння асэнсоўваецца даследчыкамі па-іншаму. На той час прыпала станаўленне нацыянальнай кінашколы, ішло актыўнае развіццё студыйнага руху, з’яўляліся кінафестывалі («Лістапад», «Анімаёўка» і г. д.). Пачатак нулявых і дзень сённяшні — глеба для роздумаў і высноў на перспектыву. На думку даследчыцы, сёння не хапае добрых сцэнарыяў і канцэптуальных ідэй, не толькі ў нас, але і ў сусветным кінематографе. Генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Юрый Аляксей адзначыў, што кінематограф Беларусі — адзін з найважнейшых складнікаў дзяржпалітыкі ў галіне культуры і мастацтва, аб’ект пільнай увагі кіраўніка дзяржавы:
— Пры актыўнай падтрымцы дзяржавы ў гэтым годзе на «Беларусьфільме» знята 11 дакументальных фільмаў, 4 анімацыйных і 3 гульнявыя кінастужкі. У рабоце знаходзяцца беларуска-расійскі фільм «Бацька Мінай», а таксама кінаработы «Адно на дваіх» і «Класная».
Старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Яўген Арэндарэвіч дадаў: «Ідучы ў новы век, важна падвесці вынікі, падзякаваць пакаленням кінематаграфістаў, якія стварылі фундамент нашых слаўных традыцый у кіно. Калі раней, напрыклад, у 80-90-я гг., былі фільмы на злобу дня, то сёння, у век тэхналогій, вельмі важна ў кінематографе захаваць самога чалавека, яго найлепшыя якасці, традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці. Наш саюз імкнецца ў сваёй дзейнасці распаўсюджваць найлепшыя традыцыі мінулага і ісці ў нагу з часам, укараняць прынцыпы індустрыяльнага падыходу ў фарміраванні новага пакалення беларускіх творцаў. Гісторыя чалавека для чалавека — сёння наш галоўны прынцып».
Фота Аляксандра МАРУНОВА