Карціна распавядае пра маладога весляра Арцёма, на лёс якога выпала нямала выпрабаванняў, але дзякуючы сябрам і падтрымцы маці яму ўдалося дасягнуць сваёй мэты. Сёння, 6 лістапада, стужка будзе паказана ў кінатэатры «Перамога» ў конкурсе «Кіно маладых». У дзень адкрыцця гледачы ледзь адпусцілі рэжысёра і акцёраў: фатаграфаваліся, дзяліліся ўражаннямі. Давялося чакаць, каб задаць пытанні рэжысёру. Што ж распавёў Дзмітрый Сарока?
Яшчэ да здымак маладыя артысты два месяцы займаліся веславаннем. Падрыхтоўка была сур’ёзная. Галоўны герой так асвоіў вёслы, што стаў капітанам лодкі і сам многа падказваў падчас здымачнага працэсу.
«Гісторыя, якая паказана ў фільме, не адбывалася ў маім жыцці, але я паклаў у аснову рэальныя эмоцыі, каб усё выглядала натуральна. Гэтая карціна створана нейкім унікальным чынам, бо зроблена за рэкордныя дзесяць месяцаў. Тэрмін быў самым няпростым выпрабаваннем. Тэхнічна мы ўсё паспелі, але літаральна „ўскочылі ў апошні вагон“, — дзеліцца думкамі рэжысёр. — Маральна падтрымлівала тое, што ў нас верылі гендырэктар „Беларусьфільма“ Дзмітрый Сямёнаў і міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі».
Самыя складаныя сцэны былі на Заслаўскім вадасховішчы, калі здымалі фінальныя спаборніцтвы. З Мінска даставілі спецыяльны вялікі кацер, на які ставілі камеру, бо яе нельга было мачыць.
І такім чынам здымалі на вялікай хуткасці, бо лодкі рухаліся. Таксама выкарыстоўвалі дрон, каб былі прыгожыя кадры зверху.
Падчас размовы з Дзмітрыем высветлілася, што першапачаткова фільм павінен быў здымацца па іншым сцэнарыі — пра хлопца, які плаваў у басейне. Рэжысёр прыклаў усе намаганні, каб зняць зусім іншае кіно, па сваім сцэнарыі. «Стварыць мастацкі фільм было маёй марай. Сам я заканчваў Акадэмію мастацтваў, а дакладней факультэт рэжысуры і тэлебачання. У мяне ёсць досвед работы ў дакументальным кіно, напрыклад, пра Прэзідэнцкі аркест Беларусі, — распавядае рэжысёр. —
І ўсё ж я шмат гадоў рухаўся да таго, каб зняць менавіта ігравы фільм. Чаму пачынаў з дакументалістыкі? Каб больш даведацца пра жыццё. Раней я сапраўды мала ведаў, а патрэбна, каб мастацкі фільм быў рэалістычным. Цяпер у мяне ўжо ёсць такі вопыт».
Дзмітрый Сарока прызнаўся, што яму было вельмі цікава працаваць з юнымі акцёрамі, якія не мелі вялікага стажу — толькі здымкі ў рэкламе ці ў эпізодах. «У „Пераломным моманце“ задзейнічаны звычайныя школьнікі, самаму малодшаму каля 14 гадоў, але гэта вельмі таленавітыя людзі, — прызнаецца рэжысёр. — Пад кожнага я перапісваў сцэнарый. Нешта прыўносілі самі дзеці, асабліва персанаж Ярыка (Дзяніс Серыкаў). Наогул, фільм пераманціраваўся шэсць разоў, каб усё атрымалася яшчэ лепш».
Каб знайсці баланс паміж карцінкай і сэнсам, рэжысёр разам з аператарам правялі каласальную працу. Гэта сапраўды адчуваецца, бо гледзячы кіно, атрымліваеш эстэтычнае задавальненне. У фільме ёсць і драматызм, і гумар.
Галоўны вобраз карціны — вада. І не толькі таму, што гэтая гісторыя пра веславанне. Вада падаецца як сімвал. Яна заўсёды ў фільме дзесьці побач: лодкі плывуць па вадзе. А калі галоўны герой прыміраецца сам з сабой, на яго ліецца дождж. Вада зверху сімвалізуе гармонію, якой дасягнуў персанаж, пераадолеўшы шмат перашкод у сваім жыцці.
«Я спрабаваў стварыць фільм пра выбар. Галоўны пасыл стужкі: якія б абставіны ні былі, пакуль ты жывы, усё магчыма.
Я хацеў зрабіць кіно ў першую чаргу для падлеткаў, якія часта драматызуюць сітуацыю, каб яны паверылі ў свае сілы, зрабілі правільны выбар і дасягнулі сваёй мэты», — прызнаўся рэжысёр.
Галоўных персанажаў у фільме ўвасобілі Міхаіл Цуба (галоўны герой), Дзяніс Серыкаў (Ярык), Марыя Налецкая (Насця) і іншыя акцёры, сярод якіх і добра вядомыя (спецыяльна не буду раскрываць інтрыгу). Заўважу толькі, што сярод іх — беларускі тэлекаментатар Уладзімір Навіцкі, чый голас выклікае асацыяцыю са спортам.
І гэта сапраўдная знаходка! Дзякуючы гэтаму эмоцыі ў фінальных спаборніцтвах з высокім градусам — Уладзімір Мікалаевіч мае багаты досвед працы падчас шматлікіх тэлетрансляцый.
Усе акцёры сыгралі натуральна. Асабліва выдзяляецца вобраз галоўнага ліхадзея гэтай гісторыі — трэнера, які быў супраць удзелу каманды ў фінальных спаборніцтвах (акцёр Павел Адамчыкаў).
Наогул, вельмі радасна, што цяпер у нас з’явіўся свой першы фільм аб спорце, які заўсёды прыносіў Беларусі медалі на міжнародных стартах. Варта згадаць Кацярыну Карстэн. Аднак імёнаў нашых зорных спартсменаў яшчэ больш і, мяркую, кагосьці з прадстаўнікоў беларускіх весляроў-алімпійцаў можна было б запрасіць на прэм’еру, якая адбудзецца па ўсёй краіне 27 лістапада.
Гэта сапраўды пераломны момант у беларускім кінематографе! Варта павіншваць нацыянальную кінастудыю з новым таленавітым рэжысёрам, у фільме якога няма лішняй вады, калі казаць пра сюжэт. Атрымалася глыбокае кіно для разумнага гледача. Будзем верыць, што кагосьці карціна натхніць пайсці займацца веславаннем, а нехта зразумее, як зрабіць правільны выбар у жыцці. У стужцы ёсць мудрыя выразы, якія, мяркую, падхопіць народ: накшталт «Веславанне — танец сілы» ці «Пакуль чалавек жывы, у яго ёсць шанц усё выправіць».
«Для мяне вельмі важна атрымаць водгук ад гледачоў, а не нейкія ўзнагароды, — прызнаўся Дзмітрый Сарока. — І ўсё ж вельмі прыемна, што менавіта наша работа адкрыла сёлета кінафестываль».
Ірына ПРЫМАК
Фота кінастудыі «Беларусьфільм»