Top.Mail.Ru

Філосаф, якая зламала сістэму

17.04.2026 | 14:24
«Мыслярка» і паэты

Сёлетняя «жаночая тэма» ў Беларусі падкрэсліла ролю прыгожай паловы чалавецтва ва ўсіх сферах жыцця. На нашых землях кіравалі жанчыны, якія мелі не толькі талент, але і настойлівасць, каб яго рэалізоўваць, адрозніваліся здольнасцю неардынарна мысліць і смеласцю ярка сябе праяўляць. Так, ураджэнка 

Беларусі Ганна Тумаркіна яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя стала першай у Еўропе жанчынай-прафесарам філасофіі. Разважаючы пра мір і гармонію, яна падкрэслівала ролю літаратуры і мастацтва як асаблівага спосабу спасціжэння рэальнасці. 

І сама змяняла гэтую рэальнасць.

Аб ёй нагадала Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швейцарскай Канфедэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Крысціна Хонегер-Залатухін. У сакавіку жанчыны, якія ўзначальваюць прадстаўніцтвы сваіх краін у Беларусі, — Зіта Бенчык з Венгрыі, сербка Іліна Вукайлавіч, Катрын аўс дэм Зіпен з Германіі і Пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі Жанфей Лю — распавядаючы пра сваіх выдатных суайчынніц, падкрэслівалі: жанчына можа ўсё. Адной з асоб, якая пераканаўча даказала гэта, разбураючы стэрэатыпы, была Ганна Тумаркіна. «Гэта асоба, якая аб’ядноўвае нашы народы. Яна нарадзілася ў беларускім горадзе Дуброўне (на той момант Магілёўскай губерні), потым з сям’ёй пераехала ў Кішынёў, дзе скончыла жаночую гімназію, а ў 17 гадоў паступіла ў Бернскі ўніверсітэт, стала філосафам. У нашай краіне яна таксама змагалася за правы жанчын, праўда, не дажыла да гэтага моманту: у нас грамадзянкам краіны дазволілі галасаваць у 1971 годзе», — адзначыла Крысціна Хонегер-Залатухін.

Што падштурхнула зрабіць такі выбар малодшую дачку купца Паўла Тумаркіна? Яна нарадзілася ў 1875 годзе ў сям’і даволі паспяховага на той час прадпрымальніка. Яе бацькі паходзілі з Дуброўна. Палціэл Тумаркін быў прыхільнікам традыцыйнага яўрэйскага выхавання, заснаванага на вывучэнні рэлігійных тэкстаў (пасля ён стаў 

адным з першых перакладчыкаў на іўрыт амерыканскай літаратуры). Прадстаўнікі гэтага народа на нашых землях вякамі мелі магчымасць захоўваць сваю адметнасць, не ў малой ступені гэтаму спрыялі стасункі з беларускім насельніцтвам — гэта той культурны кантэкст, які паўплываў на фарміраванне многіх асоб, іх імкненне да новага і жаданне раскрыцца. Тумаркіны клапаціліся аб тым, каб дзеці атрымалі добрую адукацыю. Але разумелі, што ў Расійскай імперыі магчымасці абмежаваныя, асабліва для дзяўчат: на той момант ва ўніверсітэты іх не прымалі. Бацькі зрабілі ўсё, каб падрыхтаваць Ганну-Эстэр да вялікага падарожжа, тым больш што яе браты ўжо вучыліся ў нямецкіх універсітэтах.

Свой шлях у філасофію Ганна пачала ў Берлінскім універсітэце, дзе працаваў Вільгельм Дзільтэй, які цікавіўся літаратуразнаўствам і мастацтвам. Усё гэта стане важным і для яе ўжо 

ў Бернскім універсітэце, які быў адным з нямногіх, куды прымалі жанчын. А ўжо ў 1895 годзе яна абараніла дысертацыю, у аснове якой ляжаў аналіз філасофіі двух вялікіх мысліцеляў — Імануіла Канта і Іагана Гердэра, які з часам стаў галоўным апанентам настаўніка. Гэтая кніга не так даўно была выдадзена на рускай мове і застаецца не менш актуальнай, як і пытанні, узнятыя ў ёй. Ці можна «пралічыць» гармонію? Чаму прыгажосць не павінна быць утылітарнай? Як з’явы мастацтва могуць адлюстроўваць дух народа, будучы звязанымі з яго мовай і гісторыяй?

Прайшло яшчэ тры гады — і Ганна Тумаркіна прадставіла чарговае даследаванне «Паняцце ўнутранай формы ў эстэтыцы». Абарона гэтай работы адбылася ў 1898 годзе, а яе аўтара зацвердзілі на пасадзе прыват-дацэнта ў Бернскім універсітэце: яна атрымала магчымасць выкладаць, калі жанчын у навуковых школах Швейцарыі зусім не было. Яе падтрымліваў філосаф Людвіг Штэйн, які разгледзеў у сваёй вучаніцы выдатны патэнцыял. Ён пераканаў кіраўніцтва ўніверсітэта і бацьку Ганны даць ёй магчымасць атрымаць прафесарскае званне. Кар’ера развівалася імкліва: у 1906-м яна стала тытулярным прафесарам, а ў 1909 годзе атрымала званне экстраардынарнага прафесара — ёй было ўсяго 34 гады! Гісторыю філасофіі і эстэтыку Ганна Тумаркіна выкладала ў Бернскім універсітэце да 1943 года. Сярод яе знакамітых вучняў — філосаф Генрых Барт, а таксама філосаф, тэарэтык культуры, літаратурны крытык і эсэіст Вальтэр Беньямін.

Частка яе работ прысвечана жыццю душы і феномену мастацтва. Ганна Тумаркіна бачыла ў мастацтве не проста эстэтычную форму, а спосаб праявы ўнутранага жыцця. Яна даследавала, як мастацтва дапамагае чалавеку асэнсаваць экзістэнцыяльныя праблемы. Такім чынам аб’яднала строгі акадэмічны падыход да эстэтыкі з глыбокім псіхалагізмам.

У даследаванні «Эстэтычны ідэал і эстэтычная норма» яна ўздымае пытанні ўспрымання прыгожага, аналізуе, як класічная эстэтыка спрабуе ўсталяваць жорсткія нормы («цудоўнае» ці «пачварнае»), і прапаноўвае перайсці да больш суб’ектыўнага, рамантычнага разумення твора мастацтва. Эстэтычны ідэал — гэта не нейкі стандарт, а жывое, творчае памкненне, заснаванае часта на бязмежнасці чалавечага духу. Такім чынам Тумаркіна зрабіла крок да пераадолення дагматычнага разумення эстэтычных норм на карысць рамантычнага, індывідуальнага падыходу. А праца «Паэзія і светапогляд» прысвечана ўплыву мастацкай творчасці на фарміраванне светаўспрымання чалавека (або супольнасці). Паколькі паэзія выяўляе жыццёвыя сэнсы, то яе варта разглядаць не проста як эстэтычны аб’ект, а як асаблівы спосаб пазнання свету.

Успрыманне мастацтва залежыць ад унутранай актыўнасці сузіральніка, яго эмоцый, культуры і здольнасці «ўвайсці» ў мастацкі вобраз. Акцэнт робіцца на эстэтычным перажыванні, калі чалавек «ужываецца» ў форму і змест твора. Такім чынам успрыманне становіцца глыбока асабістым. Ганна Тумаркіна падкрэслівала, што эстэтычная ацэнка непарыўна звязана з індывідуальнасцю таго, хто ўспрымае мастацтва, ператвараючы яго ў сутворцу сэнсу. Гэта тое, што гледачы (чытачы) і крытыкі ў ХХІ стагоддзі вельмі цэняць, выказваючы сваё меркаванне без прэтэнзій на ісціну ў апошняй інстанцыі. А нехта некалі падвёў пад гэта філасофскую базу. Адна з іх Ганна-Эстэр, якая нарадзілася на Віцебшчыне, шчодрай на таленты. Як быццам наша зямля ў пэўны прамежак часу дала штуршок магутнаму выбуху энергіі творчасці і думкі аб ёй. Нічога ж не ўзнікае з ніадкуль!?

Ганна Тумаркіна — адна з яркіх жанчын, якія заявілі аб сабе ў сусветнай культуры ХХ стагоддзя. Яна адкрыла шлях для жанчын у акадэмічную філасофію, прыўнесла ў еўрапейскую эстэтыку таго часу новы погляд на сувязь паміж эмоцыямі, мастацтвам і філасофскім спазнаннем свету. Упісаўшыся ў акадэмічнае «мужчынскае» асяроддзе, яна не спрабавала схавацца за адасобленасцю і падкрэслівала сваю прыналежнасць да прыгожай паловы, калі пісала артыкулы «Права галасавання жанчын» і «Погляд на духоўнае жыццё швейцарскіх жанчын раней і цяпер». У Швейцарыі памятаюць пра яе ролю ў атрыманні жанчын права галасаваць на выбарах. І шануюць памяць пра выдатнага філосафа: побач са старым будынкам Бернскага ўніверсітэта ёсць вуліца Ганны Тумаркінай.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота дасланы аўтарам

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю