Нязменнымі застаюцца рубрыкі з сучаснымі мастацкімі творамі. Нумар знаёміць з паэзіяй Ірыны Радзіхоўскай, Васіля Барысюка, Навума Гальпяровіча, Паліны Корневай, Дар’і Палішчук, Капы Падвіцкай, Галіны Пярун і Яўгена Хвалькова. Проза прадстаўлена імёнамі Алеся Вешторта, Таццяны Цвірко і Зінаіды Дудзюк. Мяркую, пастаянны чытач «Маладосці» заўважыў доўгую адсутнасць матэрыялаў даследчыка Міколы Труса — нарэшце выйшаў вялікі артыкул — плён глыбокіх росшукаў, прысвечаны ўзаемаадносінам Якуба Коласа і Аляксандры Рамановіч (Зотавай). Ксенія Зарэцкая пагутарыла з музыканткай YUKA, а тэатральны агляд прысвечаны пастаноўцы «Русалка» Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра. Традыцыйная рубрыка-апытанка, што не пазначаецца ў змесце, «Любімыя кнігі майго юнацтва» напоўнілася адказамі Арсеня Граноўскага і Рамана Чыліка.
Галоўнае слова паэтаў нумара — «вецер».
Вершы віцебскай паэтэсы Ірыны Радзіхоўскай з нізкі «Ноты гукаў ляцяць над экватарам» натхнёныя прыроднымі стыхіямі, якія ставяць у залежнасць ад сябе ўсіх жывых істот. Так назірае паэтэса за зменамі ў прыродзе, звязанымі з порамі года, напрыклад, адлётам птушак у вырай:
Птушкі хацелі б застацца,
Сэрцам да дому прыкуты.
Восень — шторазу пакута:
Мусяць ляцець. Адрывацца.
«Восень»
Перамяшчаемся з поўначы на поўдзень Беларусі, на Брэшчыну, чытаем творы Васіля Барысюка. І тут сумна-халодныя карціны беларускай шэрані, плаўнага пераходу ад восені да няпэўнай зімы. Загалоўны верш нізкі апавядае пра, так бы мовіць, рэтрансляцыю самоты ў свеце:
Але ж,
можа, і тыя,
каму весялей,
паразумнеўшы,
сплавяць яе
каму-небудзь далей,
адкуль не прыходзяць
ні людзі, ні словы, ні рэчы,
ні на досвітку,
ні апоўначы, ні пад вечар,
адно мітуслівы вецер
даносіць халодныя пахі
таго, што не ведаюць дзеці
і з крылля ў палёце
страсаюць птахі.
«Самота прыходзіць апоўначы»
Вершаваная падборка «На восеньскіх вятрах» адкрываецца творам інтымнай лірыкі адной з частых аўтараў «Маладосці» Паліны Корневай — «Чаканне»:
Новага дня пасланніца,
Сон твой расквечу, як маем.
Мы сустрэнемся зноўку, і раніцай
Ветрам табе адгукнецца: «Кахаю...»
Дар’я Палішчук дэбютуе з вершамі ўрбаністычнай тэматыкі, Галіна Пярун прапанавала восеньскі пейзаж. Капа Падвіцкая разважае аб значэнні паэзіі:
Увосень паэзіяй робіцца ўсё наўкол:
Радок, дзе дзеткі ідуць са школ,
Страфа пра апошнія летнія кветкі,
Холад, спакой, боль.
Грудныя клеткі,
Што ўначы надуваюцца праз паветра
І кранаюць столь.
Разнастайнасці надае Яўген Хвалькоў сваімі «Восеньскімі хайку» з родным каларытам, напрыклад, з увагай да гадавога кола працы на зямлі:
Садавіна саспела.
Яблыкі, грушы, вішні
кажуць: «Адпачні, чалавек».
Ведаючы, які склаўся для беларускай літаратуры лістапад 2024 года, я пагаджаюся з шаноўным Навумам Гальпяровічам і загалоўкам нізкі — «Я хачу, каб любілі паэтаў...». Скажу банальную і паўтораную мільён разоў рэч: варта быць уважлівымі адно да аднаго — іншага шанцу не будзе. Жыццё пасля смерці ёсць, але яно застаецца жывым.
І адзінае, што можна рабіць пасля — несці памяць. А падтрымліваць трэба толькі на гэтым свеце: «Калі ласка, любіце паэтаў // І тады, калі побач яны».
Сем вершаў полацкага пісьменніка — дэкларацыя няспыннага спасціжэння сябе і свету, сябе ў свеце, будовы таго, што робіць існаванне жыццём, напоўненым галоўным для чалавека. Найперш бачацца каштоўнымі для паэта маці і Радзіма, гэтыя паняцці, здаецца, вось-вось збяруцца ў адно цэлае:
Мацярык — ад слова «маці».
Я згадаю горад мой,
Як плыло святло па хаце
Яе ўсмешкі маладой.
І пяшчоты светлай поўны,
Назаўсёды я збярог
Тую ўсмешку, родны Полацк,
Скрыжаванне ўсіх дарог.
І таго вяртанне слова,
Што імкнулася праз сны
Да святой мацерыковай
Плыні велічнай Дзвіны.
«Мацярык — ад слова „маці“...»
Калі вы чыталі прозу Навума Гальпяровіча, то памятаеце, якой цеплынёй поўняцца яго гісторыі пра родны горад, сям’ю, і канешне, пра сяброў і паплечнікаў. Не абыходзіць іх увагай аўтар і ў актуальнай нізцы:
Быццам з вечнасцю дзіўная повязь
Кожны крок, кожны ўздых, кожны лёс,
І складзецца дзівосны аповед
З расставанняў, усмешак і слёз.
І, як толькі прымружу павекі,
Бачу: крочаць са мной праз вякі
Грамадзяне мае, чалавекі,
Дарагія мае землякі.
«На вакзалах,
на тлумных прыпынках...»
Проза Алеся Вешторта з’яўляецца ў часопісе не ўпершыню. Гэтым разам публікуецца апавяданне «Пленэр». У якасці эпіграфа аўтар выкарыстоўвае цытату з авангарднага рамана «Ferdydurke» Вітальда Гамбровіча, што настройвае на адпаведны лад. Галоўны герой выязджае на пленэр нейкім спецыяльным аўтобусам, раскладам якога кіруе Настаўніца — у творы будуць персанажы і з’явы, за якіх/за якія, быццам, павінны гаварыць іх імёны — і ў прыватнасці, і абагульнена — напісаныя з вялікай літары (рацыянальная сістэма іх засталася для мяне загадкай, аднак іх прысутнасць прымушае спыніцца і ўкласці свой сэнс у кожнае вылучанае слова): Настаўніца, Жанчына, Студэнтка, Сталасць, Маладосць і іншыя. Зрэшты, такі прыём ёсць ва «Улісе» згаданага ў апавяданні Джэймса Джойса. Сярод уласных імёнаў персанажаў сустрэнем хіба сябра галоўнага героя Змітра. Складана прывязвацца да пэўных часавых межаў у творы, варта пашукаць, што нас павінна «заякарыць» у часе? Можа быць, кнігі: «Дастаеўскі ці Джойс, ці, мабыць, нават Шамякін?» — і мы ўжо недзе пасля 1990-х, бачым выраз кшталту «рофл» — апынаемся недзе пасля 2015-га. Дзіўныя метамарфозы адбываюцца з галоўным героем — некалькі разоў збіваецца яго ўзроставая ідэнтычнасць, якая адчувальна залежыць ад таго, побач з кім той знаходзіцца. Падкрэсліваецца і адсутнасць жадання ў чалавека «паміж сном і явай» прымаць нейкія рашэнні — ланцужок падзей бачыцца выпадковым і непрадказальным. І ў гэтым ёсць свой шарм. На мой поглад, у апавяданні выразна прачытваецца пытанне аб каштоўнасці мастацкага твора.
Цікава, што ў тэксце людская маса, быццам, патрабуе нейкага разумнага ўпарадкавання, напрыклад:
«А сам вольнай рукою яго за плячо прыхапіў і адчуваю, як Пара аслабела, разбурацца пачала, бо як бы і трое нас ужо, а ўтраіх Пару не скласці.
— А жонка твая, каб не сумавала, няхай вось з... ну, вось з гэтай няхай пабудзе.
І ў той самы момант з Пары выслізнуў ды да жонкі Жанчыну падчапіў».
Два апавяданні Таццяны Цвірко кантрастуюць з папярэднім празаічным творам нумара. Рэалістычныя, прысвечаныя лёсам жанчын, яны нясуць у сабе вялікую надзею. Прамаляваныя ў дэталях сітуацыі бачацца знаёмымі і трывіяльнымі, тым не менш, не пазбаўленымі мастацкага абагульнення. Менавіта ўвасабленне такіх «звычайных» жыццёвых гісторый выводзіць з ценю праблемы ў адносінах, без залішняга маралізатарства, з апірышчам на пачуццёвую сферу, на чалавечнасць.
«Хваліцца можна перамогаю над ворагам, а не над сваім братам». Проза лістападаўскай «Маладосці» працягваецца часткамі 28–41 рамана Зінаіды Дудзюк «Кошт волі» (папярэднія змешчаны ў №№ 9, 10 за 2024 год). Гэтым разам дзеянне разгортваецца вакол двара конунга Даніі, Англіі і Нарвегіі, пры якім знаходзіцца Готшалк.
«Пакінутыя ў мяне газеты з ягонымі вершамі прапалі ў часе вайны. Сшытак з ягонай паэзіяй зачыталі добрыя людзі; з тоўстай пачкі ягоных лістоў да мяне ад 1907 да 1917 года асталіся толькі два, ды 3 адкрыткі». Калі агледзець бібліятэчныя паліцы, дзе змяшчаюцца кнігі, прысвечаныя Якубу Коласу, можа падацца, што ўсё ўжо даследавана да нас. Літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Мікола Трус у чарговай «Музейнай гасцёўні» аспрэчвае маё папярэдняе выказванне ў артыкуле «„Прыяцельскае пачуццё...“: Аляксандра Рамановіч (Зотава) і Якуб Колас». Матэрыялы, сабраныя ў разнастайных навуковых выданнях, а што яшчэ важней — у архівах і музеях, аналітычна раскрываюць таямніцы ўзаемаадносін віленскай настаўніцы і найбуйнейшага беларускага пісьменніка, навукоўца і грамадскага дзеяча ўсіх часоў (выбачайце за штампы, але як інакш сказаць пра Коласа?!). Тэкст багата аздоблены ілюстрацыямі — копіямі архіўных дакументаў і фотаздымкаў.
«...Неабходны гістарычна і апраўданы псіхалагічна-тэрапеўтычны эфект для народных мас». Працяг літаратуразнаўчых штудый змяшчаецца і ў «Люстэрку лёсу» — Ігар Шаладонаў разглядае аповесць Міхася Лынькова «Міколка-паравоз» у якасці ўзорнага твора сацыялістычнага рэалізму.
«...Ад свету Цёткі і Сафо, Ад свету Ахматавай і Цвятаевай». Рубрыка «Асоба» прысвячаецца Яўгеніі Янішчыц. Складзеная яна з незвычайна цёплых і шчырых сяброўскіх успамінаў Валерыя Дубоўскага, напрыклад, можна знайсці такую характэрную заўвагу ў тэксце: «Яна была як ціхі цень у сонечны летні дзень». У працяг размовы пра Палескую ластаўку — своеасаблівае прысвячэнне ў прысвячэнні — матэрыял Тамары Аўсяннікавай, у якім разглядаецца верш «Сустрэча на Паркавай магістралі» (пазначана: «я атрымала ад Анатоля Вярцінскага замест успамінаў пра Яўгенію Янішчыц»).
«Мы жывём у надзвычай цікавы час —час вялікіх і абмежаваных магчымасцей». Ксенія Зарэцкая пагутарыла з беларускай музыканткай YUKA. Мяркую, усе, хто хоча займацца музычнай творчасцю, змогуць шмат даведацца пра механізмы ўнутранай кухні, якія тычацца не толькі якасці выканання (а ў наш час высокая якасць і мастацкая вартасць твора далёка не заўсёды будзе гарантыяй папулярнасці), але і прасоўвання свайго асабістага брэнду. Звярніце ўвагу на QR-коды ў матэрыяле — праз іх можна пазнаёміцца з музыкай YUKА.
«Калі вырашылі факусавацца на эстэтыцы — трэба ісці да канца». Ясенія Аляксеева ў рубрыцы «Мастацтва» аглядае спектакль-фантасмагорыю «Русалка» рэжысёра-пастаноўшчыка Таццяны Самбук паводле п’есы А. С. Пушкіна з рэпертуару Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра.
Адзінаццатая «Маладосць» анансуе публікацыі на першае паўгоддзе наступнага года. Сярод маладых пісьменнікаў — Вікторыя Сінюк, Іван Мелаў, Андрэй Дарожкін, Цімафей Савянок, Паліна Корнева і іншыя; «дарослую» літаратуру прадставяць Людміла Рублеўская, Сяргей Белаяр, Навум Гальпяровіч, Таццяна Дземідовіч, Віктар Гардзей, Васіль Зуёнак, Віктар Шніп, Васіль Барысюк і яшчэ шмат знакамітых празаікаў і паэтаў. Апрача таго, 2025-ы год — юбілейны для некалькіх пісьменнікаў, таму ў найбліжэйшы час з’явяцца і свежыя матэрыялы-даследаванні, прысвечаныя постацям Івана Навуменкі, Уладзіміра Караткевіча і Ніла Гілевіча. Пастаянная рубрыка перакладаў на беларускую мову сусветнай класікі прадставіць творы Луізы Олкат і Фрэнсіса Скота Фіцджэральда. Неўзабаве чакаюцца інтэрв’ю з кампазітарам Антонам Смаленскім і са скульптарам Янам Басалыгам. Асабіста я люблю «Круглыя сталы» ў часопісе, бо яны ўздымаюць самыя жывыя пытанні сучаснай творчай прасторы і медыясферы, збіраюць экспертаў (часам і з супрацьлеглымі меркаваннямі) і не даюць страціць сувязь з рэчаіснасцю, захаваць крытычны погляд на пэўныя з’явы. Нязменна ў змесце знойдзецца месца для рэцэнзій на сучасную літаратуру і тэатральныя пастаноўкі і калонак пастаянных аўтараў, а таксама для маладосцеўскіх «першынцаў» — пераможцаў рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «БрамаМар».
Кацярына ЦІМАНОВІЧ