Top.Mail.Ru

Гісторыі болю і надзеі

Аўтар: Лізавета Крупянькова
30.06.2026 | 19:28
«…І ляжаць пад снегам трыццаць мёртвых халодных хат»

Новая кніга Сяргея Клімковіча «Пад крыламі зімовых зорак» выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» (серыя «Нацыянальная літаратурная прэмія»). 

У выданне ўвайшлі аднайменная аповесць, якая расказвае пра складаны маральны рост сталічнага валацугі, і некалькі апавяданняў пад агульнай назвай «Пра каханне і не толькі...», прысвечаных жанчынам Беларусі. 

Галоўны герой аповесці — малады хлопец Андрэй толькі шукае сваё месца і ролю ў гэтым свеце, аднак робіць гэта за кошт чужых сродкаў. У прыватнасці, бацькоўскіх. Яго не цікавяць паўсядзённыя клопаты звычайных людзей. Хлопец марыць пра вялікае, але занадта абстрактнае, з-за чаго пакутуе сам. Прыгожыя дзяўчаты, клубы, алкаголь, камп’ютарныя гульні — тое, вакол чаго будуецца жыццё маладога чалавека. Аднак бесклапотнаму існаванню прыйшоў час скончыцца, скончыцца на словах: «Позва ў ваенны камісарыят»... 

З гэтага моманту пачынаецца складаны шлях героя да маральнай сталасці і ўсведамлення сапраўдных жыццёвых каштоўнасцей. Пісьменнік бярэ за аснову дастаткова распаўсюджаную ў свеце сітуацыю, калі маладыя хлопцы пазбягаюць выканання свайго грамадзянскага абавязку самымі рознымі спосабамі. Хтосьці купляе фальшывы дакумент у паліклініцы, хтосьці ўцякае за мяжу. Сталічны валацуга збягае ў глухую вёску Касцюкі, якая, насамрэч, з’яўляецца не проста фонам для падзей, а адным з найважнейшых герояў кнігі. Як і большасць вёсак, яна ажывае толькі ў летні перыяд, калі сюды прыязджаюць дачнікі, а ў астатнія поры года застаюцца толькі некалькі мясцовых жыхароў, дзякуючы якім населены пункт працягвае жыць. Аўтар узнімае распаўсюджаную праблему — знікненне вёсак з-за ўрбанізацыі і міграцыі моладзі ў гарады. Галоўны герой, трапіўшы ў Касцюкі, спачатку бачыць у іх толькі месца вымушанага сховішча ад арміі, але паступова яго погляд мяняецца. Тут хлопец знаёміцца з дзедам Мікалаем і бабай Альжбетай, сустрэча з якімі становіцца для Андрэя лёсавызначальнай. 

У далёкай, забытай Богам і людзьмі вёсцы, малады чалавек знаходзіць свой асабісты шлях і ціхае, мірнае шчасце. 

Безумоўна, сюжэт дастаткова лірычны. З першых радкоў твора зразумела, што Андрэя нельга аднесці да сапраўдных гультаёў, якія нічым не цікавяцца і жывуць на сродкі бацькоў. Хлопец прыцягвае ўвагу глыбінёй і жаданнем знайсці сваё месца ў свеце. Чытач адразу настройваецца на трансфармацыю героя, у якой няма ніякіх сумненняў, а ад таго і інтрыгі. Аднак гэта ўмела кампенсуецца іншымі персанажамі, чые добра прапісаныя характары выклікаюць усмешку нават у скептыкаў. Такія дзяды Мікалаі і бабы Альжбеты ёсць у кожнай вёсцы. Прадстаўнікі былой эпохі, сведкі мінулага і праваднікі мудрасці — яны зрасліся з вёскай і сталі яе неад’емнай часткай. Касцюкі ў творы Сяргея Клімковіча — гэта не проста месца, а «жывая кніга, напісаная гісторыямі людзей, якія трымаліся за яго [сяло], як за апошнюю надзею». Пісьменнік праз вобраз вёскі і мясцовых жыхароў звяртае ўвагу на прыгажосць і каштоўнасць простых рэчаў, якія сёння з-за хуткага тэмпу жыцця, бясконцага прагрэсу 

і штучнага глянцу страчваюць сваю прывабнасць для грамадства. Шчырая гісторыя разгортваецца на фоне вострых сацыяльных праблем, дзе нават у ціхую вёску даносіцца рэха сусветных хваляванняў. Рамантызаваная гісторыя з цёплымі сямейнымі сцэнамі спадабаецца тым, хто стаміўся ад фальшывай карцінкі ў сацыяльных сетках.

У апавяданнях Сяргея Клімковіча гераіні не з’яўляюцца эталонам жаноцкасці, шчырасці і дабрыні. Яны хлусяць, злуюцца, інтрыгуюць, любяць і ненавідзяць, бунтуюць і мужна пераадольваюць жыццёвыя цяжкасці. Аўтар не ўзвышае і не асуджае гераінь, ён дае ім права на памылку, слабасць, на адчай і нават на здраду самім сабе. І менавіта тонкі псіхалагізм і шчырасць прыцягваюць мацней за шматстаронкавыя палотны.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю