Top.Mail.Ru

Гомельская пісьменніца Таццяна Маісеева расказвае пра творчы шлях Ханса Крысціяна Андэрсена

Аўтар: Лізавета Крупянькова
03.06.2025 | 07:00

Гомельская пісьменніца Таццяна Маісеева працягвае знаёміць юных чытачоў з біяграфіямі іх любімых творцаў. У 2024 годзе ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга «Вялікі казачнік», якая лёгкай і маляўнічай мовай расказвае пра творчы шлях Ханса Крысціяна Андэрсена (агляд можна прачытаць у № 16 за 2024 г.). Сёлета свет убачыла другая казачна-біяграфічная гісторыя пра двух братоў Грым (у суаўтарстве з Андрэем Матвіенкам), чыя літаратурная спадчына ўжо на працягу стагоддзяў з’яўляецца сусветнай каштоўнасцю.


Кожны школьнік (а магчыма, і дарослы) пагодзіцца, што знаёмства з біяграфіяй пісьменніка — самая нудная частка ўрока літаратуры. Аднак Таццяна Маісеева спрабуе змяніць гэты стэрэатып і расказаць біяграфію так, каб яна запомнілася на доўгія гады. Выданне «Наша шчасце — жыць адным лёсам...» не падобнае на сухі збор дакументальных звестак, размешчаных у храналагічным парадку. Гэта лірычная гісторыя жыцця і творчасці, якая ў казачнай форме добра ўспрымаецца маленькімі чытачамі. 

Творчасць братоў Грым вядома на ўвесь свет. На казках, якія Якаб і Вільгельм старанна збіралі па ўсёй Германіі на працягу жыцця, вырасла не адно пакаленне дзяцей у розных кутках свету. «Папялушка», «Хлопчык-з-пальчык», «Чырвоная Шапачка», «Кот у ботах», «Беласнежка і сем гномаў», «Брэменскія музыкі», «Спадарыня Завіруха» і іншыя чароўныя гісторыі і сёння адкрываюць таямнічы свет казкі для самых маленькіх. 

Таццяна Маісеева вядзе аповед у храналагічным парадку, знаёмячы чытачоў з дзяцінствам будучых творцаў, іх юнацтвам і траўматычным працэсам сталення, які пачаўся ў складаны для краіны час. Абраўшы шлях бацькі, браты пайшлі вучыцца на юрыстаў, каб працягнуць сямейную традыцыю. Аднак душой і сэрцам яны імкнуліся да літаратуры. Пісьменніца спрабуе раскрыць асобу кожнага, пазнаёміць чытачоў не з вялікімі даследчыкамі, а з простымі людзьмі, з іх марамі і болем, надзеямі і расчараваннем.

На шляху да сусветнага прызнання браты Грым сустрэлі мноства перашкод: смерць родных, напружанае палітычнае становішча, вайну, хваробы і беднасць... Аднак гэта не спыніла іх памкненняў захаваць літаратурную спадчыну свайго народа і перадаць яе ўсяму свету. Юрысты па прафесіі, але лінгвісты па прызванні, яны старанна працавалі не дзеля грошай і славы. Удзень — работа сакратаром, ноччу — даследаванне старадаўніх рукапісаў, пераклады, апрацоўка старажытных тэкстаў і доўгачаканы адпачынак душы. Браты ахвяравалі сном, спакоем і здароўем, каб лішнюю гадзіну правесці ў старой бібліятэцы за стосамі навуковых і фальклорных выданняў старажытнасці, знаходзячы ў гэтай цішыні натхненне і гармонію.

Твор прасякнуты духоўнай сувяззю двух таленавітых майстроў, якія маглі працаваць паасобку, аднак падпісваліся заўсёды проста: «Браты Грым». Акрамя знакамітых на ўвесь свет зборнікаў казак і паданняў, Якаб і Вільгельм выдалі манументальныя работы «Нямецкая граматыка», «Нямецкія легенды», «Нямецкі слоўнік», якія сталі важнай прыступкай на шляху даследавання нямецкай мовы і гісторыі.

Кніга «Наша шчасце — жыць адным лёсам...» — добрая магчымасць зацікавіць дзяцей сухімі, на першы погляд, біяграфічнымі звесткамі і пазнаёміць з працэсам стварэння іх любімых гісторый. Выданне напоўнена яркімі ілюстрацыямі Алега Грубіна, які таксама працаваў над першай біяграфічнай кнігай «Вялікі казачнік».

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю