Top.Mail.Ru

Горад мары як рэальнасць...

Аўтар: Ларыса Цімошык
30.09.2025 | 17:00
Альбо Пяць прынцыпаў у архітэктуры Ле Карбюзье

Калі мы ходзім па прамых шырокіх вуліцах, калі праходзім кварталы і шпацыруем па зялёнай зоне ўздоўж Свіслачы, то наўрад ці задумваемся: а як складваўся такі вобраз горада, у якім большасць мікрараёнаў з’явіліся ўжо пасля вайны? Адказы дапамагае шукаць прафесійная супольнасць: сёлета Беларускі саюз архітэктараў адзначае 90-годдзе. Гэтая дата прымушае прааналізаваць, што мы маем і да чаго імкнёмся. Але дапамагае знайсці і тое агульнае, што дазваляе разглядаць сучасны Мінск (і іншыя гарады нашай краіны) у кантэксце сусветных архітэктурных тэндэнцый апошняга стагоддзя, згадаць швейцарска-французскага архітэктара Ле Карбюзье. Пра яго летам нагадалі праз выстаўку, выпусцілі налепкі, алоўкі, закладкі для кніг з яго партрэтам.

Напярэдадні адкрыцця XVI Нацыянальнага фестывалю архітэктуры ў сталічным кінатэатры «Перамога» адбыўся паказ дакументальнай стужкі «Сіла ўтопіі», прысвечанай чалавеку, які здолеў зрабіць немагчымае магчымым: ажыццявіў план пабудовы цэлага горада як цэльнага архітэктурнага ансамбля. Так у Індыі на абсалютна новым месцы ўзнік горад Чандзігарх. Пра яго распавядае фільм, які варта было б паглядзець не толькі будучым архітэктарам, спецыялістам і мастацтвазнаўцам, якія прыехалі на прагляд з усёй Беларусі.

Амбіцыйныя планы

«Мы прысвячаем шэраг мерапрыемстваў славутаму архітэктару Ле Карбюзье, які нарадзіўся ў Швейцарыі, жыў у Францыі, але паўплываў на ідэі забудовы гарадоў ва ўсім свеце, — адзначыла пасол Швейцарыі ў Беларусі Крысціна Хонегер Залатухін. — Сёлета споўнілася 60 гадоў з дня яго смерці — гэта нагода, каб успомніць аб ім». 

Шарль-Эдуар Жанерэ-Гры (вядомы пад псеўданімам Ле Карбюзье) лічыцца апалагетам урбаністыкі і функцыяналізму ў архітэктуры. Ён быў вялікі наватар, які насуперак уяўленням пра немагчымасць ажыццявіць смелыя задумы, ішоў і працаваў, ствараў праект — яго прымалі, з ім пагаджаліся, а то і запрашалі спецыяльна, разумеючы: атрымаецца нешта не падобнае на тое, што было раней у гарадской забудове. Так, з набыццём незалежнасці Індыяй яе лідар Джавахарлал Неру вырашыў пабудаваць горад, якога ніколі не было раней, — каб адысці ад мінулага і падкрэсліць скіраванасць краіны ў будучыню. Ёсць у гэтым пэўны сімвалізм: Неру на прыкладзе сваёй краіны разумеў, што рэальным можа быць нават тое, што дагэтуль лічылася немагчымым. Дык чаму не можа ўзнікнуць горад-сімвал — як рэалізацыя смелай ідэі, як увасабленне мары (перш за ўсё аўтара праекта, які быў ужо вядомым архітэктарам, але вельмі хацеў, каб горад узнік паводле адзінага плана)? Стваральнікі фільма «Сіла ўтопіі», швейцарскія рэжысёры Карын Бухер і Томас Карэр, звяртаюцца да тых часоў, калі пасля Другой сусветнай вайны распалася Брытанская імперыя і з’явіліся такія краіны як Індыя і Пакістан,

Насамрэч дзякуючы такому рэжысёрскаму падыходу мы разумеем, як грамадска-палітычнае жыццё звязана з творчым і мастацкім працэсам. Так, індыйскаму штату Пенджаб быў патрэбны адміністратыўны цэнтр (былы адышоў да Пакістана). 

Яго вырашылі проста ўзвесці на свабоднай тэрыторыі. Да таго часу Ле Карбюзье паспеў папрацаваць у дзясятку краін, нават у СССР, марыў перабудаваць Парыж, які лічыў хаатычным. Запрашэнне з Індыі дало ўнікальную магчымасць закласці гарманічны горад паводле адзінага архітэктарнага плана. 

Тут трэба патлумачыць, што яго план спатрэбіўся не адразу. Шукалі тых, хто зможа рэалізаваць задачы, пастаўленыя ўрадам Індыі: у 1949 годзе звярнуліся да амерыканскага архітэктара Альберта Маера, які ў партнёрстве з Мюцью Навіцкім распрацаваў генеральны план пабудовы горада каля падножжа Гімалаяў. Пасля гібелі Навіцкага запрасілі Ле Карбюзье, які да гэтага рэалізаваў шмат смелых задум па ўсім свеце, але ў Паўднёвай Азіі яшчэ не працаваў. А тут — вялікая тэрыторыя, цэлы горад на пяцьсот тысяч жыхароў, для якіх трэба было запланаваць жылыя дамы, прамысловыя і камерцыйныя будынкі, рэкрэацыйныя зоны. Але галоўная ідэя — адзінай прасторы ў злучэнні з чалавечай супольнасцю — была не проста амбіцыйнай, яна давала магчымасць рэалізаваць усе асноўныя прынцыпы, што былі істотнымі для Ле Карбюзье ў горадабудаўніцтве: дамы на слупах (не толькі цэгла, але і пластычны бетон даюць магчымасць зрабіць іх функцыянальнымі), свабодная планіроўка, вокны-стужкі, каб было больш святла, свабодны фасад і плоскі дах, падобны на тэрасу, каб можна было ўпісаць у прастору расліны.

Далучанасць да прыроды для яго была надзвычай важнай: у Чандзігарсе шмат зялёных зон, каб чалавек не быў заціснуты пабудовамі, а адчуваў сябе больш свабодна. Архітэктура, на думку майстра, моцна ўплывае на светаадчуванне чалавека, таму арганізацыя жылля і гарадской прасторы можа змяніць грамадства. Час прайшоў, што цяпер? 

Адкрытая прастора

Рэжысёры скіроўваюць увагу на тое, што ўяўляе сабой Чандзігарх у наш час. Гэта той жа горад, дзе ўсё рацыянальна і функцыянальна. Збольшага захоўваецца першасны прынцып падзелу на сектары, у якіх прадугледжана ўсё: жылыя дамы, будынкі з інфраструктурай (навучальнымі і іншымі сацустановамі) і месцы для адпачынку. Вакол горада — «зялёнае кальцо» шырынёй у 16 кіламетраў. Прадугледжвалася, што новыя забудовы за яго не выйдуць. Маляўнічыя зялёныя зоны ўнутры сектараў, размежаваныя шырокімі транспартнымі шляхамі. Вуліцы — зялёныя, і гэта было таксама закладзена планам (калі добра падумаць, то можна знайсці паралелі з сучаснымі беларускімі гарадамі — гэта насамрэч уплыў Ле Карбюзье!).

Але нас цікавіць, як у засушлівай мясцовасці можа існаваць гэты горад? Ён — зялёны, з лаканічнай архітэктурай, дзякуючы чаму паміж будынкамі ёсць натуральная вентыляцыя. Дамы не проста «машыны для жылля», але ўвасабленне мары пра даступны для ўсіх узровень камфорту. Паводле задумы Ле Карбюзье, усе будынкі невысокія, адпавядаюць ладу жыцця мясцовага насельніцтва. Таму прымянялі некаторыя традыцыйныя прыёмы індыйскага дойлідства, у прыватнасці, сонцаахоўныя рашоткі на фасадах будынкаў. У групе, якая працавала над рэалізацыяй плана майстра, былі дзевяць індыйскіх архітэктараў. Успаміны аднаго з іх, Шармы, гучаць у фільме. 

Сацыёлагі амаль адразу пасля засялення сталі вывучаць горад, і былі скептычныя ў ацэнках. Але немагчыма спрачацца з тым, што адмысловая арганізацыя гарадскога асяроддзя вельмі прыцягвае сюды людзей. У пэўны перыяд часу жыць тут было прэстыжна, а жыллё каштавала дорага. Праўда, з улікам шчыльнасці насельніцтва ў Індыі, Чандзігарх змяніўся: цяпер гэта горад-мільённік. З усімі наступставамі, відавочнымі і не вельмі. 

Нават з улікам перанаселенасці сам вобраз горада застаецца ўвасабленнем ідэі архітэктара — чысціня ліній, вонкавая прастата, пры якой праз бетон можна адлюстраваць сутнасць формы ды захоўваць святло. А расліны — яны ж таксама як паўнавартасныя жыхары!.. 

Людзі ў кадры распавядаюць, як горад уплывае на іх самаарганізацыю, на ўяўленне пра свет, на стасункі з іншымі — мы на адлегласці можам разважаць, наколькі ўсё гэта надумана і штучна. Але тыя, хто апынуўся ўнутры гэтай архітэктурнай сістэмы, успрымаюць яе як адзіны арганізм. Нездарма жыць у Чандзігарсе прэстыжна. Гучаць галасы розных людзей: простых гараджан, архітэктараў, мастакоў, артыстаў, выкладчыкаў. У горадзе шмат навучальных устаноў, у тым ліку ёсць каледжы мастацтваў і архітэктурны (даніна цяпер ужо легендарнаму аўтару праекта). Нягледзячы на перанаселенасць, Чандзігарх застаецца адным з найбольш зручных для жыцця, чыстых і прыгожых гарадоў Індыі, што можна заўважыць па здымках, зробленых на вуліцах. 

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю