Top.Mail.Ru

Гульні з фаготам, ці Трэці са світы Воланда

19.08.2026 | 18:13

Ідэя напісаць некалькі радкоў пра самага загадкавага персанажа світы Воланда Кароўева-Фагота нарадзілася вельмі даўно, у пачатку 1990-х, калі я працавала над невялікім анімацыйным фільмам па італьянскай народнай казцы. Відэарад меркавалася зрабіць у стылістыцы італьянскага тэатра дэль артэ, і гэта навяло мяне на вельмі цікавыя асацыяцыі. 

Чаму ж я пішу толькі цяпер? Былі іншыя задумы, праекты... Творчыя людзі ведаюць, што ідэі і героі раманаў маюць ўласцівасць ухіляцца ад кантролю аўтара і дыктаваць яму свае правілы. Магчыма, менавіта цяпер прыйшоў час гэтага артыкула.

Калі коратка: большасць даследчыкаў «Майстра і Маргарыты» сыходзяцца ў вызначэнні паходжання Азазела і Бегемота. Так, першы, па звестках з бібліі, паходзіць ад дэмана-спакусніка, які навучыў мужчын рабіць зброю і люстэркі, а жанчын упрыгожваць сябе касметыкай. Другі — сумна вядомы чалавецтву па біблейскай кнізе Іава і па сюжэтах сярэднявечных легенд. У апакрыфічнай старазапаветнай кнізе Эноха Бегемот — д’ябал, «пачвара са слановай галавой, з хобатам і ікламі». Быццам, ён нават з’яўляўся Жанне д’Арк. 

А вось здагадкі аб прыродзе трэцяга персанажа — Кароўева-Фагота адрозніваюцца, а часам заводзяць у тупік. Але пагадзіцеся, неяк дзіўна, што Булгакаў, паказаўшы абодвух легендарных дэманаў у якасці світы Воланда, абышоў увагай трэцяга, не ўдастоіўшы яго знакавым паходжаннем. 

Пачынаеш задумвацца: можа быць, нам проста туманяць вочы? «Маг, рэгент, чарадзей, перакладчык або чорт яго ведае хто на самай справе» здольны задурыць галаву ўсякаму, а адказ ляжыць на паверхні? 

Што мы ведаем пра Фагота? 

Мабыць, першае, што прыходзіць на розум — гэта бліскучае блюзнерства і буфанада таямнічага «рэгента», яго бясконцыя, часам жорсткія, розыгрышы і... клятчасты касцюм! Нікога не нагадвае?

Арлекін, адзін з самых вядомых персанажаў народнай італьянскай (успамінаем стваральніка фагота) камедыі!

Думаеце, супадзенне? Тады вось некалькі цікавых фактаў паходжання гэтага сусветна вядомага блазна ў клятчастым касцюме з пацешнай «рагатай» шапкай на галаве. 

«Імя Арлекін з’явілася ў некалькі іншай транскрыпцыі, не ў тэатры, а ў французскіх інфернальных легендах, несумненна, да 1100 года, г. зн. за палову тысячагоддзя да з’яўлення камедыі дэль артэ. У сярэднявечнай пякельнай іерархіі Элекен або Эрлекен займаў адно з вельмі заўважных месцаў —правадыра процьмы д’яблаў. Разам з ім яны складалі нешта накшталт „дзікага палявання“, г. зн. насіліся над зямлёй, вычвараючы ўсякія бясчынствы над людзьмі...» 

«...Перш, чым патрапіць у кампанію італьянскіх камедыянтаў, гэтае тварэнне змрочнай фантазіі сярэднявечных лю-

дзей, народжанае містэрыйным д’яблам і процьмай дантаўскіх чарцей, узброеных віламі (сярод іх жа таксама згадваецца дэман па імені Алікіна), Арлекін сутыкнуўся з раннімі формамі тэатральных паказаў яшчэ да свайго, так бы мовіць, афіцыйнага выступлення — у містэрыях, дзе ён быў дэманам і мучыў грэшнікаў у пекле» (Джывялегаў А. К. «Італьянская народная камедыя»).

Ну як, подобна на тое? Праз стагоддзі клятчасты касцюм Арлекіна, узорам для якога паслужыў касцюм італьянскага абарванца з тысячай латак, увасобіўся ў «недарэчны клятчасты касцюм» Кароўева-Фагота. 

Аднак у канцы рамана рэгент-жартаўнік ператвараецца ў сумнага рыцара без ценю ўсмешкі. На пытанне Маргарыты, чаму Кароўеў так выглядае, Воланд адказвае, што прычына пакарання хаваецца ў няўдалым жарце героя пра цень і святло. Рыцар-блазан? Цалкам відавочная паралель.

Біскуп Парыжа Гіём Авернскі ў сваім трактаце De universe («Пра Сусвет»), напісаным паміж 1231 і 1236 гадамі, ставіць пытанне аб сутнаснай прыродзе «коннікаў ночы, рыцараў», якіх, па яго словах, на французскай мове называюць Mesnie Hellequin — світа Элекена, а па-іспанску Huesta Antigua (Exercitus antiquus) — Старажытнае войска. Відавочна, што гаворка ідзе пра душы пакараных рыцараў альбо дэманаў.

Што ж такое Дзікае Паляванне і навошта яно з’яўляецца на зямлі? Гэта кавалькада вершнікаў, якая імчыць за сваім правадыром. З’яўляецца яна падчас буры (ці сама яе выклікае), суправаджаецца вялікім шумам, ветрам, маланкамі, і г. д. Трэба меркаваць, апошні палёт Майстра і быў падарожжам у гэтай цёмнай кампаніі.

Гэтым змрочным вершнікам няма справы да жывых. Задача Дзікага Палявання і яе важака — сабраць усе страчаныя душы і правесці іх у іншы свет. 

У тым ці іншым выглядзе гэтае старажытнае паданне існуе практычна ва ўсіх еўрапейскіх народаў, яго адгалоскі сустракаюцца нават у індуізме. Няма сумненняў, што сын багаслова Міхаіл Булгакаў быў знаёмы з гэтай легендай, якая наводзіць на думкі аб тонкай мяжы паміж ценем і святлом.

Магчыма, паглыблены менавіта ў гэтыя думкі «змрочны рыцар» Элекен калісьці няўдала пажартаваў, і яго нашчадку

Арлекіну давялося весяліць публіку яшчэ доўгія стагоддзі...

Алена ТУРАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю