Жанр пазначаны як раман-эсэ. Фактычна гэта раман з эсэ-цаглінак, дапоўнены вершамі аўтара. Гарманічная, змястоўная анатацыя чытаецца як яшчэ адно мініяцюрнае эсэ аўтара.
Кніга ў многім аўтабіяграфічная. Яна складаецца з паэмы лёсу «Вось і я...» у чатырох частках (аповесцей са сваімі назвамі), якія адпавядаюць храналогіі лёсу галоўнага героя-апавядальніка; далей ідуць багатая нізка падабраных апавяданняў і нізка вершаў, якія лірычна-шчымліва дапаўняюць характар галоўнага героя, падаюць згушчаны вобраз яго любімага горада дзяцінства і маладосці — Полацка. Дарэчы сказаць: Навум Гальпяровіч з’яўляецца ганаровым грамадзянінам беларускіх гарадоў Полацка і блізкага Наваполацка, што стала доказам важнасці яго грамадскай дзейнасці і літаратурнай творчасці.
Праз усе часткі гэтай своеасаблівай кнігі-вітража праходзіць тэма станаўлення гараджаніна як чалавека і суб’екта гісторыі. Тэксты адзначаны эстэтызацыяй рэчаіснасці, лірычнымі замалёўкамі і пэўнай аўтарскай пазіцыяй пасталелага, мудрага чалавека са сфарміраванай сістэмай маральна-этычных каштоўнасцей. На сваё мінулае пісьменнік глядзіць скрозь шкельцы любові і разумення.
Сям’я, радня, першае наведванне бібліятэкі і першыя кнігі, школа, дзіцячыя захапленні (кнігамі, тэатрам, веласіпедам, футболам), першае каханне, сапраўднае юначае сяброўстваў старэйшых класах, першая праца — на вытворчасці, з далейшымі прыгодамі і пачаткам працы ў полацкай газеце, а пасля — на радыё нава-полацкага вытворчага камбіната «Палімір», уступныя экзамены і вучоба ў ВНУ, напісанне журналісцкіх матэрыялаў, стварэнне лірычных вершаў і стварэнне сям’і, і ўрэшце — уласнага шляху ў літаратуры, журналістыцы, жыцці. Вось тэматыка і храналагічная канва новай кнігі «Чырвоны мост». Між іншым, Чырвоны мост —гэта рэальная назва старога полацкага моста праз раку Палату. Па легендзе, у час вайны з Напалеонам тут адбыўся жорсткі бой паміж французскімі і рускімі войскамі, нават мост пачырванеў ад пралітай крыві салдат. Пасля на мосце былі ўстаноўлены парэнчы са шчытамі з адпаведнай вайсковай сімволікай. І нават пасля сучаснага рамонту моста гэтыя шчыты чырвонага колеру засталіся на парэнчах як частка дэкору і ў падтрымку гістарычнай назвы. Уся кніга «Чырвоны мост» — гэта настальгічнае блуканне сталага аўтара-апавядальніка па вуліцах і завулках, дварах і плошчах, запаветных храмавых будынках, нябачных падземных лабірынтах любімага горада сваёй памяці — Полацка.
У беларускай літаратуры, як і ў сусветнай, апошнія дзесяцігоддзі назіраецца рост колькасці празаічных твораў, якія носяць аўтабіяграфічны характар і дзе маецца нават дакументальны пачатак: раманы-эсэ Яўгена Хвалея «Сярэбраныя таполі», Андрэя Федарэнкі «Мяжа», Наталлі Касцючэнка «Вярба над вірам» і іншыя, раней — «эсэйная проза» Міхася Стральцова, Уладзіміра Караткевіча, партрэтны раман пра Янку Купалу «Як агонь, як вада...» Алега Лойкі (наватарскі па форме для 1980-х, які пасля шмат перавыдаваўся). Не кажучы ўжо пра беларускую класіку! Бадай кожны пісьменнік — гэта скульптар, які творыць кнігі з гліны самога жыцця.
Сёння у светапогладзе многіх людзей (мяркуем, таксама і ў сувязі з масавым выкарыстаннем найноўшых інтэрнэт-тэхналогій і блогавядзеннем) пашырылася імкненне да шчырасці, адкрытасці, разам з цягай да спавядальнасці і грамадскага, нават прыватнага водгуку (імгненных водгукаў!). Але не ўсе мемуары, ЖЖ, электронныя выданні і густа спісаныя папяровыя сшыткі становяцца сапраўднай літаратурай, даюць нам, па трапным вызначэнні Навума Гальпяровіча, «асалоду чытання». У многіх адсутнічае аўтарская пазіцыя. Хоць бы які намёк на шкалу традыцыйных каштоўнасцей нацыі. А ў рамане-эсэ Гальпяровіча гэта ёсць. Ён сам для чытачоў той далёкі полацкі настаўнік, што расказвае новыя легенды і паданні пра горад, знаёмых людзей, увогуле жыццё.
І яму верыш!..
Пасля паэмы лёсу «А вось і я...», якую ўдала ўпрыгожваюць «паэтычныя фрэскі» з твораў Андрэя Вазнясенскага, Арсенія Таркоўскага і ўласна аўтара, чытач сустракаецца зноў з тымі ж героямі ў частцы «Шляхі і вяртанні», якая складаецца з эсэ-апавяданняў. Там нават называюцца знаёмыя чытычу па папярэдніх старонках прыгоды ці абставіны, але расказаны яны аўтарам па-іншаму, верагодней, у іншы храналагічны час свайго жыцця. Гэта дорыць чытачу радасць пазнавання, радасць сустрэчы са знаёмцамі, як бывае і ў жыцці! Такую аўтарскую тактыку хочацца адзначыць асобна як удалую (бо той-сёй пісьменнік сёння, бывае, захапляецца ўводам у празаічны тэкст новых і новых персанажаў, прыдумляе ім цяжкія, неіснуючыя ў рэальнасці імёны, асабліва ў фэнтэзі; і гэта, на жаль, ускладняе ўспрыманне твора як цэласнага, гарманічнага палатна; Гальпяровіч тут — збалансаваны мінімаліст).
Паэт, празаік, публіцыст, спрактыкаваны газетны, радыё- і тэлежурналіст, Н. Гальпяровіч па-майстэрску праводзіць свайго рознаўзроставага эпічнага героя не толькі праз розныя гады, але і праз розныя лакацыі: у кнізе ён палачанін і навапалачанін, а вось ужо мінчанін, а потым — успамінамі — зноў у Полацку, у блізкіх яму вёсках і ў Гродне, дзе праводзіў у цёткі школьныя канікулы і спазнаў шмат новага з кніг яе дамашняй бібліятэкі. Па сутнасці перад намі вечны сюжэт ініцыяцыі галоўнага героя, ператварэнне яго з хлопчыка ў мужчыну, грамадзяніна сваёй краіны. Параўнайце назвы асобных частак «Горад» — «Дзе хлопчык той?..» — «Вось і я...». Толькі час-шаман вядзе хлопчыка для ініцыяцыі не ў складаную прастору раслін, а ў не менш складанае гарадское асяроддзе. З якога і паўстала наша цывілізацыя.
Сёння Полацкае княства лічыцца калыскай беларускай дзяржаўнасці; а Ефрасіння Полацкая, якую падавалі маленькаму хлопчыку як цемрашалку, названа святой ахоўніцай Беларусі. Гэтыя метамарфозы сталі дадатковай скразной метафарай рамана: галоўным зместам з’яўляецца «пераход праз чырвоны мост» (у беларускім фальклоры яшчэ
«Калінавы мост», дзе адбываецца бойка героя з Цудам-юдам). Галоўная гераіня апавядання пра каханне «Маруся» носіць чырвоную сукенку з кароткімі рукавамі.
Моц аўтарскай стратэгіі крыецца ў вялікім, унікальным жыццёвым вопыце аўтара-апавядальніка. Навум Гальпяровіч узбагачае мову сваіх герояў і аўтарскі тэкст мясцовымі словамі і фразеалагізмамі, падае рэальныя і пераствораныя ўласныя імёны і мянушкі сваіх герояў: суворы, бэйбус, літраб, «наддзвінцы», «партовы горад Экімань», Чырвоны мост і Чырвоныя могілкі, Караедня (Лясны тэхнікум), сябры Касівус і Дзядзька Том, настаўнік Тры-чаціры і інш.
Аўтар выкарыстоўвае, побач з прыёмамі рэалістычнага пісьма, механізм узвышанай эстэтызацыі ў тэксце сваіх апавяданняў-эсэ і асабліва ў вершах, змешчаных у раздзеле «Голас і рэха». Здаецца, добра знаёмыя чытачам па ранейшых публікацыях вершы, але ў гэтай кнізе яны гучаць нечакана па-новаму. Асабліва «Мой Полацк — мой Ерусалім», «Я вучань...», «Так цяжка быць проста шчырым...», «Гарбаты», «Маналог гарадскіх ускраін...», «Я пакідаю вулкі і дамы...» У нечым яны пераклікаюцца з кнігай «Пункціры» Алеся Ра-занава, з яго рэальнымі прагулкамі па горадзе з нататнікам у руках. Як прызнаецца аўтар «Чырвонага моста», Разанаў вылучыў калісьці яго верш «Я вучань...» як адмысловы ў творчасці маладога Гальпяровіча і працытаваў на памяць радкі...
Для напісання эсэ, тым больш рамана-эсэ, патрэбны жыццёвы вопыт, рознабаковая адукацыя, уменне зацікавіць чытача сваімі думкамі, уражаннямі, разважаннямі, высновамі, нетрывіяльны падыход да з’яў рэчаіснасці, свой пазнавальны стыль. Усё гэта ёсць у Навума Гальпяровіча — аўтара новай кнігі. Высокая ступень псіхалагізму і самабытнасць аўтарскага ўспрымання дадаюць ёй прывабнасці і важкасці.
Кніга густоўна аформлена і знешне падобная на трохмерны чорна-белы афорт (мастак Міхаіл Дайлідаў; у гэткім жа стылі аформлена і папярэдняе выданне Н. Гальпяровіча «Ветразь лёсу», як і ўся серыя «Бібліятэка беларускай прозы», толькі малюнак іншы). Гэта кніга-афорт, якую можна паставіць на кніжную паліцу не бокам, «у профіль», а «анфас», як невялікую карціну ці сямейную фатаграфію... Прыгледзімся: гэта ж сам аўтар (герой-апавядальнік) ідзе па Чырвоным мосце на малюнку!
А 2025-ы — гэта яго год-пераход: у раманісты.
Віншуем Навума Гальпяровіча з новым жанрам у творчасці!
Людка СІЛЬНОВА