Дастаеўскі заўсёды адыгрываў важную ролю ў жыцці рэжысёра Дзмітрыя Акімава. Яго першай пастаноўкай яшчэ ў студэнцкія гады стаў спектакль «Брат Іван» паводле твора «Браты Карамазавы».
— Я на Дастаеўскага заўсёды глядзеў з пазіцыі яго пяцікніжжа. Да яго іншай прозы толькі пачынаў падбірацца. І тут паступіла прапанова ад мастацкага кіраўніка тэатра Вольгі Няфёдавай. І я зразумеў, што гэта добрая магчымасць зноў вярнуцца да майго любімага аўтара, каб выбудаваць з ім дыялог, — падзяліўся рэжысёр.
У выніку атрымаўся спектакль у жанры трагікамедыі.
— Гэта востры гратэскавы жанр, накіраваны на папулярызацыю класічнай літаратуры, на тое, каб малады глядач убачыў, што класіка неверагодна цікавая формай і зместам, — адзначыў Дзмітрый Акімаў. — Не разумею, калі рэжысёры імкнуцца поўнасцю рэтрансліраваць эпоху. Заўсёды спрабую знайсці спалучэнне з сучаснасцю. Не пераношу гэтую гісторыю ў сённяшні дзень, а раблю стылізацыю эпохі і «пазачассе», якое дапамагае гледачу больш востра актуалізаваць матэрыял і тэму.
Менавіта дзякуючы такому падыходу атрымалася зрабіць пастаноўку вельмі інтэрактыўнай. Адчыняеш дзверы тэатра — і трапляеш у таямнічую і крыху злавесную атмасферу горада Мардасава. Яшчэ да пачатку спектакля некаторыя яго героі расхаджвалі па фае і калідорах, перакідваючыся загадкавымі фразамі. Усё гэта вельмі інтрыгуе: хто яны і што ж будзе далей?..
А далей — яшчэ больш узаемадзеяння з гледачом. Для герояў гэтага спектакля не існавала абмежавання ў сцэнічнай прасторы. Яны былі ўсюды: выбягалі на сцэну з залы, выглядвалі з вышыні балконаў... Такое адчуванне, што гледачы самі станавіліся ўдзельнікамі дзеяння і гасцямі загадкавага горада.
Харэаграфія ў спектаклі займае асаблівае месца і становіцца яго упрыгажэннем. Як і цікавыя акцэнтныя дэкарацыі. Усё гэта дапамагае рэалізаваць задуму рэжысёра пра «пазачассе». Так, галоўная гераіня Зіна ў вобразе лялькі-марыянеткі замест класічнага раманса выконвае сучасную песню, а дамы ў доўгіх сукенках з запалам танцуюць пад яркія музычныя кампазіцыі. Харэографам выступіў Кірыл Балтрукоў, а мастаком-пастаноўшчыкам — Аляксандр Камянец.
Для расійскага рэжысёра Дзмітрыя Акімава гэта ўжо другі рэалізаваны на сцэне Купалаўскага спектакль. Першы — «А зоры тут ціхія» — быў вельмі добра прыняты беларускім гледачом. Рэжысёр прызнаўся, што беларуская мова даецца яму ўжо даволі лёгка, а з трупай Купалаўскага тэатра працаваць — адно задавальненне. Акцёры яму таксама адказваюць узаемнасцю.
— Я ўдзячны тэатру за магчымасць працаваць з такімі моцнымі і таленавітымі рэжысёрамі, як Дзмітрый Акімаў. Гэта другі раз, і, здаецца, мы ўжо добра ведаем адзін аднаго, але калі возьмем «А зоры тут ціхія» — спектакль зусім іншай напоўненасці. Там іншы Дзмітрый і зусім іншыя мы, — падзяліўся акцёр Барыс Цяцёркін. — Роля Паўла Мазглякова ў спектаклі «Дзядзечкаў сон» — яшчэ адзін крок да тэатральных вяршынь, якія хочацца некалі ў жыцця дасягнуць, і новая праява мяне як чалавека і артыста.
У сваю чаргу актрыса Ганна Мешчаракова, якая выконвае галоўную жаночую ролю Зіны Маскалёвай, таксама адзначыла, што ва ўсёй трупы адбылося паразуменне з рэжысёрам.
— Вельмі мала ў наш час рэжысёраў-педагогаў. Дзмітрый жа вельмі дакладна падказвае моманты, над якімі трэба папрацаваць і якія дапамагаюць у стварэнні вобраза, — падзялілася яна.
Па словах Ганны Мешчараковай, роля Зіны далася ёй няпроста.
— Калі я чытала «Дзядзечкаў сон», у мяне склаўся пэўны вобраз галоўнай гераіні, а вось рэжысёр яе бачыў па-свойму. Так, я да гэтага часу спрабую зразумець, што канкрэтна ён заклаў. А ўвогуле гэта вельмі цікава. Зіна моцна адрозніваецца ад усіх жыхароў Мардасава. Я палюбіла яе, як люблю абсалютна кожнага свайго персанажа і дагэтуль працягваю працаваць над роляй, — заключыла актрыса.
Фота аўтара