Top.Mail.Ru

Ірына Яромкіна: Тое, што я адбылася як балерына, напэўна, — лёс

Аўтар: Ларыса Цімошык
18.02.2025 | 07:00

У лютым народнай артыстцы Беларусі даверылі адкрыць новы праект Вялікага тэатра «Жыццё ў прафесіі». Але яе багатае прафесійнае жыццё працягваецца, нягледзячы на перажытую цяжкую траўму, яно неаддзельнае ад жаночага лёсу, у якім ёсць безумоўнае шчасце: Ірына — маці траіх дзяцей. Таму дзіўна, што для бенефісу прымы-балерыны выбралі спектакль «Ганна Карэніна»...




— Здаецца, што Ганна Карэніна — ваш антыпод, калі зыходзіць з чалавечага пункту гледжання: вам больш падыходзяць рамантычныя гераіні…

— У пачатку свайго творчага шляху я не разумела, што мне больш падыходзяць лірычныя партыі, што я не Кармэн, не Кітры. Калі гляджу свае раннія запісы, то разумею, чаму мяне бачылі ў вобразах больш вытанчаных гераінь. У мяне знешнасць вельмі далікатнай, рамантычнай дзяўчыны. Але кожнай балерыне хочацца паспрабаваць неардынарныя складаныя вобразы. Такія, як Адэта-Адылія. 

А калі разабрацца, усе ролі рамантычныя — пра каханне. Жаночыя вобразы разнапланавыя, але ёсць агульная аснова, на якую накладваюцца розныя эмоцыі. Сапраўдная артыстка павінна быць не толькі лірычнай гераіняй.

— Вы даўно танцуеце, папоўнілі свой творчы багаж, але па-ранейшаму вытанчаная дзяўчына. Што дапамагае трымаць форму?

— Маё стаўленне да прафесіі. Я разумею, што балерына павінна быць стройнай. Бо нездарма, калі адбіраюць дзяўчынак у балет, глядзяць, каб была тонкая шчыкалатка, тонкія доўгія мышцы. Але ёсць такі перыяд сталення, калі пачынаюць папраўляцца — складана трымаць сябе ў форме, але трэба праявіць характар, навучыцца ў нечым сабе адмаўляць на шляху да мэты. Я разумею патрабаванні і не магу дазволіць сабе выйсці на сцэну, калі ім не адпавядаю. Таму карэкцірую перш за ўсё харчаванне. Не трэба есці шмат салодкага. Але я люблю смачныя дэсерты. Мне трэба трымаць сябе ў ідэальнай форме для такіх спектакляў, як «Спартак», «Стварэнне свету». Як казала Мая Міхайлаўна Плісецкая: калі што, рот на замочак…

— Дзеля кар’еры яна многім ахвяравала як жанчына. Вы выбралі іншы шлях. У вас трое дзяцей, пасля іх нараджэння вы вярталіся на сцэну вельмі хутка…

— У дзяцінстве, калі мы вучыліся, чулі розныя гісторыі пра балерын. Плісецкая пісала аб тым, што яна не гатова дзеля дзіцяці прапусціць сезон. Гэтыя стэрэатыпы потым жывуць з дзяўчынкамі. Але я вельмі люблю дзяцей і ўявіць сабе не магу, што можна ў прынцыпе выбіраць паміж імі і кар’ерай. Тут адыгралі вялікую ролю маё выхаванне і прынцыпы. І разуменне: калі Бог мне дае дзіця, значыць, ён дае шчасце быць мамай.

Тое, што я адбылася як балерына, напэўна, — лёс. Не марыла стаць прымай. Проста была дзяўчынкай, якая старалася рабіць усё добра. Да вучобы ставілася адказна. Калі трэба было здаваць экзамены, сур’ёзна да іх рыхтавалася, у тым ліку па агульнаадукацыйных прадметах, а не толькі па спецыяльных. Імкнулася скончыць каледж з добрым атэстатам. 

У мяне не было асаблівага імкнення танцаваць вядучыя партыі, хоць у душы такая мара, вядома, жыла. Але мець сям’ю і дзіця ў нейкі момант аказалася больш важна. Мне тады вельмі дапамагала мама, а я хадзіла на працу. Але ж не магла працаваць дрэнна! Нават у кардэбалеце. Імкнулася быць найлепшай. Мае сяброўкі і аднакурсніцы хацелі адразу танцаваць вядучыя партыі. Я ж для сябе гэта адклала на некалькі гадоў.

Калі вярнулася ў тэатр пасля нараджэння дзіцяці, на мяне звярнулі ўвагу. Перш за ўсё Юрый Антонавіч Траян, які даверыў мне сольныя партыі — я была адным з анёлаў у «Стварэнні свету», вагантам у «Карміне Бурана», феяй у «Прыгажуня, якая спіць». А потым Валянцін Мікалаевіч Елізар’еў прапанаваў станцаваць Еву ў «Стварэнні свету», затым — Машу ў «Шаўкунчыку». Неўзабаве пасля прэм’еры мы паехалі на гастролі, і трэба было выйсці ў дванаццаці «Шчаўкунчыках»!..

За адзін сезон у мяне з’явілася каля васьмі роляў — я тады працавала як салістка, а ўжо праз год стала вядучай балерынай. Увайсці ў спектаклі дапамагла Людміла Генрыхаўна Бржазоўская, яна была маім педагогам. Вельмі ўдзячна я і Таццяне Міхайлаўне Яршовай, якая падтрымлівае сёння.

Гляджу на фатаграфіі таго часу, калі ўсё толькі пачыналася: я яшчэ зусім юная істота, Юрый Антонавіч мяне называў «аленяня Бэмбі», таму што была мініяцюрная. Але мы ўсе, хто праходзіць гэты шлях, разумеем, што жаночае цела з часам мяняецца. У маладосці ў мяне была зламана плюснявая костачка. Наклалі гіпс на паўтара месяца, потым я выйшла — і адразу стала танцаваць, бо малады арганізм аднаўляецца хутка…

— Балет — гэта яшчэ выпрабаванне на трываласць для артыстаў, якія выклікаюць захапленне: здаецца, што яны — жалезныя людзі…

— Калі выходзіш на сцэну, перш за ўсё атрымліваеш асалоду ад працы — важна, каб гледачы гэта адчувалі. Таму падчас прэм’еры «Дон Кіхота» я не адразу зразумела, што здарыўся разрыў крыжападобнай звязкі. Прыйшлося прааперыраваць калена — маю звязку цяпер трымаюць тытанавыя шрубы. Але гэта дае магчымасць працаваць далей! 

З радасцю чакаю кожны спектакль.

— Абставіны складваліся так, што ваша вяртанне здавалася фантастычным…

— Ёсць людзі, якія любой цаной імкнуцца змагацца з абставінамі — і правільна робяць: яны могуць перамагчы. Я чалавек мэты: калі трэба змагацца — гатова гэта рабіць. Але для мяне важна спачатку зразумець і прыняць сітуацыю, якую дае лёс, каб усвядоміць, куды рухацца далей. Бо веру: нічога не адбываецца проста так.

— А як прыйшлі да веры?

— Гэта з сям’і. Я з дзяцінства бачыла, як бабуля моліцца кожны дзень раніцай і ўвечары... Вера дапамагае мне лепш разумець людзей і нейкія падзеі: дае спакой душы. Я для сябе вывела формулу: калі ёсць нейкая эмацыянальная сітуацыя, то трэба перажыць ноч, а да раніцы думкі супакойваюцца — і можна прымаць больш узважанае рашэнне. Акрамя таго, магу знайсці падтрымку ў свайго духоўнага айца, з якім заўсёды раюся.

— У кожнай жанчыны, асабліва маці, бываюць моманты, калі ўзнікае шмат пытанняў…

— У мяне быў перыяд, калі зразумела, што далей павінна спраўляцца сама: я ў разводзе і выхоўваю дзяцей адна. 

У навуковай літаратуры знаходзіла тлумачэнне таму, што адбываецца з чалавекам у нейкія вельмі эмацыянальныя моманты. Было цікава зразумець, як на розныя падзеі рэагуе маё цела, мой мозг, як змяняецца ўнутраны стан. Магу з уласнага досведу засведчыць, што праз час усё супакойваецца, трэба ўмець пачакаць. Асабліва калі ёсць дзеці. Прызначэнне жанчыны — у першую чаргу быць мамай.

— Вы дзесяць гадоў з’яўляецеся галавой вялікай сям’і і пры гэтым застаяцеся прымай у тэатры. Што ці хто дапамагае?

— За гэтыя дзесяць гадоў у мяне клопатаў у тэатры толькі дадалося: я працую як педагог з артыстамі, а таксама дапамагаю дзецям падрыхтавацца да паступлення ў харэаграфічную гімназію-каледж. Мне гэта падабаецца.

Стараюся займацца і са сваімі дзецьмі, якія праходзяць розныя перыяды сталення. Канешне, вельмі дапамагае мама. Старэйшаму сыну цяпер 25 гадоў, ён дарослы мужчына, які атрымлівае другую вышэйшую адукацыю і пры гэтым працуе. Дома ён узяў на сябе ўсе мужчынскія клопаты — замяніць лямпачку або адрамантаваць кран для яго не праблема. Пасля аперацыі сын заўсёды быў побач, на руках насіў, карміў і быў са мной столькі, колькі патрэбна. Цяпер разам з ім мы выхоўваем малодшых дзяўчынак. У адной з іх пераходны ўзрост. Маленькая займаецца ў балетнай школе Марыны Вежнавец. Кацюшы вельмі падабаецца танцаваць, яна рыхтуецца паступаць у харэаграфічную гімназію-каледж. Вельмі хвалюецца, калі ёй удзяляю менш увагі, чым іншым дзяўчынкам, таму імкнецца рабіць усё як мага лепш. Уважліва слухае мае заўвагі. Такі перыяд, калі дзіця цябе будзе ўспрымаць не толькі як маці, а яшчэ і як педагога, трэба перажыць.

Другая мая кар’ера — гэта тэатр, які я вельмі люблю. З задавальненнем сюды прыходжу і як балерына, і як педагог. Гэта ўжо мой дом. Таму мэта — служыць тэатру далей. Адчуваць, што тут патрэбна, і працаваць з поўнай аддачай. Я чалавек адказны. Калі нешта раблю, то хачу, каб усё было ідэальна. Мяне пыталі: калі не балет, то што выбрала б у жыцці? Напэўна, нешта, звязанае з матэматыкай. Нават цяпер дапамагаю дзецям, калі трэба рашыць ураўненні па алгебры. 

— Ці ёсць для вас партнёры зручныя і нязручныя?

— Прафесіяналы прыціраюцца адно да аднаго за некалькі рэпетыцый, і на сцэну мы выходзім добра падрыхтаваныя. У кожнай балярыны ёсць перыяд, калі з’яўляецца любімы партнёр. Калі доўга з кімсьці танцуеш, то да яго і прывыкаеш. Мне было вельмі цікава танцаваць з рознымі партнёрамі. Гэта карысны досвед, робішся быццам бы пластылінавая — і ўжо можаш стаць у пару да любога партнёра. Бывае, прыходзяць маладыя хлопцы, і толькі дасведчаная балерына ім можа дапамагчы ўліцца ў працу…

— Вы з аднаго выпуску з Вольгай Гайко, Марынай Вежнавец. Ці ёсць адчуванне канкурэнцыі?

— Калі няма здаровай канкурэнцыі, артысты не развіваюцца. Яе неабходна ствараць, для гэтага патрэбны дасведчаны кіраўнік. У нашым тэатры ніхто з артыстаў нікому не шкодзіць. Усе гісторыі пра пуанты для нас нібыта нейкая казка. Мы, артысты, дапамагаем адзін аднаму. Я заўсёды адзначаю, што мне спадабалася ў выкананні іншых, і думаю: а ці змагу я так зрабіць? Некаторыя думаюць, што балет — гэта суцэльныя інтрыгі. Не, у нас усё зразумела і адкрыта.

— У вас яркая кар’ера, вы народная артыстка краіны. Складана паверыць, што ў такой жанчыны няма прыхільнікаў…

— Прыхільнікі бываюць. Аматары балета могуць цябе любіць як артыстку. А бываюць прыхільнікі-мужчыны, якія бачаць у табе жанчыну, — на іх у мяне няма часу. Праца і дзеці занялі ўсю прастору маёй душы, і для прыхільнікаў у ёй месца не засталося. Калі ў маладосці пачынаем з кімсьці кантактаваць, у нас яшчэ няма пэўнага разумення, што мы хочам ад партнёра, намі шмат у чым кіруюць эмоцыі, а галава не паспявае нешта абдумваць. Але сэрца — гэта ўсяго толькі мышца, якая пампуе кроў... 

І я сто разоў падумаю, перш чым дазволіць сабе нейкія эмоцыі.

— Ці рэальна перасягнуць Плісецкую па працягласці артыстычнай кар’еры?

— Буду служыць тэатру столькі, колькі трэба. У мяне няма адчування, што выгарала і няма чаго сказаць гледачу. Наадварот, я вельмі напоўненая, ёсць аб чым разважаць, што танцаваць. З часам артысты пераходзяць з больш складаных роляў у лягчэйшыя, і такіх спектакляў шмат.

— Якая са шматлікіх роляў найбольш блізкая вам?

— Ролі ўсе розныя. І ты быццам пражываеш іншае жыццё — гэта так цікава! Не магу вылучыць нейкі спектакль. «Анюту» вельмі люблю, «Ганну Карэніну»... А «Лебядзінае возера» — унікальны балет. І «Прыгажуня, якая спіць», дзе ёсць прынцэса Аўрора і фея Карабас, кожная з якіх выклікае свае эмоцыі. 

А Джульета?.. Колькі спектакляў, дзе гераіня памірае і трэба прапусціць гэта праз сябе. Памятаю, у нейкі момант мне стала цяжка паміраць. На рэпетыцыях смерць Джульеты я ўжо не прайгравала. Ведаю, што імгненна ўключуся на сцэне — і гэта будзе пераканаўча, але потым таксама ў адзін момант выключуся. 

Я люблю ўсё, нават «Тры парсючкі»…

У звычайным жыцці ў жанчын вельмі часта няма вялікай палітры эмоцый. 

А балетныя іх могуць атрымаць на сцэне. І дадому я іду па спакой, па цішыню.

— Для многіх жанчын паняцце «дом» перакрываецца паняццем «побыт»…

— Побыт — гэта калі зацягвае аднастайнасць. У мяне часам няма сіл прыгатаваць ежу — ратуюць хуткія стравы. У нас вельмі просты рацыён. Мая мама жыве за горадам і прывозіць нам грыбочкі, агурочкі, ікру кабачковую... Калі рытм жыцця вельмі хуткі і трэба ўсё паспяваць, то стаўленне да ежы становіцца прасцейшым. Але яна павінна быць разнастайнай, і абавязкова патрэбна гародніна — я вельмі трапятліва стаўлюся да правільнага харчавання, а цяпер пра гэта столькі цікавай інфармацыі. Не разумею, як у сям’і можа быць сумна, бо дзецям хочацца ўсё паспрабаваць, з імі можна столькі ўсяго абмеркаваць. А яшчэ ўрокі, адзнакі... Цікавага дома вельмі шмат. Быў бы час…

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю