Як і многія празаікі, пачынаў творчы шлях з вершаў. Асобныя з іх публікаваў у касцюковіцкай раённай газеце «Ленінскі прызыў» яшчэ школьнікам. Студэнтам друкаваўся ў «Чырвонай змене». Але першакурснікам ужо дэбютаваў і ў часопісе «Полымя» («Сон трактарыста», 1952, № 12). Як дакладна заўважыў Уладзімір Гніламёдаў, «<...> юнацкія вершы І. Чыгрынава паводле сваёй сюжэтнай будовы і апавядальнай манеры, насычанасці дэталямі — цяпер гэта асабліва заўважна — абяцалі будучага празаіка».
Не мог адчуваць гэтага і сам Іван Гаўрылавіч. Узяўся за напісанне так званых «мясцовых быляў», якія ў пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя прапаноўваў касцюковіцкай раёнцы — яна ўжо называлася «Сцяг камунізму». У аснову гэтых твораў ляглі паданні, легенды, запісаныя ў час вандроўкі па раёне. У тым ліку ад свайго дзеда Кажанава. З яго аповеду нарадзілася і апавяданне «Цар і мой прашчур». Але першай сур’ёзнай заяўкай як апавядальніка стала дакументальная аповесць «Тайна адной экспедыцыі» пра вядомага палярнага даследчыка Саламона Аўгуста Андрэ.
Сам, праўда, пачаткам сваёй літаратурнай дзейнасці лічыў апавяданне «Праз гады», сюжэтна звязанае з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. У аснове яго — пачутае ад лесніка Даўгалёва. Яно, па сутнасці, і вызначыла далейшыя кірункі творчасці. Пісаў шмат на розныя тэмы, але асноўнай праблематыкай яго прозы стала ўсенароднае змаганне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пры гэтым закранаў аспекты, да якіх мала хто звяртаўся. Што добра відаць з аднаго пазнейшага яго інтэрв’ю: «Некаторым людзям, у тым ліку і крытыкам, здаецца, што патрыятызм — гэта калі выйшаў на вуліцу і крыкнуў „ура!“.
Не, патрыятызм у часе вайны, асабліва ў часе акупацыі, — гэта нешта зусім іншае. Патрыятызм — гэта духоўны свет народа». Спасціжэнню гэтага свету на вайне і аддаваў першаступенную ўвагу, пачынаючы з апавяданняў і паступова пераходзячы да раманаў, за напісанне якіх узяліся і дзеці вайны, у прыватнасці Алесь Адамовіч, Віктар Казько, Іван Пташнікаў...
Гэтым правілам кіраваўся і рыхтуючы да друку сваю першую кнігу «Птушкі ляцяць на волю». На агульным фоне не губляецца апавяданне «Праз гады».
Аднак свайго роду запеўкай стала іншае — «Бульба», дзе вяртанне ў ваеннае маленства. У 1967-м, праз два гады, выйшаў другі зборнік апавяданняў «Самы шчаслівы чалавек», названы па адным з твораў. У шостым нумары часопіса «Маладосць» за 1965 год яно значыцца як «Першы бой». Для галоўнага героя гэта была сапраўды першая сутычка з ворагамі, якія перайшлі савецкую граніцу, «і яго хвалявала і радавала тое, што і ён, Аляксей Балаш, чырвонаармеец другога батальёна трыста сорак чацвёртага палка, мае непасрэднае дачыненне да сённяшніх падзей. На душы, нягледзячы на шматлікія раны, было хораша, і Аляксей адчуваў сябе, можа, самым шчаслівым чалавекам».
Ужо аднаго гэтага твора дастаткова, каб лічыць Івана Чыгрынава адным з самых таленавітых нацыянальных апавядальнікаў. Але і потым ён не развітваўся з гэтым жанрам. Аднак не магло не сказацца і тое, што пазней прыкмеціла крытык Валянціна Локун: «Малая проза І. Чыгрынава дае ўсе падставы гаварыць пра пісьменніка як пра апавядальніка з эпічным светаадчуваннем, з эпічным бачаннем і ўспрыманнем». Таму і захацелася яму перайсці да іншых жанраў.
Спачатку думаў, па яго прызнанні, напісаць «зімовую аповесць». Пасля замахнуўся на раман. Ішоў ад таго, што шмат у творах іншых пісьменнікаў не задавальняла: «У іх хапала шмат чаго, але жывога жыцця, жывых людзей не хапала... Мне, вядома, не хочацца нікога прыніжаць, як не хочацца і сябе выстаўляць, але адчуванне такое ў мяне было. Не было б, пэўна, мележаўскага рамана (маюцца на ўвазе „Людзі на балоце“. — А. М.), не было б у мяне і такога адчування, але яно прыйшло, і я ўзяўся за гэтую справу. Я пачаў думаць, а пасля і ўзяўся пісаць „Плач перапёлкі“, баючыся — што з яго выйдзе з гэтага рамана».
Амбіцыйная задума? А чаму і не? Гэты твор быў напісаны з гонарам за родную Беларусь. Адначасова з усведамленнем, як шмат давялося перажыць нашаму народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Са з’яўленнем «Плачу перапёлкі» ў беларускай літаратуры назаўсёды прапісаліся Верамейкі, як тыя ж Курані Івава Мележа, а галоўныя героі Радзівон Чубар і Дзяніс Зазыба сталі па-сапраўднаму народнымі характарамі, якіх не зблытаеш з іншымі персанажамі.
Працягам «Плачу перапёлкі» стаў раман «Апраўданне крыві». Сюжэтна пабудова твора засталася ранейшай. Іван Гаўрылавіч прытрымліваўся хранікальнасці ў адлюстраванні падзей, толькі, кажучы словамі Таццяны Шамякінай, «хроніка тут своеасаблівая. Па-першае, раманны час сцягнуты.

У першай кнізе дзеянне адбываецца на працягу некалькіх тыдняў, а ў другой ужо сціскаецца да некалькіх дзён, затое пры гэтым узрастае нагрузка іншых структурна-стылёвых элементаў. Па-другое, сутыкненне жыхароў вёскі Верамейкі з немцамі аказваецца кульмінацыяй усёй дылогіі, кульмінацыяй, размешчанай насуперак, здавалася б, усім правілам сюжэтна-кампазіцыйнага будавання, якраз пасярод дзеяння».
Персанажы, якія, не пабаюся гэтага параўнання, сталі часткай яго жыцця, па-ранейшаму не адпускалі Івана Гаўрылавіча. Тых, каго любіў, як бы прымерваў да сябе, успрымаў так, бы сам дзейнічаў у гэтых абставінах. Каго асуджаў, таксама падаў не аднабакова. Стараўся разабрацца, у чым прычына з’яўлення фашысцкіх прыслужнікаў. Гэта асабліва заўважаецца ў трэцім рамане «Свае і чужыя». Хоць сустракаешся з ужо знаёмымі Чубарам і Зазыбам, а цэнтрабежная сіла твора ўвесь час прыцягвае да Верамеек, прасторавыя межы значна пашыраюцца.
Паказваючы першыя крокі партызанскага атрада, Іван Чыгрынаў спачатку глядзіць на падзеі вачыма яго камандзіра Нарчука, а потым — камісара Баранава. І нават радавых байцоў. Прысутнічае яшчэ і важны позірк збоку. Гэта голас самога аўтара. Ён не заўсёды гучыць ва ўнісон з развагамі персанажаў, але надае раману канцэптуальнае гучанне, а значыць, і з’яўляецца вырашальным для вызначэння магчымага развіцця падзеі. Раманам «Свае і чужыя» ён збіраўся завяршыць «верамейкаўскі цыкл»: «Што будзе далей вядома: Вялікая Перамога ў маі 45-га... Прадаўжаць далей не мае сэнсу».
Тым не менш трылогіяй не абмежаваўся. У 1992 годзе быў апублікаваны чацвёрты раман «Вяртанне да віны». Тут не проста даецца спасціжэнне гэтага паняцця персанажамі. Асабліва ў ваенныя гады, калі дзейнічаюць свае законы, якія часам не стыкуюцца з маральнымі атрыбутамі. Аднак нездарма кажуць: «пути господни неисповедимы». Працуючы над пятым раманам, Іван Чыгрынаў успомніў першапачатковую назву чацвёртага — «Не ўсе мы памром».
Крыху ўдакладніў яе, і з’явіўся раман «Не ўсе мы згінем», што заканчваецца партызанскім парадам, які Дзяніс Забыта «пабачыў, стоячы недалёка ад трыбуны, дзе знаходзіліся Чарняхоўскі, Панамарэнка...». Важнасць гэтага твора і ў тым, што Іван Гаўрылавіч закрануў тэму калабарацыянізму. У першую чаргу дзякуючы псіхалагічна выверанаму вобразу сына Дзяніса Зазыбы Масея.
Не чужой была Івану Чыгрынаву і драматургія. Да гэтага жанру ён падступаўся паступова. Пэўны вопыт прыдбаў, калі разам з Іванам Новікавым працаваў над сцэнарыем шматсерыйнага тэлевізійнага мастацкага фільма «Руіны страляюць...», у аснову якога пакладзены раманы таго ж Івана Новікава «Руіны страляюць ва ўпор» і «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску». У іх праўдзіва адлюстравана барацьба ў акупаваным Мінску з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Але сапраўднае драматургічнае майстэрства да яго прыйшло, калі ўзяўся за інсцэніроўку свайго рамана «Плач перапёлкі». Праўда, аб інсцэніроўцы можна гаварыць умоўна, бо ў народнай драме, а такую назву ён даў свайму драматургічнаму твору, захаваны асноўныя сюжэтныя лініі, дзейнічаюць ужо вядомыя персанажы. Аднак, як таго і патрабавала тэатральнае дзеянне, па сутнасці, быў напісаны новы твор на ўжо вядомым матэрыяле.
Спектакль прыхільна сустрэлі і гледачы, і крытыкі. А паколькі ў Маскве якраз праходзіў чарговы партыйны з’езд, яго прапанавалі на Усесаюзны агляд і адзначылі прэстыжнай прэміяй. Неўзабаве ў брэсцкім тэатры паставілі «Свае і чужыя». Іван Гаўрылавіч інсцэніраваў і шэраг сваіх апавяданняў (спектакль «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» ў Тэатры-студыі кінаакцёра ў Мінску).
А ў 1988 годзе адна за адной з’явіліся тры арыгінальныя п’есы. Дзве з іх — «Следчая справа Вашчылы» і «Звон — не малітва» — прысвечаны нацыянальнаму мінуламу. Гэта знайшло працяг у п’есе «Прымак» і драматургічнай аповесці «Брат караля». Творы блізкія між сабой асноўнымі сюжэтнымі лініямі. Ды і галоўныя персанажы адны і тыя ж, прытым рэальныя гістарычныя асобы: Ягайла, Вітаўт, Соф’я Гальшанская, Іван Друцкі…
Выбарам галоўнага героя вылучаецца драма «Савіцкі». Гэта той самы, якога празвалі «беларускім Дуброўскім». Першым на яго звярнуў увагу Уладзімір Мехаў: «Хто вы, Аляксандр Савіцкі?» Асноўная канва драмы Івана Чыгрынава таксама трымаецца на дакументальнай аснове. Але ён не надта прывязваўся да канкрэтных фактаў. На прыкладзе Савіцкага спрабаваў (і гэта яму ўдалося) паказаць, наколькі больш складаным і рознабаковым быў рэвалюцыйны рух у царскай Расіі, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, чым дзесяцігоддзямі падавала яго афіцыйная ідэалогія.
А ў трагічным гратэску «Ігракі» ўдала ўлоўлены асноўныя моманты дыпламатычнай барацьбы, што вялася паміж Савецкім Саюзам і фашысцкай Германіяй напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Іван Чыгрынаў напісаў і такія драматургічныя творы, як драматычная фантазія на чарнобыльскую тэму (аўтарскае вызначэнне жанру) «Хто вінаваты», п’еса «...Зайграй, хлопча малы», дзе пісьменнік задумваўся над лёсам Паўлюка Багрыма.
Яго талент паспяхова развіваўся ў розных жанрах: выступаў і ў галіне публіцыстыкі і літаратурнай крытыкі. Гэта відаць, у прыватнасці, з кніг «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» і «Паміж сонцам і месяцам». Усё, што ні напісаў, пазначана талентам, самім Усявышнім дадзеным. Шкада толькі, што жыццёвы шлях быў нядоўгім: нарадзіўся 21 снежня 1934 года, памёр 5 студзеня 1996-га. Таму шмат з задуманага і не паспеў ажыццявіць. Ды і апошні свой раман «Не ўсе мы згінем», што і стаў завяршэннем яго пенталогіі, пісаў ужо цяжка хворы. Сшытак з завершаным чарговым раздзелам праз мяне адразу перадаваў машыністцы рэдакцыі часопіса «Полымя».