Top.Mail.Ru

Калі гісторыя кіно сустракаецца з гісторыяй горада

Аўтар: Ірына Прымак
08.10.2025 | 17:00
Мінск як герой фільмаў

Наша сталіца не раз станавілася здымачнай пляцоўкай для розных стужак. Дзякуючы кадрам з кінакарцін можна прасачыць, наколькі змянілася аблічча нашага горада, як дынамічна ён развіваецца і, вядома, успомніць любімыя вуліцы, якія паказаны ў фільмах. Магчымасць пазнаёміцца з унікальнымі кадрамі дае Музей гісторыі бела-рускага кіно, філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Часовая экпазіцыя «Мінск — горад кіно», прымеркаваная да Дня горада, прапануе наведвальнікам пазнавальную вандроўку па вуліцах і плошчах Мінска з дапамогай кінамастацтва. Усе ахвотныя змогуць пабачыць унікальныя фатаграфіі, зробленыя падчас здымак, а потым ацаніць, наколькі змяніўся воблік горада з цягам часу. 

— Гэтай выстаўкай мы хацелі паказаць Мінск, які ў фільмах з’яўляецца не толькі фонам для здымак, але і паўнавартасным удзельнікам. Горад надае стужцы пэўную адметнасць,гарманічна ўплятаецца ў канву фільма, прычым у кадры Мінск можа быць розным — строгім, сумным, рамантычным і г. д. Хоць кінематаграфісты не вельмі любяць здымкі восенню, але ёсць карціны, дзе асабліва прыгожа выглядае асенні Мінск, — распавядае навуковы супрацоўнік Музея гісторыі беларускага кіно Вольга Іванова. —

Наша сталіца — гэта не проста горад, а месца, дзе нараджаецца чараўніцтва кінематографа. Першы беларускі фільм «Лясная быль» на мінскіх вуліцах быў зняты ў 1926 годзе. 

Акцэнт зроблены на тыя стужкі, якія сапраўды адлюстроўваюць гісторыю сталіцы. Так, напрыклад, прадстаўлены кадр з фільма «Павадыр» (2001 г.), дзе можна пабачыць унутраны дворык Дома літаратараў. На кадрах з карціны «Па сакрэце ўсяму свету» (1976 г.) ёсць любімыя з дзяцінства атракцыёны парка Горкага. 

Сярод унікальных — кадры з фільма «Любімая» (1965 г.), дзе можна ўбачыць, як на той час выглядала плошча Незалежнасці яшчэ з колішнім домам Ядзвігі Кастравіцкай, які быў знесены праз некалькі месяцаў пасля здымак стужкі. 

У гэты фільм, дарэчы, трапілі моманты рэальнага футбольнага матча на стадыёне «Дынама». А яшчэ кінакарціна адметная тым, што Мінск у ёй бачны з вышыні птушынага палёту. Галоўныя героі гуляюць па даху цырка і будоўлі Палаца спорту. Асаблівую каштоўнасць з пункту гледжання гісторыі Мінска ўяўляюць, безумоўна, кадры з фільмаў, дзе беларуская сталіца паказана ў тыя часы, калі ў ёй яшчэ не было метро, не існавала падземных пераходаў (карціна "Міравы хлопец«,1971 г.). 

Асобна хочацца сказацьпра фільмы, дзе выкарыстаны дакументальныя здымкі Мінска 1944 года. Гаворка ў прыватнасці пра славутую карціну «Руіны страляюць...» (1970 г.). Яе здымкі, дарэчы, праходзілі напярэдадні зносу старой Нямігі. На плёнцы захаваны будынкі, якіх ужо даўно няма...

Цікава павандраваць па музеі і адначасова па старым Мінску: па Круглай плошчы (цяпер плошча Перамогі), па Варашылаўскім раёне горада (цяпер Савецкі), каля будынка старога аэрапорта, па Нямізе 1960-х. Не прапусціце магчымасць пабачыць беларускую сталіцу вачыма кінематаграфістаў!

Ірына ПРЫМАК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю