Top.Mail.Ru

«Кара-ціці-кара» — новы спектакль на коласаўскай сцэне

25.07.2025 | 07:00

Прэм’ерай пачаўся тэатральны ліпень на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Драма-пераасэнсаванне — так вызначыў жанр пастаноўкі «Кара-ціці-кара» рэжысёр, мастацкі кіраўнік тэатра Канстанцін Ганчароў. Асновай для спектакля стала п’еса І. Грэкавай, П. Лунгіна «Удовін параход». 


У камунальную кватэру, дзе жывуць пяць абсалютна розных жанчын: Анфіса, Вольга, Ада, Панька, Капа, ператвараецца камерная сцэна тэатра. У іх розныя прафесіі, сацыяльнае становішча, розныя лёсы, праз якія прайшла навала Вялікай Айчыннай вайны, забрала блізкіх людзей... Суседкі называюць агульнае жытло «удовін параход».

Анфіса Громава ахвяравала сваё жыццё сыну Вадзіму, які нарадзіўся і выхоўваўся ў страшныя гады вайны. Але хлопчыку, а потым і падлетку не падабалася гэтая любоў, ён называў маці «яна». «Яна душыць мяне сваёй любоўю», — яго самае частае выказванне. Калі Анфіса памірае, Вадзім вяртаецца ў камуналку, у халодны пакой, дзе адчувае невыносную адзіноту... І ўсё роўна працягвае вінаваціць маці ў сваіх няшчасцях. Лагодныя суседкі накрываюць стол і на памінках стараюцца расказаць Вадзіму тое, чаго ён не ведаў раней. У юнака з’явіўся шанц паглядзець фільм свайго жыцця, убачыць яго быццам збоку, пераасэнсаваць кожны дзень, кожны свой учынак. Галоўнае пытанне, ці скарыстаецца ён гэтым шанцам...

І. Грэкава — гэта літаратурны псеўданім Алены Вентцэль, вядомага савецкага матэматыка. Яна сама перажыла вайну, у блакадным Ленінградзе памёр яе муж. «Жывучы так доўга разам і побач, нельга заставацца чужымі, і мы не чужыя. Паміж суседзямі ўзнікае адмысловая роднасць, зусім не любоўная, хутчэй сварлівая, але ўсё ж роднасць. Яны сварацца, абражаюць адно аднаго, спаганяюць злосць — і ўсё ж яны сям’я. Захварэеш — суседзі купяць што трэба, прынясуць, чайнік нагрэюць. Памрэш — суседзі пахаваюць, успомняць, вып’юць», — так пісала І. Грэкава. І аповесць, паводле якой напісана п’еса, і сам спектакль — гэта шчымлівая, шчырая і балючая гісторыя, як і жыццё многіх у акупацыі, у першыя пасляваенныя гады. 

Першыя паказы новага спектакля, якія адбыліся 2 і 4 ліпеня, тэатр прысвяціў 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Сцэнаграфію і касцюмы стварыла галоўны мастак тэатра Святлана Макаранка. Музычнае афармленне — Міхаіла Рудака. Пераклад п’есы і вершаў на беларускую мову ажыццявіў аўтар гэтых радкоў.

Аляксандр ЗАМКОЎСКІ

Фота з сайта тэатра

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю