Чым далей вайна, тым складаней яе адлюстроўваць у мастацкіх творах, асабліва ў кіно. Трэба добра ведаць той час, разумець, у якой псіхалагічнай атмасферы існавалі людзі, адчуваць дэталі, якія маюць значэнне, калі мы хочам, каб глядач паверыў, што так было насамрэч, каб зразумеў гэты боль і чаму ў свядомасці тых, хто перажыў вайну, успаміны працягваюць крывавіць у мірны час як прыхаваная рана... І тое, што да тэмы вайны звяртаюцца маладыя творцы — вялікая адказнасць, нават рызыка з іх боку. Асабліва, калі гаворка ідзе пра ігравое кіно, дзе патрабуецца перадаць атмасферу часу. У нацыянальным конкурсе «Лістапада» быў адзін такі фільм — «Песня» рэжысёра Аляксея Савуніна.
Кароткаметражка — усяго 12 хвілін — паказвае дзяцей, якія аказваюцца ў акупацыі. Маладыя аўтары расказваюць гісторыю, дзе большасць персанажаў школьнага ўзросту. Пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы яны развучваюць знакамітую перадваенную «Песню пра Радзіму» Ісака Дунаеўскага. «Широка страна моя родная...» разлятаецца па вёсцы. Пакуль да будынка, дзе сабраліся школьнікі, не пад’язджаюць людзі ў форме. Дзеці бачаць іх упершыню. Прыглядаюцца. Чуюць незразумелую мову. Настаўніца тлумачыць, што яны тут рэпеціруюць... «Госці» паводзяць сябе як гаспадары і аддаюць дзецям загады. Спяваць?.. Маўчанне.
Адна дзяўчынка ў чорнай хустцы, якая напярэдадні атрымала паведамленне пра тое, што яе тата загінуў, запявае: «Вставай, страна огромная...» Вочы настаўніцы напаўняюцца слязьмі. Іншыя дзеці падхопліваюць. І тут у вачах ворага з’яўляецца страх...
Заўважце, што аўтары — маладыя творцы. Тое, што яны звяртаюцца да гэтай тэмы, варта ўвагі. Значыць, памяць нікуды не знікае і праз пакаленні сябе выяўляе. Астатняе — дэталі... Можа быць. Але ў дэталях часам хаваецца... неспадзяванка. Песня «Свяшчэнная вайна» Аляксандра Аляксандрава на словы Васіля Лебедзева-Кумача напісана ў першыя дні вайны, і верагодна, што яе маглі спяваць дзеці. Але ёсць нюанс: яна прагучала ў радыёэфіры, і яе пачалі выконваць восенню 1941-га, калі войскі вермахта далёка прасунуліся ўглыб Расіі. Беларусь на той час была ў акупацыі. Гэта калі гаварыць пра песню, якая зачапіла некаторых гледачоў. Але фільм — мастацкі твор. А песня ў ім — хутчэй сімвал. Як і тэрыторыя, на якую прыходзяць ворагі. Тут не важна, было менавіта так ці не. Мы ведаем пра гераізм дзяцей, якія падчас вайны ахвяравалі сабой разам з дарослымі, змагаючыся ў падполлі ці партызанах, будучы сувязнымі ці проста знаходзячыся ў маральным супраціве.
Мае значэнне сама задумка. І тыя, хто прысутнічаў на праглядзе, успрынялі кароткую гісторыю як асабісты боль. Зроблена кранальна! Калі ў творы мастацтва прысутнічаюць дзеці, якія пакутуюць, церпяць ці гінуць, то любая лакальная трагедыя бачыцца як сусветная катастрофа: што адбываецца з людзьмі, наогул з чалавецтвам, калі яно дазваляе, каб зло магло крочыць па Зямлі?
Адметна, што рэжысёр стужкі (які, дарэчы, здымаўся ў ролі аднаго з ворагаў), працуючы з незвычайнымі выканаўцамі, не адчуваў, што ім складана. А самі юныя артысты разумелі, што ад іх хочуць і чаму.
Ларыса ЦІМОШЫК