Зборнікам апавяданняў беларускіх пісьменнікаў пад назвай «Міколка-паляўнічы» выдавецтва «Мастацкая літаратура» працягвае серыю «Бібліятэка пачатковай школы». У гэтай, не проста цікавай і займальнай, а і карыснай ва ўсіх сэнсах, серыі кніг для дзяцей ужо выйшлі як тэматычныя зборнікі («Слаўлю я свой край любімы», «Чарадзейныя словы», «Мая цудоўная сям’я», «Усе колеры года», «Жыві сабе, зайчык!»), так і выданні асобных аўтараў (Якуба Коласа, Ніны Галіноўскай, Васіля Віткі і інш.).
Гэтым разам кніга названа па аднайменным апавяданні Аляксандра Паскробышава, што як бы падкрэслівае яе змест і прызначэнне, бо творы пісьменніка пра Міколку даўно ўваходзяць у спіс кніг для пазакласнага чытання вучняў малодшых класаў. Біяграфія гэтага дзіцячага пісьменніка складаная і цікавая: у 16 гадоў страціў зрок, але гэта не пера-шкодзіла яму стаць медыкам ды яшчэ напісаць некалькі кніг для дзяцей, атрымаўшы падтрымку паэта і празаіка Сяргея Грахоўскага ў пачатку творчага шляху. Вядома таксама, што некаторыя творы і кнігі А. Паскробышава перакладаў на беларускую і рэдагаваў Уладзімір Караткевіч.
У свой час (у 1970–1980 гады) менавіта «Мастацкая літаратура» выдала некалькі зборнікаў апавяданняў гэтага выдатнага аўтара. Дарэчы, ілюстрацыі знакамітага мастака-афарміцеля дзіцячай літаратуры Ганны Грубінай на вокладцы сучаснага зборніка нібыта вяртаюць чытача ў тыя часы, выклікаючы светлую настальгію ў старэйшага пакалення.
Іншых ілюстрацый у кнізе няма. На першы погляд, здавалася б, гэта мінус, бо звычайна яркія і маляўнічыя карцінкі значна ўзбагачаюць успрыманне тэксту, дапамагаюць дзецям лепш зразумець змест і паглыбіцца ў атмасферу кожнай гісторыі. Але ўкладальнікам зборніка, напэўна, замест іх вельмі хацелася ўключыць у кнігу як мага больш цікавых апавяданняў. Кніга «Міколка-паляўнічы» змяшчае творы ажно сямнаццаці аўтараў, сярод якіх Янка Маўр, Алена Васілевіч, Анатоль Крэйдзіч, Барыс Сачанка, Лідзія Арабей і іншыя вядомыя дзіцячыя пісьменнікі. Безумоўна, такія аўтары ўмела апісваюць падзеі, сітуацыі і персанажаў і без усялякіх малюнкаў, што робіць чытанне не толькі займальным, але і развівае фантазію. Мова зборніка простая і зразумелая дзецям: немудрагелістыя фразы, выразная лексіка без складанага сінтаксісу, невялікі памер твораў спрыяе лёгкаму ўспрыманню і развіццю навыкаў чытання. Яшчэ адзін плюс выдання — даволі буйны шрыфт тэксту.
Кожная гісторыя ў кнізе мае сваю каштоўнасць і можа стаць выдатнай тэмай для абмеркавання. Самі выдаўцы пазіцыянуюць зборнік так: «Казкі — казкамі, а рэальнае жыццё таксама бывае дзівосным». І сапраўды, адным з моцных бакоў кнігі з’яўляецца разнастайнасць менавіта рэалістычных гісторый, кожная з якіх напоўнена займальнымі прыгодамі, яркімі персанажамі, а таксама важнымі жыццёвымі ўрокамі. Адметная рыса выдання — шэраг апавяданняў, прысвечаных гераічным подзвігам людзей у Вялікую Айчынную вайну. Тэматыка апавяданняў ахоплівае сяброўства, узаемадапамогу, любоў да прыроды, узаемаадносіны ў сям’і і проста штодзённае жыццё дзіцяці. Добрыя, мудрыя, часам наіўныя, а часам сур’ёзныя апавяданні дапамагаюць дзецям разбірацца ў складаных жыццёвых сітуацыях, вучаць суперажыванню, дабрыні і адказнасці. Апавяданні спалучаюць выхаваўчы і пазнавальны моманты, знаёмячы дзяцей з навакольным светам і асновамі чалавечых адносін, а таксама з гістарычнымі — трагічнымі і гераічнымі — старонкамі жыцця нашай краіны.
Ёсць упэўненасць, што зборнік апавяданняў «Міколка-паляўнічы» будзе запатрабаваны не толькі ў школьных бібліятэках, а зойме пачэснае месца на хатніх палічках школьнікаў і іх бацькоў. Бо, па-першае, так зручней будзе выкарыстоўваць кнігу для падрыхтоўкі да пазакласнага чытання, а па-другое, гэта цікавае і карыснае выданне як для самастойнага засваення, так і для чытання ўслых з бацькамі. Кніга спрыяе развіццю ўяўлення, фарміраванню патрыятызму, любові да роднай краіны і мовы, дае важныя жыццёвыя ўрокі і проста дорыць радасць ад чытання.
Рэкамендуецца ўсім юным чытачам і іх бацькам!
Кацярына МАЛЕЙ