Празаік, публіцыст, драматург Уладзімір Гаўрыловіч дастойна працягвае лепшыя традыцыі сваіх папярэднікаў-палешукоў — класікаў беларускай літаратуры Івана Мележа і Івана Шамякіна. У сваіх шматлікіх раманах, аповесцях, апавяданнях, драматычных творах, нарысах ён праўдзіва паказвае жыццё землякоў — жыхароў Палесся, асабліва Жыткавіцкага раёна і Тураўшчыны. Пісьменнік мае сваю ўласную пазіцыю і светапогляд, якія адлюстроўваюць магістральны кірунак яго літаратурнай творчасці — паказ барацьбы народа супраць захопнікаў за сваю свабоду і незалежнасць, услаўленне лепшых якасцей беларусаў — іх патрыятызму, мужнасці і гераізму ў нялёгкія часы. Уладзімір Гаўрыловіч нарадзіўся пасля Вялікай Айчыннай вайны, таму яму баліць за людзей, якія пралівалі сваю кроў, аддалі жыццё за нашу свабоду і незалежнасць. І таму ён сказаў аднойчы сабе і нам, чытачам: «Нельга забываць тую страшную вайну і яе герояў, трэба іх памятаць і праслаўляць!»
Як публіцысту Уладзіміру Гаўрыловічу ўласціва ўменне ствараць сінтэз інфарматыўнасці і жывасці аповеду, займальнасці. Безумоўна, у гэтым не апошнюю ролю адыгрывае асоба самога аўтара: акрамя дасведчанасці, менавіта светапогляд, аўтарская пазіцыя ў творах і спосаб адлюстравання падзей.
І ў сваёй новай кнізе «Жыццёвымі сцежкамі», у якой змешчаны нарысы, эсэ, артыкулы, дыялогі, пісьменнік выказвае набалелае, адкрыта заяўляе пра сваё персанальнае светаўспрыманне, шчыра дэманструе ўласную пазіцыю і расказвае пра тых выдатных людзей, кожны з якіх здзейсніў подзвіг у імя Радзімы.
Дык хто ж героі новай кнігі Уладзіміра Гаўрыловіча? Гэта землякі, у тым ліку родныя і блізкія аўтара. Усе яны нарадзіліся і жылі на Палессі або лёс іх быў звязаны з гэтымі цудоўнымі мясцінамі. Пісьменнік расказвае пра прадстаўнікоў многіх прафесій — хлебаробаў, педагогаў, медыкаў, вучоных, артыстаў... Галоўнае, што іх аб’ядноўвае, — патрыятызм, любоў і адданасць Радзіме, вернасць справе, якой яны прысвяцілі сваё жыццё, працавітасць, шчырасць. Многія персанажы гэтай цікавай і, нягледзячы на невялікі аб’ём, вельмі змястоўнай кнігі былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, праявілі мужнасць і гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, перажылі голад і холад, шматлікія нягоды.
Немагчыма без хвалявання чытаць эсэ пра дзеда пісьменніка — Ігната Буякевіча — тыповага прадстаўніка Палесся. Ён і гаспадар быў выдатны — любіў і ўмеў працаваць на зямлі, узначальваў калгас, мужна змагаўся з ворагам на фронце. Па словах аўтара, многае пабачыў, многае перажыў, праз многае прайшоў. Што так жыў — працуючы і дбаючы аб людзях, што працаваў і паказваў прыклад іншым, што ў застоллі быў першым, і песню, бывала, зацягне так, як ніхто не зможа, — ніколі не шкадаваў. Гэтага слаўнага чалавека хвалявала вось што: каб толькі наступныя пакаленні не забываліся, якой цаной атрымана Перамога.
У кнізе расказваецца і пра лётчыка — Героя Савецкага Саюза Рыгора Дзенісенку, які ў свой час вучыў лётнай справе Юрыя Гагарына.
Жыхарцы старажытнага Турава прысвечаны нарыс «Сястра стралковага палка». Шаснаццацігадовай дзяўчынай восенню 1941 года яна, медыцынская сястрычка, служачы ў палкавой санчасці на Паўднёва-Заходнім фронце, перанесла ўсе пакуты разам з баявымі сябрамі, вытрымала неймаверныя цяжкасці баёў і акружэння. Знясіленая ад холаду і голаду, прабралася да сваіх, прайшоўшы сотні кіламетраў па занятай фашыстамі зямлі.
А за вынас параненых з поля бою дзяўчына была ўзнагароджана медалём «За баявыя заслугі». За гады вайны Ганна Іванаўна атрымала і іншыя ўзнагароды за свае шматлікія подзвігі, а Перамогу сустрэла ў званні старшыны медслужбы ў Кёнігсбергу. Пасля вайны працавала медсястрой у бальніцы ў Тураве, была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Сярод тых, хто адстойваў свабоду і незалежнасць краіны, набліжаў Перамогу — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны ўраджэнец мястэчка Ветка Аляксандр Аксінушкін, медработнік Бэла Кустановіч, ганаровы грамадзянін горада Гомеля Альбін Мілеўскі, Ілья Шульман, заслужаны настаўнік БССР Аляксандр Шкутаў з Рагачоўскага раёна, Цімафей Татарынаў са Жлобіна, падпольшчыцы — партызанскія сувязныя Галіна Бруснік, Яўгенія Матвеец, Ганна Бобрык.
У сваёй кнізе Уладзімір Гаўрыловіч расказаў і пра таленавітую паляшучку Лідзію Пятрычыц, якая жыве ў Жыткавіцкім раёне. Некалькі гадоў таму інтэрнэт-прастору літаральна ўзарвала песня «Лісапет» у выкананні гэтай таленавітай спявачкі.
Цікавым атрымалася інтэрв’ю з народнай артысткай Беларусі, салісткай і мастацкім кіраўніком Гомельскай абласной філармоніі Галінай Паўлянок. Яе таленту апладзіравалі аматары музыкі ў Германіі, Італіі, Нідэрландах, Францыі, Швецыі і іншых краінах.
З матэрыяла «Пяць стыхій Алены Рыбаковай» удзячны чытач даведаецца пра дзейнасць таленавітага педагога, выкладчыцу беларускай мовы і літаратуры Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л. С. Выгоцкага.
А нарыс «Усё жыццё — сялянскай справе» прысвечаны Рыгору Шпакаву, які больш як паўстагоддзя кіраваў адным з самых моцных калгасаў на Гомельшчыне.
Свайму калегу-журналісту і пісьменніку Міколу Старчанку прысвяціў эсэ «Песня і боль». Распавёў пра нялёгкі пасляваенны лёс хлапчука з вёскі Старая Алешня Рагачоўскага раёна, пра тое, як М. Старчанка стаў не толькі журналістам-прафесіяналам, які шмат гадоў плённа працаваў у абласной газеце «Гомельская праўда», але і добрым паэтам, які праславіў сваю малую радзіму.
Незабыўны след у душы Уладзіміра Гаўрыловіча пакінулі сустрэча і знаёмства са знакамітым вучоным-фізікам Уладзімірам Яленскім, які ў дзяцінстве перажыў нягоды і выпрабаванні ў гады Вялікай Айчыннай вайны і цяпер дасягнуў вышынь у навуковай дзейнасці.
Дабрыня — адна з галоўных рыс палешукоў, пра якіх з любоўю і гонарам піша зямляк Уладзімір Гаўрыловіч. І кніга яго вартая ўвагі шырокага чытача, бо нясе дабрыню, павагу да чалавека-змагара, чалавека працы, праслаўляе мужнасць і гераізм, працавітасць палешукоў.
Міхась СЛІВА