Галоўная і доўгачаканая падзея, якая штогод праходзіць у святочнай атмасферы Дня беларускага пісьменства, — узнагароджанне лаўрэатаў Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія». Для пісьменнікаў гэта добрая магчымасць заявіць пра сябе, паказаць свой талент на шырокую аўдыторыю, для чытачоў — шанс пазнаёміцца з лепшымі прадстаўнікамі сучаснай беларускай літаратуры. Сёлета на святочнай сцэне аб’явілі пераможцаў у сямі намінацыях.
«Ці прарасце маё слова-насенне?»
У намінацыі «Найлепшы твор (зборнік твораў) паэзіі» перамагла Вольга Русілка са зборнікам «Котра», які выйшаў у Выдавецкім доме «Звязда». Кніга, названая, як і рэчка на радзіме аўтара, нясе ў свет ідэі патрыязму, дабра і гармоніі. Новыя і вядомыя па папярэдніх зборніках паэтэсы вершы і абразкі напісаны з мяккім гумарам і самаіроніяй. Тэматыка самая розная: ад сяброўства да кахання, ад лёгкіх жартаў да экзістэнцыяльных пытанняў. Раздзел з абразкамі раскрывае празаічны талент Вольгі Русілкі, але нават тут можна заўважыць непрыхаваны лірызм, які паэтэса арганічна пераносіць у прозу. Выданне адрасавана тым, каго цікавіць духоўны свет сучасніка і багатая, сакавітая родная мова.
Котра, Котра, Котра,
на каменьчык скокну,
пагляджу на рэчку ў цішыні.
Тут мне гэтак добра,
бы з вадой халоднай
прэч мае няшчасці адышлі.
Жоўтаю і белай
кветкамі рачнымі
ўдаль маё юнацтва адплыло.
Як жа кветкі пахлі
ласкаю нясмелай!
Ці было ўсё гэта?
Не бы-ло...
«Мой дом, дзе я не госць...»
Пераможцам у намінацыі «Найлепшы твор прозы» стаў Навум Гальпяровіч з раманам-эсэ «Чырвоны мост» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у якім аўтар запрашае чытача ў цікавае падарожжа па лабірынтах свайго дзяцінства, юнацтва, дзе кожны радок дыхае гісторыяй, а кожны мост спалучае не толькі берагі, але і лёсы.
Цэнтральнае месца падзей — Полацк, родны горад пісьменніка.
Раман-эсэ даследчыкі літаратуры адносяць да мастацка-дакументальнай прозы. Эсэісцкі пачатак прадугледжвае свабодную манеру выкладу, філасафічнасць, спалучэнне сэнсавай выразнасці і стылістычнай вытанчанасці. Мастакі слова, у чыёй творчай скарбонцы прысутнічае раман-эсэ, звяртаюцца да мемуарнага стылю. Такога ж кірунку прытрымліваецца і Навум Гальпяровіч. Кніга напоўнена цёплымі ўспамінамі аўтара, партрэтнымі замалёўкамі і мастацкай інтэрпрэтацыяй падзей мінулага праз суб’ектыўны погляд пісьменніка. Як амаль уся аўтабіяграфічная проза, раман-эсэ Навума Гальпяровіча вылучаецца спавядальнай інтанацыяй апавядання, багаццем філасофскіх разважанняў, лёгкім гумарам і самаіроніяй. Гэта своеасаблівы рэпартаж пра свет веры і натхнення, радасці і хвалявання, страт і знаходак, расчаравання і надзей...
«...Не дадзім нікому абылгаць»
У намінацыі «Найлепшы твор публіцыстыкі» перамог гісторык, палітычны і грамадскі дзеяч Ігар Марзалюк з кнігай «Кроў на белым тле: беларускія калабарацыяністы ў часы акупацыі БССР» (выдавецтва «Беларусь»). Аўтар на падставе багатых навуковых і архіўных крыніц аналізуе дзейнасць беларускіх калабарантаў, якія супрацоўнічалі з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Акупіраваная гітлераўцамі Беларусь была полем злачыннай дзейнасці розных нацыяналістычных груповак, якія аб’ядноўвалі антыкамунізм і паталагічная нянавісць да рэальнай беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове. Людзі, якія былі на баку немцаў, падзялялі іх погляды і нацысцкую ідэалогію, яны разам з нацыстамі рэалізоўвалі палітыку генацыду, скіраваную супраць народа Беларусі.
Кніга змяшчае чатыры раздзелы: «Будучыня Беларусі вачыма кіраўніцтва Трэцяга Рэйха — планы і спробы іх рэалізацыі», «Шукаючы ласкі Гітлера — беларускія нацыяналісты і іх супрацоўніцтва з нацыстамі», «Забіваючы словам» і «Забойцы Беларусі».
У прадмове да кнігі даследчык акрэсліў асноўную мэту выдання: «Мы не можам, не мусім, не павінны нічога замоўчваць аб тых трагічных падзеях. Бо сёння і ў Беларусі, і за яе межамі ёсць людзі, якія гераізуюць забойцаў. Малююць з іх нацыянальных герояў. Змагароў са сталінскім рэжымам. Але пры гэтым забываюць успомніць пра кроў на іх руках. Пра забойства імі мірнага, безабароннага насельніцтва Беларусі. Пра саўдзел у нацысцкіх злачынствах. Пра вынішчэнне ўласнага народа. Менавіта таму мы мусім ведаць праўду. І пра злачынныя планы нацысцкага генацыду, і пра іх рэалізацыю. Пра нашых пакутнікаў і пра катаў — забойцаў беларусаў. Пра ўласных здраднікаў. Пра ўкрыжаваных дзяцей нашай зямлі. Пра веліч подзвігу нашых людзей, які мы ніколі не забудзем і не дадзім нікому абылгаць».
Чытач пазнаёміцца з ідэйнымі вытокамі нацызму, з паняццямі «сацыяльны дарвінізм» і «расавы нацыяналізм», даведаецца пра рэалізацыю праграмы генацыду беларускага народа нямецкімі нацыстамі, пра ўдзел
беларускіх нацыяналістаў у злачынствах нацыстаў. Асобнай ўвагі заслугоўваюць главы, дзе разглядаецца ўклад сродкаў масавай інфармацыі ў памнажэнне нянавісці да савецкай улады і камуністычнага рэжыму: «З нумара ў нумар усе кантраляваныя нацыстамі СМІ, з якімі супрацоўнічалі беларускія нацыяналісты, настойліва праводзілі ідэю аб прэвентыўнай вайне Гітлера супраць СССР. Згодна з афіцыйнай дактрынай нацыстаў Гітлер проста апярэдзіў „крывадушнага падпольшчыка вайны“ — Іосіфа Сталіна. СССР быццам бы выношваў планы нападу на Германію, якія былі „раскрыты“ нямецкай разведкай».
Усе прыведзеныя ў кнізе звесткі і тэзісы падмацоўваюцца спасылкамі на навуковыя работы і гістарычныя дакументы.
У бібліяграфічным спісе налічваецца каля 600 назваў крыніц і літаратуры, што ставіць кнігу ў адзін шэраг з сур’ёзнымі навуковымі работамі. Рэцэнзентамі выдання выступілі дактары гістарычных навук, прафесары В. А. Космач і Э. Р. Іофе. Візуальны рад выдання, які складаецца з архіўных фотаздымкаў, картаграфічнага матэрыялу і газетных выразак, з’яўляецца паўнавартастным дакументальным сведчаннем апісаных падзей. Для асабліва патрабавальных чытачоў у кнізе ёсць рубрыка «Крыніцы сведчаць», якая знаёміць з гістарычнымі фактамі праз афіцыйныя дакументы.
У заключэнні аўтар абагульняе прыведзеныя звесткі і прыходзіць да высновы, што дзейнасць беларускіх нацыяналістаў у перыяд акупацыі была скіравана не столькі на рэалізацыю планаў па стварэнні беларускай дзяржавы, колькі на абслугоўванне патрэб акупантаў. «Практычна ўсе „класічныя“ прыкметы генацыду, прынятыя для вызначэння гэтага паняцця ў міжнародным праве, прысутнічалі пры здзяйсненні злачынстваў нацыстаў супраць мірнага насельніцтва Беларусі. Гэта тычыцца практыкі злачыннага планавання па масавым знішчэнні насельніцтва, яго дэпартацыі, германізацыі, у першую чаргу гвалтоўнай асіміляцыі „расава паўнавартасных“ беларускіх дзяцей, разбурэнні гісторыка-культурнай пераемнасці пакаленняў. Акцэнтуем увагу на тым факце, што ў Беларусі генацыдныя злачынствы мелі „шматслойны характар“».
Кніга прызначана для шырокага кола чытачоў — моладзі і дарослых, — усіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.
Першы крок да тэатра
Найлепшай у драматургіі сёлета стала кніга Анатоля Зэкава «Двор пад буслінымі крыламі» (Выдавецкі дом «Звязда»). Выданне арыентавана на дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Пераважная большасць твораў — не плён аўтарскай фантазіі, яны заснаваны на рэальных падзеях, якія ў маленстве перажыў сам пісьменнік. Кніга падзелена на чатыры часткі: былі, апавяданні, мініяцюры і п’есы. Увагу журы прыцягнуў апошні раздзел, які змяшчае шэсць казачных п’ес. Яны могуць быць пастаўлены школьнымі тэатральнымі калектывамі ці проста разыграны па ролях у цесным сямейным коле. Галоўнымі героямі сцэнічных твораў сталі хатнія і лясныя жывёлы: кот, сабака, карова, певень, павучок, светлячок і іншыя. Мілыя і непаседлівыя персанажы адразу знойдуць прыхільнікаў сярод дзіцячай аўдыторыі.
Каштоўнасць такіх кароткіх драматургічных твораў у тым, што яны становяцца першым крокам да тэатра, знаёмяць маленькіх чытачоў з традыцыямі айчыннай драматургіі і спрыяюць развіццю творчага мыслення. Таксама невялікія, але змястоўныя п’есы фарміруюць адчуванне прыгажосці роднага слова і нацыянальнай самабытнасці праз гульню і сцэнічнае ўвасабленне.
Зрэз сучаснага літаратурнага працэсу
Зборнік Дзмітрыя Радзівончыка «Масты і берагі. Нарэшце я зразумеў, як гэта працуе...» (Выдавецкі дом «Звязда») адзначаны ў намінацыі «Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства». Кніга змяшчае публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, якія дэталёва, у постацях, імёнах і падзеях адлюстроўваюць сённяшні дзень літаратуры Гродзеншчыны як феномен рэгіянальнай літаратуры Беларусі апошняга дзесяцігоддзя. Аўтар даследуе сацыяльную значнасць сучаснага літаратурнага працэсу і яго вынікаў.
У сваім звароце да чытача пісьменнік адзначае, што для яго было вельмі важна падкрэсліць кансалідуючую ролю, сацыяльную значнасць мастацкага слова ў няпростым сучасным свеце. У літаратурным і публіцыстычным асяроддзі даўно ідуць размовы пра цяжкі стан крытыкі не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце. Таму асаблівай увагі заслугоўвае раздзел «Крытычныя эсэ», у якім аўтар разглядае сучасную беларускую літаратуру. Рэцэнзіі Дзмітрыя Радзівончыка на кнігі такіх аўтараў, як Людміла Кебіч, Браніслаў Ермашкевіч, Ганна Скаржынская-Савіцкая, Святлана Кошур, Тамара Мазур, Таццяна Яцук, Таццяна Сучкова, Алена Руцкая і многіх іншых уяўляюць сабой своеасаблівы зрэз сучаснага літаратурнага працэсу праз прызму індывідуальных творчых пошукаў. Аўтар не проста аналізуе тэксты, а ўпісвае іх у шырокі кантэкст эпохі, паказваючы, як рэгіянальная літаратура становіцца люстэркам грамадскага настрою. Шмат увагі Дзмітрый Радзівончык надае мове, стылю і вобразнасці, раскрываючы, як праз мастацкае слова пісьменнікі шукаюць адказы на вечныя пытанні быцця, захоўваючы пры гэтым нацыянальную ідэнтычнасць.
Казачны гід па краіне
Штогод самай папулярнай намінацыяй у галоўным літаратурным спаборніцтве краіны з’яўляецца «Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва». І гэта невыпадкова — беларуская дзіцячая літаратура знаходзіцца на дастаткова высокім узроўні і мае свае традыцыі, закладзеныя яшчэ класікамі. Пісьменнікаў аб’ядноўвае шчырае жаданне гаварыць з маленькім чытачом на яго мове, прывіць яму любоў да радзімы, навучыць адказнасці за свае ўчынкі. Сёлета перад журы стаяла амаль немагчымая задача, бо сярод прэтэндэнтаў на прэмію былі такія пісьменнікі, як Міхась Пазнякоў, Іна Фралова, Таццяна Дземідовіч, Валянціна Драбышэўская, Ганна Літаш і іншыя аўтары, чые імёны ўпісаліся ў гісторыю беларускай літаратуры. Аднак сярод такога багацця талентаў журы вылучыла кнігу Генадзя Аўласенкі «Як Вадзянік з людзей жартаваць спрабаваў» (Выдавецкі дом «Звязда»). Гэта зборнік тапанімічных казак, дзе аўтар у займальнай форме тлумачыць назвы населеных пунктаў і вадаёмаў розных рэгіёнаў Беларусі, прапаноўвае чытачу ўласнае меркаванне пра іх паходжанне, расказвае, з чым можа быць звязана ўзнікненне той ці іншай назвы. Дзеці могуць пазнаёміцца з сапраўднымі, а таксама крыху казачнымі гісторыямі пра таямніцы беларускіх тапонімаў.
У зборніку аўтар даследуе паходжанне назваў вёсак Гняздзін Бялыніцкага раёна, Нізгалава Бешанковіцкага раёна, Якшыцы Бярэзінскага раёна, Ліпавая Калода (пагадзіцеся, даволі незвычайная назва) у Мінскім раёне, Трынады ў Мядзельскім раёне, горада Стоўбцы, а таксама рэк Жартайкі, Гануткі і возера Бяздоннае. Як можна заўважыць, геаграфія тапанімічных казак шырокая, што робіць кнігу сапраўднай падарожнай картай па беларускіх рэгіёнах. Казкі напісаны лёгкай, вобразнай мовай, без перагружанасці навуковымі паняццямі і арыентаваны на дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Асобнай увагі заслугоўваюць ілюстрацыі Кацярыны Казлоўскай, якія арганічна дапаўняюць тэкст і робяць выданне сапраўды святочным.
«Дзе сярод гэтых кропель убачыць душу?»
Не меншай папулярнасцю карыстаецца намінацыя «Найлепшы дэбют», у якой удзельнічаюць пісьменнікі-пачаткоўцы. Адна з самых цікавых катэгорый конкурсу знаёміць чытачоў з новымі зоркамі на небасхіле сучаснай беларускай літаратуры. Сёлета на фінішнай прамой да Нацыянальнай літаратурнай прэміі апынуліся Кацярына Мізерыя, Вікторыя Кляўко, Андрэй Дарожкін, Паліна Дваранская, Максім Хацкевіч, Вольга Алізар, Наталля Святлова і іншыя прадстаўнікі таленавітай моладзі, чые імёны пастаянна з’яўляюцца на старонках перыядычнага друку. Пераможцай у намінацыі стала Паліна Корнева з кнігай «Запіскі юнай хірургіні» (Выдавецкі дом «Звязда»).
Маладая творца плануе звязаць сваё жыццё з медыцынай, але сапраўднай аддушынай для яе стала літаратура. У дэбютным зборніку пісьменніцы змешчаны апавяданні, якія шчыра раскрываюць медыцынскі свет з некалькіх ракурсаў: як вачыма простага чалавека, так і дзяўчыны, якая выбрала для сябе адну са складаных прафесій.
У прадмове да кнігі аўтар дзеліцца разважаннямі пра свой шлях да медыцыны: «З ранняга дзяцінства я ведала, што буду хірургам. Гэтая мара перажыла ўсе этапы майго сталення: рамантычныя фантазіі, горыч першых расчараванняў — і працягвае сталець разам са мной зараз. Сапраўднае каханенне не можа быць простым. За яго трэба змагацца. Я дакладна ведаю: калі ты змораны, але ідзеш далей, калі дзесяць разоў хацеў кінуць, але кожны раз вяртаешся — значыць, гэта дакладна тваё».
Зборнік змяшчае адзінаццаць апавяданняў. Тут ёсць гісторыі пацыентаў і ўрачоў, асабістыя сумненні ў выбраным шляху, разважанні пра сэнс чалавечага жыцця. Асабліва кранаюць моманты, калі маладая, напоўненая энтузіязмам дзяўчына сутыкаецца з жорсткай рэальнасцю, дзе простыя людзі ў белых халатах змагаюцца са смерцю. Аўтар добра адлюстравала паўсядзённасць медработнікаў, у якой кожная хвіліна — напружанне, стрэс, бясконцая барацьба. Многія не вытрымліваюць, выгараюць, страчваюць здольнасць спачуваць. Пісьменніца неаднаразова трапляе ў сітуацыі, якія прымушаюць задумацца: як застацца чалавекам там, дзе штодзень сустракаешся з болем, стратай і бессэнсоўнасцю? «Я думала, што першая смерць пацыента, якую я ўбачу, будзе для мяне эмацыянальнай. Было страшна сутыкнуцца з гэтым нечакана. Але на самой справе я не адчула нічога. Думкі, калі і ўзнікалі, былі нейкія затарможаныя. Вельмі хацелася спаць. Я ненавідзела гэтыя анучкі і вёдры. Перакіс шыпеў і распухаў на падлозе. Дзякуючы яму кроў адмывалася лёгка. Было цяжка ўсведамляць, што гэтыя чырвоныя кроплі — адзінае, што засталося ад чалавека. Зараз я іх змыю, і не будзе нават успаміну пра памерлага пацыента. Дзе сярод гэтых кропель убачыць душу?»