Top.Mail.Ru

Хто вучыў Валянціна Таўлая

05.10.2026 | 14:33
«Вялікі гонар, светлы доўг настаўніцтва і мацярынства…»

Слова «настаўнік» мае глыбокі сэнс — гэта і той, хто вучыць у школе, і той, хто вучыць жыць, правільна паводзіць сябе, хто дапамагае авалодаць спецыяльнасцю, набыць вопыт у працы. 

Гэтым разам я таксама хачу нагадаць пра настаўніцу Валянціна Таўлая. Гэта яго мачыха Сцепаніда Паўлаўна Дарашэвіч. Родная маці паэта (Марыя Антонаўна Жыгмунт) памерла ад халеры, калі хлопцу было 6 гадоў. Трэба адзначыць, што паважаць сваё, беларускае, яшчэ раней яго вучыў бацька Павел Дзям’янавіч. Аб гэтым пісаў сам Валянцін у аўтабіяграфічнай аповесці «Аб сабе»: «Прадвеснем 1925 года мы ішлі з бацькам у адну дарогу: ён у лес, я — у школу, у якую нядоўга аставалася ўжо хадзіць. Чакалі экзамены на 1 курс Слонімскай „прэпаранды“ (дзяржаўнай настаўніцкай семінарыі — А. Х.). Ідучы, бацька разгаварыўся. Гаварыў пра свае маладыя гады, выкладваючы мне пры гэтым некаторыя свае жыццёвыя прынцыпы. Сярод іх — запавет, каб не чурацца свайго. Нашы дзяды і прадзеды — беларусы, спачатку т. зв. пагане, пасля — праваслаўныя, затым гвалтам — уніяты, пасля — ізноў гвалтам — праваслаўныя. Але заўсёды беларусы, хоць гэтага, можа, і не ведалі. Значыцца, і я павінен быць беларусам і на кожнае пытанне аб нацыянальнасці — называць гэтае імя.

Я ўжо ведаў гэта, але прыемна было пачуць ад бацькі такі наказ: гэта як бы бацькоўскі запавет на жыццёвы шлях, каб не крывіць душою. І гэта ўзнімала ў маіх вачах аўтарытэт бацькі...»

Падчас вучобы ў Слоніме хлопец цвёрда сказаў класнаму кіраўніку, што па нацыянальнасці ён беларус, мова — беларуская. З-за гэтага юнака выключылі з навучальнай установы. Далей яго навука працягвалася ў дамашніх умовах. Днём у іх хаце «працавала заваяваная доўгай, упартай барацьбой наша беларуская прыватная пачатковая школа. Было поўна дзяцей, яны бегалі нават з далейшых вёсак (пасля павятовы інспектар гэта забараніў). Настаўніцай — наша новая маці Сцепаніда Паўлаўна. Пачаў вучыцца брат Шура. Я ўпершыню наглядаў школку, сугучную асяроддзю. Адгамоняць, бывала, школьнікі — пачынаюць сходзіцца дзядзькі — ужо грамадоўцы і яшчэ неграмадоўцы. Бацька — сакратар гуртка, яго арганізатар, аўтарытэт на ўсю ваколіцу. Заўсёды заняты, часта ўзбударажаны... Вось народ абсеў школьныя лаўкі, слухае чытанне газет, да слёз зараготваецца з „Маланкі“. Калі-нікалі ў меншым кругу чытаецца нешта вельмі тонкае на від...»

У Лідзе, дзесьці насупраць сучаснага аўтавакзала, пражывалі потым бацькі паэта. Гэтае месца цяпер дасканала вывучаецца. Але аб ім іншым разам. 

У Доме Валянціна Таўлая ёсць копія фотаздымка Сцепаніды Паўлаўны Дарашэвіч, арыгінал захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Якраз такі, які апісаны ва ўрыўку «Кірмаш» з «Аповесці пра Таўлая» Уладзімірам Калеснікам: «Перад вачыма ўсталі чатыры высокія чырвоныя цагляныя сцяны і пасярэдзіне роспачны сілуэт жанчыны... На момант ён выразна ўбачыў яе твар і жахнуўся: гэта быў твар мачыхі, цёткі Стэфы, скрыўлены болем і жахам твар...»

Ёсць Сцепаніда Паўлаўна і на іншых фотаздымках. На адным яна на руках трымае дачушку Ніну — сястру Валянціна Таўлая, а на другім — сярод сям’і Дарашэвічаў. 

Ва ўспамінах Ніны Паўлаўны Таўлай-Радзюкевіч «Раны сэрца майго», якія былі змешчаны ў літаратурна-мастацкім зборніку «Ад лідскіх муроў» (№ 9, 2016–2019), згадваецца: «Мая маці Сцепаніда вучылася ў настаўніцкай семінарыі, якую закончыла не праз 4 гады, а праз 3, бо была добра падрыхтавана пры паступленні. Нават за выдатныя яе поспехі дзед Якаў даў ёй 5 рублёў золатам».

У віленскай газеце «Сялянская ніва» (№ 5 ад 7 лютага 1926 года) — органе Беларускага Сялянскага Саюза — змешчаны працяг матэрыяла «Цярністы шлях беларускай школы ў Польшчы». У ім напісана наступнае: «Школа ў вёсцы Рудаўка, Міжэвіцкае гміны: Прашэньне на канцэсію падана 9.ІІ.1925 г. № 11 з усімі залучнікамі. Вучыцелькай была выкваліфікаваная ў сваей прафэсыі Сьцепаніда Таўлай, якая скончыла так-жа і курсы ў Кракаве і ёсьць вучыцелькай з доўгай практыкай, аднак школа праістнавала ня доўга, змушаная была зачыніцца, з прычыны пагрозаў з боку ўлады, ня даўшай канцэсыі. Вучняў было 48». 

Ніна Паўлаўна таксама ўспамінала: «Неўзабаве бацькоў перавезлі ў Менск, а затым адправілі ў Асвенцым. Пасля вайны ў Ліду вярнуўся адзін з лідзян, які быў там, у Асвенцыме. Ён расказаў дзядзю Пецю (роднаму брату Сцепаніды — А. Х.), што сустракаўся з маім бацькам на кухні. Тата гаварыў яму, што мая мама не даехала да лагера, памерла ў дарозе. А праз некаторы час гэты мужчына перастаў сустракацца з маім бацькам. У хуткім часе і гэты мужчына, які вярнуўся з Асвенцыма, памёр.

Магілак ні мамы, ні таты няма. 

І я, калі памёр мой муж, Уладзімір Пятровіч Радзюкевіч (і мы пахавалі яго на віленскіх могілках у Карвялішках), зрабіла памятную пліту, дзе ўшанавала памяць сваіх бацькоў і брата Аляксандра, які загінуў у часе вайны і пра яго апошнія дні я нічога тады не ведала. І толькі цяпер у 2016 годзе я даведалася, дзе ён ваяваў і калі загінуў...»

Атрымліваецца, што месца апошняга прытулку ні роднай мамы, ні мачыхі, якая вучыла Валянціна, мы не ведаем. 

Падчас ваеннага ліхалецця дапамагаў Валянцін Таўлай Амневіцкай школе, што на Навагрудчыне. Менавіта ён падказаў зрабіць пры ёй сельскагаспадарчы ўчастак, каб заняць частку школьнага дня. Такім чынам з’явіліся каля школы грады з гароднінай, потым маладыя пладовыя дрэўцы, ягадныя кусты. За трыццаць гадоў разросся сад амаль на паўсотню дрэў. 

У 1942 годзе, калі сталі з’яўляцца падручнікі, выдадзеныя лацінкай, з яўным антысавецкім і буржуазна-нацыяналістычным ухілам, Валянцін Таўлай з настаўнікам Амневіцкай школы старанна перагледзелі старыя даваенныя падручнікі, вызначылі, што трэба выкінуць з новых. Прысутнічаў паэт і на ўрачыстых сходах вучняў, дапамагаў складаць праграмы вечароў, выбіраў п’есы для спектакляў і вершы для чытання. У пасляваенны час (1960-я гады) у Амневіцкай школе выкладаў гісторыю, а потым быў на пасадзе дырэктара, намесніка дырэктара блізкі сябар Валянціна Таўлая па партызанскім руху Мікалай Іванавіч Грабёнкін. 

Цяпер пра Амневіцкую школу засталіся толькі ўспаміны. Яе і сада ўжо даўно няма. У 1975 годзе навучальная ўстанова спыніла сваю дзейнасць. А сам будынак праіснаваў да канца 20 стагоддзя. 

З настаўніцкім асяроддзем былі звязаны блізкія і знаёмыя паэта. У Лідзе настаўнічала Валянцінава цётка па мачысе Анастасія Паўлаўна Фурсіна, у Вільнюсе — сябры па Віленскай беларускай гімназіі, у Навагрудку — сябар па Навагрудскай гімназіі Леанід Барысаглебскі. Менавіта яму Валянцін 

Таўлай прысвяціў верш:

Стаяць ля маладых гадоў,

Ля чалавечага дзяцінства — 

Вялікі гонар, светлы доўг

Настаўніцтва і мацярынства.

Спачатку ў сэрцах прабудзі

Цягу і смагу да асветы,

Пасля — задуманых вядзі

Аж да крыніцы чыстай, светлай.

На ростані шляхоў-дарог,

Абвеяных паходным пылам,

Народ навекі нам збярог

Крыніцу мудрасці і сілы.

Ты чэрпаць навучы з глыбінь

Жывучую ваду рукою,

Каб наш народ і край любіць,

Мудрэць і харашэць душою. 

Нагадаю, што Ліда — горад, у якім быў закладзены падмурак творчасці Валянціна Таўлая. Тут у 1923 годзе ва ўсеагульнай школе № 1 імя Тадэвуша Касцюшкі ў 9-гадовым узросце ім быў напісаны першы верш, але на польскай мове — «Верабейкі». У 1945 годзе ён напісаў аўтабіяграфічную аповесць «Аб сабе. Спроба глянуць на сваё жыццё», у якой змясціў гэты твор, а побач пераклад яго на беларускую мову. Там жа ён пазначыць: «Настаўніца патрапала мяне па шчацэ і сказала ўсміхаючыся:

— Добра. Пішы. Можа, некалі будзеш сапраўдным паэтам!»

Алесь ХІТРУН, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю