— Фільм — гэта твор, які гаворыць сам за сябе, — адзначыў Масіма Пуліні на сустрэчы з беларускімі гледачамі. — Адметная атмасфера. Што мне вядома пра Федэрыка Феліні, дык тое, што перад тым, як ён стаў рэжысёрам, пабываў і акцёрам у Рабэрта Раселіні, а ў сваім родным горадзе Рыміні працаваў карыкатурыстам, мастаком. У маладосці падзарабляў тым, што маляваў гумарыстычныя карцінкі, партрэты. Фільм і пабудаваны на карыкатурным, гумарыстычным успрыманні колішняй рэчаіснасці. Гэта кінаўспамін пра падлеткавы ўзрост аўтара, але ў яго атрымаўся партрэт краіны, агульная карыкатура. З ім разам над сцэнарыем працаваў Таніна Гуэра, шмат якія ідэі належаць яму. Я яго лічу своеасаблівым асветнікам сцэнарнага майстэрства 60–70-х гадоў мінулага стагоддзя. Таму што адначасова з іранічным аповедам ідзе і паэтычны. Такую лінію выбралі абодва — і Феліні, і Гуэра. Таніна Гуэра быў найперш паэтам. Нават смерць яго напаткала ў Сусветны дзень паэзіі...
Прафесар кажа, што ў арыгінальнай версіі фільма да таго, як яго скарацілі, было больш сцэн. Але менавіта версія, якую прадставілі ў Мінску, прынесла Феліні прэмію «Оскар». Стужка створана ў 1973 годзе, але падзеі адбываюцца ў 1933–1934 гадах, калі ў Італіі панаваў фашысцкі рэжым. На гэты час прыйшлося і сталенне аўтараў (дарэчы, Феліні і Гуэра нарадзіліся ў адзін год). Галоўныя героі — падлеткі — жывуць сваімі інтарэсамі, на якія, здаецца, не ўплывае агульная атмасфера, да пэўнага моманту... Юнацкая свядомасць афарбавана ў яркія колеры (і гэта пры тым, што ў часы Другой сусветнай Гуэры давялося прайсці праз канцлагер), фільм мае непаўторнае жыццялюбнае гучанне.
Нават па афішы можна зразумець, што карціна заснавана на карыкатуры, на шаржы. Прафесар Пуліні адзначае, што мастацкасць заяўлена нават на афішах фільмаў розных рэжысёраў, з якімі супрацоўнічаў Таніна Гуэра. А гэта славутыя майстры, сярод якіх Мікеланджэла Антаніёні, Тэа Ангелопалус, Андрэй Таркоўскі... Дарэчы, з савецкай культурай паэт таксама быў звязаны (меў рускую жонку), яго вершы перакладаліся на рускую мову.
Вынаходніцкія здольнасці
Разам з афішамі фільмаў, сцэнарыі да якіх пісаў Гуэра, прафесар згадаў адзін кадр, з якога пачынаецца фільм «Амаркорд»: на гарадской плошчы спальваюць пудзіла зімы. Масіма Пуліні, які з’яўляецца даследчыкам мастацтва, паказаў малюнак прыкладна 1630 года італьянскага мастака Гверчына, які адлюстраваў традыцыйную сцэну. Некаторыя малюнкі, якія выкарыстоўваў і Феліні, і Гуэра, сведчаць пра тое, што яны добра ведалі гісторыю італьянскага мастацтва. Падборка выяў Гверчына паказвае вобразы з жыцця, характэрныя для італьянскай вёскі. Сярод іх — тэатральныя сцэны: тэатр масак, тэатр на плошчы, гарадскі тэатр. Манера, у якой зроблены малюнкі, дазваляе адлюстраваць вобразы смешна, але ў той жа час добразычліва. Калі разглядаць іх уважліва, то можа скласціся своеасаблівы мастацкі раман пра жыццё вёскі, падобны на расповед Сервантэса... Але натхнялі майстроў Феліні і Гуэру яшчэ і мастакі-сучаснікі.
Афіша фільма «Амаркорд»
У характэрных вобразах можна заўважыць прыкметы карыкатуры, якія не ўтрымліваюць зла ці насмешкі, але гіпербалізуюць нейкія часткі ці ўнутраны свет герояў. Тое ж датычыцца і фільмаў Ангелопалуса і Таркоўскага. Гэта толькі невялікая частка кінакарцін з больш чым 100, сцэнарыі да якіх пісаў Таніна Гуэра.
— На жаль, не магу падзяліцца ўсім, пра што хацеў бы распавесці пра Таніна Гуэру, але адзначу, што ў яго былі моцныя вынаходніцкія здольнасці, — кажа Масіма Пуліні. — У Італіі можна вылучыць тры кірункі работы са сцэнарыямі, якія могуць выконваць розныя спецыялісты. Спачатку аўтар тэкстаў робіць першыя накіды агульнага характару, пасля ідзе больш шырокая работа па іх апрацоўцы, але гэта яшчэ не сам сцэнарый. Затым ужо сцэнарная праца — напаўненне дыялогамі, канкрэтнымі сцэнамі, кадрамі. Вынаходніцкія здольнасці Таніна Гуэры раскрыліся найперш у якасці аўтара тэкстаў. Але ў кінематаграфічнай студыі «Чынечыта» ён становіцца знакамітым у ролі, якую я называю асветнік. Пасля таго як іншыя аўтары пісалі сцэнарый, запрашалі Гуэру, яго задачай было звярнуць увагу ці падсвяціць некаторыя моманты паэтычнымі ўстаўкамі па просьбе рэжысёраў.
У многіх фільмах Феліні названы некалькі аўтараў сцэнарыя. Часта яны працавалі кожны сам па сабе, а не ў камандзе. Феліні, у сваю чаргу, даваў кожнаму пэўнае заданне, якое выконваў толькі ён, а ў рэжысёра пасля атрымлівалася агульная калектыўная праца. Таніна Гуэра часта пісаў аповеды на адну старонку, якія маглі станавіцца асновай для фільма. Альбо потым асвятляў сцэнарыі іншых аўтараў. Прафесар прывёў прыклад: ёсць апавяданне пра чалавека, які едзе ў адпачынак і здымае дом на беразе мора. У адным з пакояў раптам выбухаюць 100 бутэлек рознай формы, і ўвесь адпачынак чалавек прыбірае асколкі.
Такі аповед быў устаўлены ў фільм, каб паказаць характар аднаго з герояў.
У Таніна Гуэры былі сотні падобных апавяданняў. Ён збіраў артыкулы, выразаў з часопісаў гісторыі і ператвараў іх у творы. Але сцэнарый фільма «Амаркорд» амаль цалкам быў напісаны Таніна Гуэрай, нездарма кожная сцэна напоўнена паэзіяй. З цягам часу ідэі Таніна Гуэры былі выкарыстаны іншымі аўтарамі і зрабілі ўнёсак у іх развіццё і творчасць.
Гарманічныя пераўтварэнні
У канцы 70-х — пачатку 80-х Таніна Гуэра кідае работу і з’язджае з Рыма. Прыкладна ў 60 гадоў ён у нейкім сэнсе сыходзіць на пенсію і вяртаецца на сваю радзіму ў рэгіён Раманья. Феліні нарадзіўся ў Рыміні, а Таніна — за восем кіламетраў ад мястэчка Сантарканджэла. Можна сказаць, што Гуэра мяняе рамяство і становіцца рэжысёрам свайго жыцця. Пачынаючы з 1981-га звяртаецца да жыхароў рэгіёна Раманья. Прапаноўвае нейкія ініцыятывы, на яго думку, важныя для рэгіёна — па ўсёй тэрыторыі былі змешчаны яго звароты, абвесткі, паведамленні, плакаты ці нешта падобнае да маніфестаў. У іх Таніна Гуэра імкнуўся даваць парады мэрам маленькіх гарадоў. Напісаныя простымі словамі кароткія фразы тычыліся жыцця тых мясцін. Прапаноўваў заснаваць новую традыцыю: пры нараджэнні дзіцяці садзіць пладовае дрэва, каб разам яны ўтварылі квітнеючы сад. Былі і простыя жыццёвыя парады, напрыклад: як утрымліваць дом, як захаваць прыгожы ландшафт мясцовасці — ён хацеў паўсюдна бачыць гармонію (як яе разумелі ў XVI стагоддзі ў рэгіёне Венета, адкуль пайшло слова «пейзаж», — а ў ім тры складальнікі, прыгожая не толькі прырода, але архітэктура і сляды прысутнасці чалавечай дзейнасці). Ці не таму заклікаў захоўваць дамы ў сельскай мясцовасці? Як жа гэта перагукаецца з беларускімі рэаліямі...
І сам працаваў на гармонію праз рэалізацыю праектаў фантанаў і іншых мастацкіх аб’ектаў. Напрыклад, пень-дрэва, увасобленае ў бронзе. Цікавы аб’ект — дыван, пакрыты соллю і прысвечаны мясцінам, дзе наладжана яе вытворчасць. Ці жорны млына, якія ператварыліся ў фантан. Яшчэ арыгінальны фантан, прысвечаны рыбакам. Іншыя фантаны...
Вярнуўшыся ў рэгіён Раманья, Таніна Гуэра скарыстаўся сваёй славай, каб пераўтварыць сваю радзіму. Некаторыя работы былі створаны запрошанымі скульптарамі паводле ідэй Таніна. Некаторыя ідэі здаваліся нерэальнымі, але ў выніку ажыццявіліся. Напрыклад, жалезны мост, які трэба было дэманціраваць. Таніна папрасіў, каб мост не разбіралі, а перанеслі: цяпер ён вядзе да ракі, але не перасякае яе. Уявілі?.. А ёсць яшчэ цікавая з’ява: «Літаратурны парк Таніна Гуэры». Ён выбраў раўніну як лабараторыю сваіх ідэй. У нейкім сэнсе стварыў умовы, каб яна стала прыкладам пераўтварэння праз мастацтва.
Голас радзімы
— Пасля таго як Таніна Гуэра размаўляў са светам праз свае фільмы, ён вярнуўся ў родны рэгіён Раманья і пачаў пісаць на мясцовым дыялекце, — распавядае Масіма Пуліні і, адказваючы на пытанне, тлумачыць: — Аўтарытэтамі для яго былі два вялікія пісьменнікі, якія жылі ў гэтым жа гарадку, — Ніна Педрэці і Рафаэла Бальдзіні. Яны пісалі на мясцовым дыялекце. Але, нягледзячы на абмежаванне, якое стварае дыялект, змаглі гаварыць на ўніверсальнай мове з шырокай аўдыторыяй. У маладым узросце яны стварылі гурток, які ўвайшоў у сцэну фільма «Амаркорд», і сталі тымі паэтычнымі каранямі, якія далі афарбоўку пэўным эпізодам. Паэтычнасць, якая праступае ў фільмах Феліні, напэўна, мае дачыненне да гэтай групы з горада Сантарканджэла.
Прафесар сабраў шмат матэрыялаў пра Гуэру, некаторыя атрымаў ад сына Андрэа, з яго архіва. Усё сістэматызавана: каб было зразумела, што ён зрабіў для кіно і як працаваў у сваёй майстэрні на радзіме.
— Працуючы над многімі праектамі з Таніна Гуэрай, магу сказаць, што гэта быў няпросты чалавек, — адзначае Масіма Пуліні. — Энергічны. Заўсёды дакладна ведаў, чаго хоча. Сварыліся з ім. Таму што чалавек альбо станавіўся яго інструментам, альбо ўступаў з ім у творчыя спрэчкі. Трэцяга не было.
Я вельмі рады, што ведаў яго.
Памяць пра майстра жыве на яго радзіме. Што казаць: фактычна адраджэнскі дух выявіў сябе ў ХХ стагоддзі праз таленавітага і неабыякавага чалавека. Прыклад таго, як талент можа паўплываць не толькі на развіццё кіно, але і змяніць свет вакол сябе, упрыгожыўшы сваю радзіму.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота дасланы аўтарам