Мы часта гаворым, што няма людзей, якіх нельга замяніць. Гаворым да тае пары, пакуль не развітваемся з чалавекам, пакуль не страчваем асобу.
Так адбылося і ў выпадку Міколы Мятліцкага. Нават не тады, калі ён пайшоў з пасады галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» на пенсію. Так здарылася, калі ён пайшоў з жыцця. Асэнсаванне, зразумела, прыходзіць паступова. Але няма Мятліцкага — і няма яго светлай усмешкі на імпрэзах, вечарынах у Доме дружбы. Няма паэта — і паменела балючых, трывожных, завостраных вершаваных водгукаў на многія сусветныя падзеі. Няма Мятліцкага — і вузейшай зрабілася наша беларуская сцяжынка, наш масток у справе яднання літаратур, у справе мастацкай дыпламатыі перакладу...
Ён і на пасадзе галоўнага рэдактара ў «Полымі», і пазней вельмі шмат часу аддаваў творчай працы як перакладчык. Ужо не памятаю, як узнікла ідэя стварэння сапраўднай аўтарскай анталогіі «Пад крыламі дракона», дзе Мікола аб’яднаў свае пераклады твораў кітайскіх паэтаў, пачынаючы з самай даўніны. Але як толькі пра нашу выдавецкую задумку даведаліся ў Міністэрстве інфармацыі, а яшчэ і ў Інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, ініцыятыву падтрымалі. І анталогія выйшла неверагодным для такога выдання накладам — 2500 экзэмпляраў. Дзеля справядлівасці трэба падзякаваць за рэалізацыю задуманага праекта і тагачаснаму першаму намесніку міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч, і на той час дырэктару Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, доктару філалагічных навук Аляксандру Гардзею, і дырэктару гэтай установы з кітайскага боку, кандыдату геаграфічных навук Лю Сулін. Дарэчы, Лю Сулін настолькі праніклася справай перакладу кітайскай літаратуры на беларускую мову і наадварот — беларускай літаратуры на кітайскую, што далучыла да гэтага свайго сына Сунь Фаньці. Спярша школьнік, а пасля студэнт пераклаў на кітайскую невялікія па памеры паэтычныя і дзіцячыя творы. А затым некалькі гадоў працаваў над перакладам аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча.
- Адкрываў аўтарскую анталогію перакладаў «Пад крыламі дракона» верш першага вядомага кітайскага паэта, які жыў у 340 (?) — 278 гг. да нашай эры, Цюй Юаня «Смерць за Радзіму». За гэтую працу Мікола Мятліцкі быў уганараваны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва. Кітайская паэтычная прастора не адпускала беларускага паэта. Ужо ў 2018 годзе ў «Мастацкай літаратуры» выйшла кніга з яго перакладамі «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Сто паэтаў Кітая XX стагоддзя». А яшчэ праз год у тым жа выдавецтве пабачыў свет прыгожа аформлены том выбранага легендарнага кітайскага паэта Ай Ціна (1910–1996) «Гімн святлу». Дарога да Ай Ціна пачалася ў Міколы Мятліцкага з перакладу пяці твораў для першага беларускага зборніка кітайскага класіка «Водар стоенага лесу», які выйшаў у серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая» ў 2015 годзе. Відавочна, што зацікаўленасць Кітаем, кітайскай паэзіяй, Усходам у Мікалая Міхайлавіча, калі б не заўчасны яго сыход, доўжылася і надалей. Дарэчы, ненадрукаванай засталася і анталогія яго перакладаў в’етнамскай паэзіі. Знайсці б тое выдавецтва, якое ахвотна возьмецца за такую працу!.. Яшчэ раней падзеяй у развіцці беларуска-казахскіх літаратурных сувязей стала выданне перакладзенай М. Мятліцкім кнігі легендарнага паэта і асветніка Абая «Стэпавы прастор». Беларускі перакладчык за гэтую працу быў адзначаны Міжнароднай літаратурнай прэміяй Казахстана «Алаш».
«І гэты дзень, нічым не значны, // Як сотня іншых, прамільгне. // Ды свет без слёз, яму ўдзячны, // Услед з палёгкай пазірне. // У гэты дзень, такі звычайны, // Што кінуў водсвет на расе, // Гнеў не ўскіпаў нідзе адчайны, // Маўчалі ўсцяж гарматы ўсе». Мне часта, калі гартаю кнігі Міколы Мятліцкага, на вочы трапляецца менавіта гэты верш з кнігі «Замкнёны дом», выдадзенай у 2005 годзе «Мастацкай літаратурай». Не буду прыводзіць аўтограф, які пакінуў мне на «Замкнёным доме» аўтар. Радкі ўзнёслыя і вельмі высокія, патэтычныя, а значыць, — выключна асабістыя.
Я перажыў стагоддзі
Адчужэння і цішыні,
Сполаху павяртання
да горкай зямлі.
Звінелі, як восы,
Мёртвыя дні,
Зоркі —
Страчаны час пілі.
Гэтымі радкамі адкрываецца «Замкнёны дом». І гэта ў нечым і знак, што пакутлівыя, драматычныя падзеі заўжды павінны адыходзіць, на змену ім прыйдуць мір і цішыня. Любоў да жыцця, жаданне ісці ў заўтра і мудра перадаць гэтае жаданне наступнікам — вось што я знаходжу цяпер у вершах і паэмах Міколы Мятліцкага. І яшчэ — любоў да людзей, захопленасць тымі асобамі, якія паспелі зрабіць за сваё жыццё, заўсёды і для ўсіх кароткае, вельмі шмат для грамад-ства, для Айчыны, для людзей...
І ў «Замкнёным доме» шмат вершаў-прысвячэнняў: «Светлай памяці Івана Пятровіча Шамякіна» («Развітанне»), «Ганаду Чарказяну», Ніне Рыбік («Вітанне кнігі»), Уладзіміру Гардзеенку («Мальберт мастака»), «Светлай памяці Міколы Іванавіча Ермаловіча» («Крэва»)...
У 2010 годзе ў выдавецтве «Літаратура і мастацтва» выйшла кніга «Цяпло буслінага крыла». І ў гэтым зборніку, які таксама падпісаў мне аўтар («...з удзячнасцю і самымі шчырымі пажаданнямі здароўя, шчасця, дабра. Няхай заўсёды вецер Радзімы будзе пад тваімі крыламі...»), — шмат вершаў пра родны Хойніцкі край, пра землякоў. Ёсць і прысвячэнне Івану Паўлавічу Мележу: «Я прыходжу не сцежкай памяці, // Я прыходжу сюды штодня, // Дзе жылі вы душой, Іван Паўлавіч, // дзе ў бары — цішыня...» («Памяці Івана Мележа»). Чытаць вершы Міколы Мятліцкага, асабліва тыя, што прысвечаны роднаму Бабчыну, — гэта як падарожжа і да сябе дадому, у родную вёску, у родныя мясціны. Пэўна, такія асацыяцыі грунтуюцца на сіле, моцы тых слоў, што выбраў паэт. І словы гэтыя — міжпрасторавая дарога, аднолькавая для ўсіх, шлях перажыванняў і разваг пра роднае, пра сваё...
У 2016 годзе «Беларуская навука» выдала кнігу М. Мятліцкага «Мой боль вырастае да зор: чарнобыльскія вершы». Парадаваўшыся за паэта, я ў чарговы раз парадаваўся і за выдавецтва,якое, хаця і зарыентавана на акадэмічныя выданні, усё ж выдала мастацкую кнігу. Адкрывае зборнік, вядома, верш пра родны край: «Кут мой забыты, безабаронна // Зорыш пагаслых крыніц вачыма. // Некаму ты — // Адчужэлая зона, // Сэрцу майму ты да скону — // Радзіма!» І, канешне ж, парадаваўся, калі яшчэ адзін асобнік кнігі патрапіў да мяне. Ужо — з аўтографам на развароце кнігі «Мой боль...»: «...З пажаданнем і надалей нястомна пашыраць духоўную прастору чалавецтва...»
Кніга «Бяссмертнік» мне асабліва дарагая. У агульнай мастацкай тканіне ёмістага фаліянта — і добра знаёмыя вершы, якія ствараліся літаральна на маіх вачах, іх зместам паэт дзяліўся адразу пасля напісання. Гэта і «Балачанка» — пра невялікую рачулку паблізу маёй роднай Зацітавай Слабады. На беразе Балачанкі — і вёска з аднайменнай назвай. У гэтыя мясціны не адзін год прыязджаў летаваць, вудзіць рыбу, збіраць грыбы народны пясняр Беларусі Якуб Колас...І надпіс мне адпаведны на кнізе пакінуў Мікалай Міхайлавіч: «...Ад стараннага вучня школы Радзімазнаўства з удзячнасцю...» У кнізе — і верш «Гао Ман піша партрэт Купалы»... Мы не аднойчы размаўлялі з Міколам у час яго працы над кітайскімі перакладамі і пра Гао Мана — шматгадовага рэдактара кітайскага часопіса «Сусветная літаратура», каліграфа, перакладчыка Аляксандра Пушкіна, Ганны Ахматавай і Тараса Шаўчэнкі, перакладчыка вершаў Максіма Танка яшчэ напрыканцы 1950-х...
Калі пішу гэтыя сціплыя радкі памяці, калі ў чарговы раз думаю пра тое, што з сыходам Міколы Мятліцкага штосьці страцілася ў агульнай мастацкай прасторы, ляжаць на стале і іншыя кнігі паэта з дароўнымі надпісамі. Ведаю, што не аднойчы буду да іх звяртацца. Веру, што кнігі Міколы Мятліцкага адкрываюць не толькі яго сябры і блізкія, а і чытачы, неабыякавыя да роднага беларускага слова, да беларускай паэзіі.
...У Саюзе пісьменнікаў Беларусі створана мемарыяльная камісія па ўвекавечанні памяці Міколы Мятліцкага. Ведаю, што не аднойчы яе галоўныя заўзятары, галоўныя рухавікі на чале з Міхасём Пазняковым прагаворвалі тое, што ў родных Міколу Хойніках, куды яго ў любую непагадзь вялі жыццёвыя, творчыя дарогі, і ў Гомелі, дзе яго добра ведалі і ведаюць, павінны з’явіцца вуліцы, названыя імем паэта Міколы Мятліцкага. Спадзяюся, што з часам так і будзе.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Фота Кастуся Дробава