Top.Mail.Ru

Класік беларускай літаратуры ўшанаваны ў Ферганскім дзяржаўным універсітэце

29.10.2025 | 11:00
Паэтычны Узбекістан Якуба Коласа

Узбекістан сёння становіцца месцам турыстычнага прыцягнення для многіх беларусаў. Інтарэс да ўзбекскай зямлі абумоўлены не толькі яе прыгажосцю, але і гістарычнымі фактарамі. У гады Вялікай Айчыннай вайны гэтая краіна дала прытулак тысячам людзей, якія пакінулі свае родныя мясціны ў пошуках выратавання і бяспекі падчас эвакуацыі. Сярод іх быў і класік беларускай літаратуры, народны паэт Беларусі Якуб Колас. 

У Ташкент, куды была пераведзена Акадэмія навук БССР, нязменным віцэ-прэзідэнтам якой паэт быў з 1929 года, Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч прыехаў 14 жніўня 1941 года. У лісце да свайго сябра і перакладчыка Сяргея Гарадзецкага ад 17 жніўня Якуб Колас пісаў: «Мы сейчас далеки друг от друга территориально. Я очутился в совершенно новом для меня мире, где так много своеобразия, своей поэзии...»

Сэрца Якуба Коласа было напоўнена смуткам, перажываннямі за лёс родных і блізкіх, роднай зямлі, якую бязлітасна руйнаваў вораг, і ўсіх тых, хто стаяў на яе абароне. З-пад пяра паэта выходзілі вершы і паэмы, артыкулы і апавяданні поўныя нянавісці да нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але, нягледзячы на боль у сэрцы і тугу па радзіме, паэт не мог не адчуваць прыгажосць таго краю, які «ў цяжкі час вайны суровай» даў прытулак яму і членам яго сям’і. Многія вершы прысвечаны жывапісным і чароўным мясцінам Ташкента, дзівосным горным краявідам Чымгана, сонечнаму Узбекістану. 

Якуб Колас цяжка пераносіў спякотны ташкентскі клімат, таму сапраўднае задавальненне яму прыносілі вячэрнія вандроўкі ўздоўж Салара. Пасля цяжкага працоўнага дня, напоўненага хатнімі клопатамі, улюбёным месцам адпачынку бераг ракі быў і для жонкі паэта Марыі Дзмітрыеўны. 3 жніўня 1943 года ў сваім дзённіку Якуб Колас занатаваў: «Хачу напісаць верш пра Салар, на беразе якога мы часта сядзелі з Марусяй па вечарах на захадзе сонца»:

Рассыпала сонца каралі,

Ірдзее ў ім пыл, нібы жар.

Шумлівыя кідае хвалі,

Прахладаю вее Салар...

Апісваючы прыгажосць рэчкі, якая адорвала прахалодай і зачароўвала сваёй прыгажосцю, душою і сэрцам Якуб Колас быў у роднай краіне. Паэт пісаў: «Я не ведаю, як буду ўспамінаць Узбекістан, Ташкент. Адно ведаю: пакутаваў, перажываў, зазнаваў бяссоныя ночы. Як часта, амаль кожную гадзіну, успамінаў Беларусь».

Пісьменнік і вучоны Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці сталіцы 

Узбекістана, выступаў на мітынгах, сустрэчах, арганізоўваў працу Акадэміі навук і шмат пісаў. У Ташкенце выйшлі зборнікі вершаў паэта «Голос земли» і «Избранные стихотворения» на рускай мове, кніга «Выбраныя вершы» («Танланган ше’рлар») у перакладзе на ўзбекскую мову, якая стала падарункам паэту на яго шасцідзесяцігоддзе ад узбекскіх пісьменнікаў. Новымі вершамі папаўняецца паэтычны сшытак беларускага песняра «Ташкенцкая торба».

Якуб Колас не закідваў літаратурную працу, хоць стан яго здароўя не абяцаў нічога добрага — паэт моцна схуднеў, яго непакоілі высокі ціск і шум у вушах, з’явіліся агністыя кругі ў вачах. У лістах да сваіх сяброў ён пісаў, што «ледзь валачэ ногі», сумняваўся, ці завалачэ ён свае косткі на родную зямлю. Беларускаму песняру неабходна было добра адпачыць, падыхаць свежым паветрам. І такая нагода надарылася. 

Разам з жонкай і сынам Міхасём Якуб Колас едзе адпачываць у маляўнічыя мясціны на гары Чымган. Жыве на лецішчы старшыні СНК Узбекістана А. Абдурахманава. 27 жніўня 1943 года Якуб Колас у сваім дзённіку напісаў: «Калі будзе вольны час, паспрабую напісаць верш «Чымган»: 

У мантыі лёгкай з празрыстай сінечы

Узносіцца ў неба магутны Чымган.

На ім спачывае халодны туман,

І хмары кладуцца на крэпкія плечы.

Як нейкі ўладар, незлічона багаты,

У розных адзеннях красуецца ён:

Дае яму сонца і колер, і тон,

Ткуць зоры і месяц яму свае шаты.

Суровы, маўклівы, як хорам спрадвечны,

Скалістыя вежы раскінуў Чымган,

Дзе непатрывожаны беркут-крылан

Адзін аглядяе прастор бесканечны...

Чымган здзіўляў паэта, ён параўноўваў яго то з сівым дзедам, які змяніў сваё адзенне і прыняў пахмурны выгляд, то з жанчынай-модніцай, якая шмат разоў на дзень мяняе свае ўборы. Адпачынак каля Чымгана быў адным з найлепшых для членаў сям’і Якуба Коласа — жонкі Марыі Дзмітрыеўны, сына Міхася. Якуб Колас быў зачараваны прыгажосцю горнага курорта, супакойваючым шумам рэчкі Чымганкі, смакам салодкага і араматнага вінаграду. Але ў той жа час родная зямля так моцна клікала Якуба Коласа, так хацелася ўбачыць мілыя сэрцу мясціны, прайсціся ляснымі сцежкамі, пазбіраць баравікоў, якія для паэта ў гады вайны былі сімвалам радзімы. «Як далёка ён, гэты куток! Ён здаецца мне недасяжным раем, — пісаўпаэт. — Ці ступлю на тую дарогу, што прывядзе да родных куточкаў, на Свіслач, у Вусце, Беразянку і Балачанку? Як томіцца душа!» На дарогу да роднай Беларусі паэт ступіў...

Перад ад’ездам у Маскву Колас падзякаваў краіне, якая ў гады ваеннага ліхалецця сагравала яго цеплынёй сяброўскіх сэрцаў, — напісаў верш 

«Узбекістану». Такую ідэю падала песняру яго жонка Марыя Дзмітрыеўна. 21 кастрычніка 1943 года ў сваім ташкенцкім дзённіку паэт напісаў: «яна падала мне думку напісаць развітальны верш Ташкенту. Пачаў пісаць. Кінуў — не выходзіць. Трэба абмеркаваць і пачаць іначай». Верш, прысвечаны другу-Узбекістану, у Якуба Коласа атрымаўся цёплым і сардэчным:

...Успомню горад, шумны, звонкі,

І паркі, і сады,

Салар, узор арыкаў тонкі,

І топаляў рады.

Куточкі ўспомню зацішныя

І велічны Чымган,

І па табе душа заные,

Край-друг, Узбекістан...

У Ташкенце Якуб Колас жыў і працаваў два з паловай гады. За гэты час у беларускага песняра склаліся сяброўскія адносіны з многімі ўзбекскімі пісьменнікамі і паэтамі — Хамідам Алімджанам, Зульфіёй, Хамідам Гулямам, Гафурам Гулямам, Уйгунам, Мертымірам і іншымі. На памяць аб сустрэчах засталіся фотаздымкі, цёплыя ўспаміны, кнігі з аўтографамі, якія і цяпер сведчаць пра ўзаемную павагу.

Сёння добрыя кантакты і стасункі паміж нашай краінай і Рэспублікай Узбекістан, падмурак якіх быў закладзены ў тым ліку і народным паэтам Беларусі Якубам Коласам, плённа развіваюцца ў культурнай, адукацыйнай і эканамічнай сферах. Якуба Коласа ведаюць і паважаюць ва Узбекістане. І гэта не проста словы... З’яўляюцца новыя пераклады яго твораў на ўзбекскую мову, у 2018 годзе ў Ташкенце быў адкрыты бюст Якубу Коласу, абноўлена дошка на будынку, дзе жыў і працаваў класік беларускай літаратуры, сваёй прыгажосцю радуе вуліца Якуба Коласа ва ўзбекскай сталіцы.

Прыемна, што ва Узбекістане з’явіўся яшчэ адзін знак дружбы паміж нашымі дзяржавамі, звязаны з класікам беларускай літаратуры. 

У межах другога адукацыйнага форуму Узбекістана і Беларусі, які быў скіраваны на развіццё партнёрскіх адносін у сферы адукацыі, развіццё акадэмічных абменаў, укараненне сумесных адукацыйных праграм і пашырэнне навуковага ўзаемадзеяння паміж універсітэтамі, адбылося святочнае адкрыццё аўдыторыі імя паэта ў Ферганскім дзяржаўным універсітэце. Гэтая падзея стала яшчэ адным яркім сімвалам умацавання культурнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Узбекістан і Рэспублікай Беларусь, а таксама захавання памяці аб шматгадовым сяброўстве паміж народамі дзвюх краін.

Васіліна МІЦКЕВІЧ,праўнучка Якуба Коласа,Пасол турыстычнага брэнда Узбекістана ў Рэспубліцы Беларусь

Фота дасланы аўтарам

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю