Top.Mail.Ru

Класіка і моладзь: пошук агульнай мовы 

Аўтар: Лізавета Крупянькова
19.05.2025 | 07:00

Круглы стол «Як беларуская літаратура размаўляе з новым пакаленнем» з удзелам сучасных беларускіх пісьменнікаў Людмілы Рублеўскай, Віктара Шніпа і Вольгі Рацэвіч прайшоў на факультэце журналістыкі БДУ. Абмеркавалі тэндэнцыі беларускай і сусветнай літаратуры, паспрабавалі знайсці формулу «класікі» і спосаб пашырэння нацыянальнага пісьменства сярод моладзі.


Нягледзячы на нязменную папулярнасць класічных твораў сярод людзей рознага ўзросту і сацыяльнага статусу, з кожным годам моладзі ўсё цяжэй разумець праблемы і пачуцці, пра якія пісалі літаратары некалькі стагоддзяў таму. Многія школьнікі з-за гэтага непаразумення назаўжды адмаўляюцца ад чытання класікі. І паўстаюць заканамерныя пытанні: як навучыцца пісаць, каб у будучым стаць класікам? Як дапамагаць моладзі разумець творы мінулага? І хто гэта павінен рабіць?

— У шэрагі класікаў нельга трапіць запланавана. Класіка ўвогуле — вельмі шырокае паняцце, якое змяняецца разам з часам. Ёсць часовыя класікі: яны з’яўляліся, калі было няшмат пісьменнікаў. Класікі сучаснай беларускай літаратуры — Іван Шамякін, Васіль Быкаў і іншыя — застануцца ў залатым фондзе айчыннага пісьменства назаўсёды. Аднак нельга не заўважыць, што тэмы, пра якія яны пісалі, сёння пераасэнсоўваюцца, і невядома, што заўтра будзе на першым плане, а што забудзецца. І ад сучасных аўтараў залежыць, якія тэмы будуць пашырацца ў масах, што людзі будуць чытаць і якія творы стануць лічыцца класічнымі, — заўважае галоўны рэдактар часопіса «Полымя», пісьменнік Віктар Шніп.

Пісьменнікі былой эпохі жылі і працавалі ў складаных гістарычных умовах, таму іх лёгка падзяліць на пакаленні. Ёсць тыя, хто прайшоў вайну і прысвяціў гэтаму сваю творчасць, ёсць пасляваеннае пакаленне, ёсць «шасцідзясятнікі» і іншыя. Сёння маладыя людзі выхоўваюцца не гісторыяй, а культурай, з-за чаго пашыраюцца магчымасці пісьменнікаў, але ўласны досвед змяняецца на агульны, дзе манаполія аднаго твора ці жанру можа паўплываць на вялікі пласт літаратуры. Аднак наколькі гэта распаўсюджана? І ці так моцна ўплывае на творчасць юных літаратараў? На гэта адказала член журы конкурсу «БрамаМар», пісьменніца Людміла Рублеўская:

— Такія змены адбываюцца на больш тонкім узроўні, які складана прасачыць і прааналізаваць. Тут уплыў не толькі аднаго твора ці жанру, тут больш складаны працэс абагульнення, які быў і будзе заўжды. Як член журы розных літаратурных конкурсаў, у тым ліку «БрамаМар», я назіраю розныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай літаратуры. У адзін год шмат людзей пішуць пра пераадоленне траўмы, іншым разам палова пісьменнікаў прыходзіць да фантастыкі. Часам паўтараецца форма ці вобраз. Аднак гэта было і будзе існаваць, паколькі па такой форме будуюцца не толькі студэнцкія конкурсы, але літаратура ўвогуле. Неўсвядомленае перайманне — звычайная з’ява, якая можа быць карыснай. Аднак самая важная парада для пачынаючых пісьменнікаў — гэта быць сабой, адчуваць, што ўласціва табе, і не падлажвацца пад нейкі канон. І гэта не так проста, як здаецца на першы погляд. 

Юных пісьменнікаў, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, таксама хвалююць пытанні сучаснай айчыннай літаратуры. Ці ёсць пераемнасць у беларускай літаратуры? Чаму існуе меркаванне, што творы на беларускай мове пабудаваны толькі вакол адной тэмы? Як зацікавіць людзей беларускай літаратурай і як зразумець, што яе залаты век яшчэ не скончаны?

Віктар Шніп перакананы:

— Пераемнасць у літаратуры — складаная з’ява, якую вельмі цяжка адчуць. Можна сказаць, што ў нас ёсць пераемнасць у нейкіх канкрэтных тэмах, напрыклад у тэме Вялікай Айчыннай вайны. Аднак яна аб’ядноўвала і аб’ядноўвае не пакаленні, а народы, таму пераемнасць гэтай тэмы будзе захоўвацца яшчэ доўга.

Людміла Рублеўская дадае:

— Дваццаць гадоў назад можна было казаць, што беларуская літаратура яшчэ развіваецца і не запоўніла ўсе нішы. Аднак сёння ўсе яны ўжо занятыя, і паўстае зусім іншае пытанне: як іх папулярызаваць? Як пра гэта расказаць, каб пра напісанае ведалі? На жаль, у нас адсутнічае добрая камунікацыя паміж літаратурным працэсам і масавым чытачом, і гэта стала вялікай праблемай для пісьменнікаў. Раней мы казалі, што беларуская літаратура будзе папулярнай, калі на ёй пачнуць друкаваць бульварныя раманы. То-бок тое, што мы не паважаем, але тое, што патрэбна звычайнаму чытачу. І сёння ўжо ёсць спробы пісаць масавую беларускую літаратуру. Я для сябе вырашыла: калі з’явіцца вялікая колькасць беларускамоўных «фанфікаў» (аматарскія апавяданні па матывах літаратурнага твора ці кіно. — Заўв. аўт.), тады можна будзе сказаць, што беларуская літаратура замацавалася. Прыемна адзначыць, што сёння быць прыхільнікам айчыннай літаратуры — прэстыжна.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота Дзмітрыя КАТРЭНКІ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю