Top.Mail.Ru

Кніга «Сказочный мир. Сказки народов СНГ» заняла першае месца на конкурсе «Мастацтва кнігі» дзяржаў — удзельніц СНД

Аўтар: Ірына Прымак
25.09.2026 | 14:54
Пад вокладкай — цэлы Сусвет…

Гэта добрая нагода распавесці пра сапраўдны твор мастацтва, бо інакш і не скажаш, калі трымаеш у руках выданне, якое выйшла летась у «Мастацкай літаратуры» (укладальнік Алесь Бадак, рэдактар Віктар Шніп). І хоць у конкурсе ацэньвалася ў першую чаргу афармленне, хочацца падкрэсліць: гэтая кніга — узор для ўсіх выдаўцоў. 

Скажу шчыра: кніга аказалася ў мяне дома дзякуючы Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы. Такога кшталту выданняў, дзе пад адной вокладкай сабраны казкі самых розных народаў, не было вельмі даўно. Трэба падзякаваць усім, хто мае дачыненне да стварэння такога прэзента ўсім аматарам казак.

Кніга ўяўляе сабой падарункавае выданне, зробленае з вялікім густам і душой. Яна карысная для ўсіх, хто любіць чытаць: як для дзяцей, так і для дарослых, бо казкі падабраны настолькі граматна, што, чытаючы, вандруеш па Сусвеце. І з кожнай можна вынесці ўрок народнай мудрасці, якой часам не хапае... 

Спачатку штовечар гарталі казкі з дачкой перад сном. Яна малявала буквіцы, падобныя на тыя, што ёсць у кнізе, а яшчэ здзіўлялася ўсім гэтым нетыповым для нас вобразам і каларытным імёнам. Думаю, у школе яна яшчэ здзівіць усіх тым, што можна адрозніць у свае сем гадоў джыгітаў і батыраў, падзішахаў і візіраў, бо ўжо ведае пра іх. Канешне, з дачкой пры чытанні мы больш увагі звярталі на ілюстрацыі і сюжэт. Паўлінцы асабліва спадабалася беларуская народная казка «Ра-

зумная дачка». Аднак, безумоўна, яна з цікавасцю сачыла і за перыпетыямі іншых прыгод, а я злавіла сябе на думцы, наколькі некаторыя казкі падобныя, сустракаюцца нават аднолькавыя тыпажы ці сітуацыі.

Другі раз перачытвала кнігу сама і зразумела: яна зроблена з вялікай павагай і любоўю да казкі як да асаблівага жанру. А яшчэ я заўважыла галерэю вобразаў мудрых жанчын. Пераканана: ніхто з выдаўцоў не думаў — наперадзе Год беларускай жанчыны, бо кніга прымеркавана да 35-годдзя СНД. Аднак усё, як кажуць, супала! Ва ўсіх гісторыях, акрамя казак пра жывёл, прысутнічаюць мудрыя жаночыя персанажы, якія дапамагаюць сваім блізкім дасягнуць чагосьці большага. Таму хочацца працытаваць выказванні з кіргізскай казкі «Завет Сулайманбая»: «Не гонись за красотой, выбирай себе девушку умную, с хорошим, добрым сердцем». Гэта толькі адзіны прыклад тых мудрых думак, якімі ўзбагачаецца чытач кнігі.

Хочацца вылучыць казахскую казку «Цудоўны сад», якая распавядае пра чалавека з добрым сэрцам: ён аддаў апошнія грошы, каб выратаваць птушак, і ў выніку тыя дапамаглі яму знайсці шчасце для сябе і людзей. Менавіта птушкі з гэтай гісторыі ўпрыгожваюць вокладку выдання, што вельмі сімвалічна. Таксама спадабалася таджыкская казка «Мудрая дзяўчына і абібок», дзе сцвярджаецца, што «разумная жонка і дурнога мужа разумным зробіць». Аднак аказалася, што ён і быў разумным. Было вельмі цікава чытаць, як мудрая Акілхон перакладала карканне вароны і прымушала абібока ўстаць на ногі, каб дабрацца да аладкі і паесці.

Хочацца, каб гэтая казачная кніга была калісьці перавыдадзена, каб як мага больш людзей змаглі яе прачытаць. І не толькі ў падарункавым варыянце. 

Ірына ПРЫМАК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю