Пасля прачытання гэтай кнігі, здаецца, паездка на ліфце ўжо ніколі не будзе такой, як раней. Таццяна Цвірко ў нейкай ступені рызыкнула, выбраўшы адным з галоўных герояў свайго рамана ў апавяданнях (кніга «Ліфт» выйшла сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда» накладам 700 асобнікаў) менавіта «стацыянарнае грузападымальнае прыстасаванне, якое перавозіць пасажыраў або грузы ў вертыкальным кірунку па жорсткіх сталёвых накіравальных». Так суха характарызуецца Ліфт у эпіграфе да прадмовы. Але далей у кнізе раскрываецца яго вобраз. І высвятляецца: Ліфт — сапраўды цікавы персанаж, які аб’ядноўвае ўсе творы.
Гэта не проста нейкі срэбны пакойчык, бліскучы, антывандальны, з люстэркам на ўвесь рост і відэакамерай у верхнім куце. Ён не проста дастаўляе пасажыраў на патрэбны паверх, слізгаючы то ўверх, то ўніз. Ліфт надзелены рысамі чалавека, хоць самі жыхары дома не ведаюць гэтага. Кожны раз, калі хтосьці ўваходзіць у кабінку, ён сочыць за настроем людзей: камусьці спачувае, ад паводзін іншых злуецца і тады ў знак пратэсту можа нават не працаваць пэўны час. Такім чынам аўтар стварыла новага для беларускай літаратуры персанажа. Яе Ліфт — паўнапраўны жыхар пад’езда сучаснай шматпавярхоўкі. На жаль, людзі не разумеюць яго магіі, але тыя, з кім здарылася нейкае няшчасце, каму патрэбна падтрымка, усё ж адчуваюць нейкія флюіды дабрыні, суперажывання і шчырасці, якія сыходзяць ад гэтага механізма.
Кожны дзень чароўны Ліфт знаёміўся са сваімі новымі пасажырамі, вывучаў не толькі іх знешнасць, але і характары, звычкі. Часам яму было дастаткова кароткіх гутарак, каб зразумець, які гэта чалавек. Дзякуючы эмпатыі Ліфт адкрыў для сябе багаты свет чалавечых лёсаў, а чытачу — сваю душу. Так, у яго яна таксама ёсць: як бы інакш герой спачуваў і падтрымліваў?
Кожнае апавяданне па змесце не падобнае на іншае (усяго ў выданні шаснаццаць гісторый). Сюжэты вельмі набліжаны да жыцця, таму хутчэй за ўсё хтосьці пазнае сябе ці сваіх знаёмых. Кожны твор называецца імем галоўнага героя, такім чынам выстройваецца галерэя чалавечых лёсаў. Праблемы, з якімі сутыкаюцца героі, — самыя распаўсюджаныя ў грамадстве.
У фінале кнігі праз думкі Ліфта аўтар агучвае простыя ісціны: «жыццё людзей цудоўнае ў дробязях, але яны часта імі грэбуюць», «трэба ўмець радавацца кожнаму імгненню і дарыць дабро навакольным», «кожны чалавек мае свой лёс, унікальны і непаўторны, і заслугоўвае павагі», «цярпенне і ўменне чакаць — важныя рысы для дасягнення мэт».
Верыцца, чытачу будзе пра што паразважаць. І, сеўшы аднойчы ў ліфт, хтосьці, напэўна, падумае: шкада, што звычайны, а не такі, як у кнізе Таццяны Цвірко. З дапамогай свайго чароўнага персанажа аўтар намякае нам, каб мы самі былі больш шчырымі, не праходзілі міма чужога гора і рабілі нешта добрае, бо велікадушнасць сёння ў вялікім дэфіцыце (пра гэта таксама згадвае пісьменніца).
Гэтую кнігу можна параіць усім, хто хоча пазнаёміцца з рознымі чалавечымі характарамі: бо ў кожным творы разглядаецца пэўны зрэз грамадства. У выданні вы знойдзеце ўсе тыя «дыягназы», якія ўласцівы амаль кожнай сям’і. Ёсць у кнізе і светлыя моманты, і чорныя палосы — усё, як у жыцці: першае каханне, сямейныя выпрабаванні, праз якія можа прайсці не кожны, кепскія звычкі, булінг, нават гісторыя пра махляроў, што сёння таксама актуальна.
Здаецца, у канцы аўтар намякае на працяг прыгод свайго чароўнага Ліфта: «Гэтыя шаснаццаць гісторый — толькі пачатак яго багатай хронікі, бо за сценамі кватэр хаваюцца ўнікальныя лёсы, важныя падзеі і незабыўныя сустрэчы, якія яму яшчэ трэба будзе разгадаць».
Паколькі гэта кніга для дарослага чытача (16+), афармленне даволі сціплае, але ёсць свае «фішкі»: нумары старонак знаходзяцца не ўнізе, а збоку, і нагадваюць кнопкі ліфта.
А кожная аповесць пачынаецца невялічкай застаўкай пэўнага паверха, быццам, знаёмячыся з ёй, адпраўляешся ў падарожжа на ліфце, націснуўшы патрэбны паверх. Здаецца, зусім дробязь, але гэта ўплывае на ўражанне ад прачытанага.
Цікавага ўсім знаёмства з чароўным Ліфтам і яго пасажырамі!
Ірына ПРЫМАК