Дзяўчынка толькі што стала дарослай — пайшла ў першы клас. Тут ужо няма часу на вясёлыя гульні з сябрамі, трэба вельмі доўга сядзець за партай і ўважліва слухаць настаўніцу. І ўсё ў Алісы атрымлівалася, акрамя чытання: яна ніяк не магла зразумець, як складваць літары ў склады. Дзяўчынка пачала адставаць ад аднакласнікаў, з-за чаго першае ўяўленне пра школу магло азмрочыцца маленькай няўдачай. Аднак на дапамогу ёй прыйшла мама з цікавай гульнёй «цаглінкі» і... любімы плюшавы мішка, які, на думку Алісы, абараняў яе сны.
Аднойчы на выхадных, калі можна нарэшце адпачыць ад школы, дзяўчынка знайшла пад падушкай канверт, на якім быў намаляваны яе Мішка. Любімы плюшавы сябар напісаў Алісе ліст, з якога пачаўся яе доўгі, але цікавы шлях да кнігі.
Кніга змяшчае 11 кароткіх і займальных жыццёвых гісторый, блізкіх кожнаму школьніку. Разам з Алісай і чароўным Мішкам дзеці даведаюцца пра бясконцыя касмічныя прасторы і іх жыхароў — зоркі, знойдуць метэарыт, пачастуюцца «разумным» шакаладам і прыгатуюць смачныя бліны. У кожнай частцы размешчаны рознакаляровы ліст ад Мішкі — склады ў словах вылучаны асобным колерам, каб спрасціць задачу тым, хто толькі асвойвае чытанне. З дапамогай такога казачнага ліставання Аліса навучылася і палюбіла чытаць. Магчыма, яе гісторыя дапаможа шматлікім першакласнікам (і іх бацькам) знайсці свой падыход да кнігі.
Выданне можна выкарыстоўваць у якасці казачнага дапаможніка, які стане дадатковай матывацыяй на складаным этапе навучання. Дзякуючы маляўнічым ілюстрацыям Людмілы Суханавай юныя чытачы лягчэй пранікаюцца гісторыяй і захоўваюць цікавасць да яе. Кагосьці кніга Жанны Касап можа натхніць на ўласнае ліставанне з сябрамі ці стане добрай ідэяй для бацькоў, чые дзеці не любяць чытаць. Выданне змяшчае шэраг цікавых спосабаў, як палегчыць першыя дні ў школе і зрабіць навучанне не абавязкам, а займальнай гульнёй.