Апошнім часам Каміль Камал, маючы багаты досвед у графічным мастацтве (рэпрадукцыі яго літаграфій даволі часта друкаваліся ў розных часопісах — «Далі», «Юная флейта», «Пілігрым», «Калыханка», «Карабель казак»; асабліва плённымі ў гэтым плане былі для яго 1999–2000 гады), час ад часу звяртаецца да ілюстравання кніг. У актыве кніжнага графіка работа над кнігамі расійскага і таджыкскага пісьменніка Цімура Зульфікарава, народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, курдскага і беларускага паэта і празаіка Ганада Чарказяна, класіка кітайскай паэзіі, сусветна вядомага Ай Ціна, яго суайчыннікаў Ван Гачжэня, Сюй Чжыма, Вэнь Ідо, анталогіяй кітайскай паэзіі XX стагоддзя «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы» (на старонках кнігі — вершы ста паэтаў Кітая ў пераўвасабленні Міколы Мятліцкага).
Новая работа кніжнага графіка — ілюстраванне навукова-папулярнага выдання «Аршанская зямля. Вялікая гісторыя малой радзімы» (Мінск, ТДА «Выдавецтва „Форум“», 2023; укладальнікі Валянцін Голубеў, Таццяна Бялова, Алена Пастэрнакевіч; кніга аддрукавана ў ААТ «Паліграфкамбінат імя Я. Коласа»). Кніга даволі грунтоўная і па аб’ёме — 98 умоўных друкаваных аркушаў, 472 старонкі.
Некаторым чынам характар кнігі, яе «культурны код» тлумачыць змест. Вось назвы асобных раздзелаў: — «Рша», «Прывілей», «Буквар», «Вера», «Замкі», «Войны», «Радзіма». Аўтары, укладальнікі паспрабавалі сумясціць розныя часы, аддаць даніну пашаны розным асобам, распавесці пра мастакоў, асветнікаў, пісьменнікаў, ваенных дзеячаў... Прычым зрабілі гэта даволі лаканічна і разам з тым інфармацыйна насычана... «Яна не блішчыць красою, // А ў сэрца навек запала // З паркам сваім змарнелым, // З сваёй Кабыляцкай гарой, // З лянівай сястрой Аршыцай, // Што летам бруіцца памалу // Ў шырокі, як песня наша, // Магутны, сівы Дняпро» (Уладзімір Караткевіч «Орша»). Укладальнікі кнігі, выдавецтва, відавочна, паставілі перад сабою звышзадачу — прапанаваць увазе чытачоў, а можа, і ўвазе калекцыянераў кнігі такую працу, дзе павінны быць аб’яднаны энцыклапедычнасць, паўната інфармацыі пра славуты край Беларусі, адметную мясціну Віцебшчыны, а таксама мастацкі характар выкладання тэмы. Таму ў кнізе шмат фатаграфічнага матэрыялу, рэпрадукцый архіўных дакументаў і карцін мастакоў. Але ўсе гэтыя складнікі даволі цяжка аб’яднаць, канструкцыя «Аршанскай зямлі...» аб’ёмная, даволі грувасткая.
І як выйсце ў дызайнерскім пошуку — малюнкі Каміля Камала, якіх у выданні прадстаўлена некалькі дзясяткаў. Так, у большасці выпадкаў яны носяць даволі абстрактны характар. Мастак не імкнецца інтэрпрэтаваць з дапамогай падабраных ім фарбаў, колераў тыя ці іншыя канкрэтныя аб’екты. Не, графік знаёміцца з прапанаваным для ілюстравання матэрыялам. Але пэўныя выявы для графіка — усяго толькі эмацыянальны штуршок. Больш важкую ролю для творцы іграюць лініі, штрыхі, інтанацыя, гучанне колераў. Ва ўяўленнях Камала Орша — горад, які становіцца музыкай нябёсаў... Горад, як і любое паселішча, вырастае, прыцягвае да сябе насельнікаў, жыхароў у розныя стагоддзі, фарміруецца на зямлі, у атачэнні азёр і рэк, паблізу крыніц і балот. Вось і расповед пра старажытную Оршу пачынаецца шырокім панарамным фатаграфічным здымкам прыхаваных у тумане ваколіц Оршы. Мо гэта нават Днепр у паводцы?.. А следам — малюнак Каміля Камала на разварот кнігі з прыдуманымі ім ладдзямі... Не шукайце элементаў, што маглі б сказаць пра адпаведнасць малюнка сапраўдным ладдзям, на якіх вазілі грузы па шляху «з варагаў у грэкі»... Графік дапаўняе тэкст, іншыя ілюстрацыі падаюцца не проста сваёй версіяй гістарычнай значнасці горада і ракі, якая пеставала не адно пакаленне аршанцаў. Зусім не. Творца нараджае імпульсы для эмацыянальнага прачытання гісторыі горада і яго жыхароў, пэўных часін...
Храналогія, ашчадна выпісаная гісторыкамі, пад назвай «Орша ў коле часу» таксама дапаўняецца прачытаннем, якое здзейсніў Каміль Камал. Малюнкі абрамляюць кожную са старонак, ніколькі не зацяняючы асноўны тэкст. Шматзначнасці пошукам мастака дадаюць яго эксперыменты з колерам. Яны не праліваюць святло, але ў іх жыве свая складаная гармонія, якая надзвычай імпануе друкаваным старонкам, стылістычна ўкладваецца ў абраны дызайнерам шрыфт.
Мастак, які праявіў сябе як ілюстратар графічнага летапісу Аршанскай тэмы, часам аказваецца ў палоне генетычнага культурнага кода. Каміль Камал, талент якога ўжо дзесяцігоддзі належыць Беларусі, усё ж жыве ўсведамленнем сваёй роднасці з Усходам, з матывамі Азіі. Творца ў сваіх жывапісных палотнах — «Радзіма мая...» (2005), «Дэрвіш» (2014), «Лёс любімага горада» (1992), «Азія» (2010) — з’яўляецца імклівым шукальнікам сэнсаў. Вось гэтая імклівасць і спрыяе асаблівай адказнасці, дазваляе выпрацаваць вагу рысы, кропкі... І падштурхоўвае да паяднання ўсходняй вытанчанасці, шматсэнсоўнасці з еўрапейскай дакладнасцю думкі. Не, Каміль Камал не страчвае ўяўленняў пра рэчаіснасць, але ён бярэ з адкрытага яму свету толькі патрэбную, неабходную частку, тыя дэталі і сімвалы, якія пасля не стануць перашкодай для мастацкага пошуку, мастакоўскага волевыяўлення...
Можна параўнаць сённяшнюю працу графіка з афармленнем кніг кітайскай паэзіі, параўнаць яго папярэднія рашэнні, раней выбраныя ім асэнсаванні іншых тэматычных абсягаў з новай работай — работай над прачытаннем «Аршанскай зямлі...». Мне падаецца, што мастаком зроблены вялікі крок наперад. Каміль Камал набывае сілу, якая праз лініі і рысы ў спалучэнні з правільна абранымі прыглушанымі колерамі нараджае моцнае энергетычнае прыцягненне яго творчых рашэнняў.
Спакваля ў мастака, які зарэкамендаваў сябе яркім творцам у розных кірунках выяўленчага мастацтва, збіраецца бібліятэка аформленых ім кніг. І «Аршанская зямля. Вялікая гісторыя малой радзімы» — вартая праца ў гэтым зборы.