Top.Mail.Ru

Кніжны код «алмаза ведаў»

Аўтар: Лізавета Голад
25.06.2026 | 17:20
Шэдэўры і носьбіты сакральных сэнсаў

Новы выставачны праект «Codices librorum. Кніжныя коды», прымеркаваны да 20-годдзя новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, упрыгожыў сваімі ўнікальнымі экспанатамі атрыум 2-га паверха. Чым жа прыкметная гэтая выстаўка?

Больш за 250 экспанатаў увайшлі ў экспазіцыю «Codices librorum. Кніжныя коды». 

Тут можна ўбачыць рэдкія здымкі і архіўныя матэрыялы, прысвечаныя гісторыі галоўнай бібліятэкі краіны, аўтарскія арт-кнігі, якія парушаюць звыклыя каноны кнігадрукавання, а таксама сапраўдныя шэдэўры паліграфіі і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Па словах вядучага метадыста аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці НББ Дзіяны Кацюшынай, назва выстаўкі мае асаблівы сімвалізм.

— Кніжныя коды пастаянна суправаджаюць нас: фактычна ўсё бібліяграфічнае апісанне зводзіцца да кадзіравання літаратуры. Асноўная задума выстаўкі была ў тым, што кожная вітрына пры азнаямленні з яе зместам адкрывае нам свой код, — адзначыла яна.

Пачынаецца экспазіцыя са старажытных кніг 1890-х і 1900-х гадоў.

— Гэтыя выданні вельмі прыгожага паліграфічнага выканання з’яўляюцца факсімільнымі і антыкварнымі. Яны прыкметна вылучаюцца сярод іншых кніг экспазіцыі: там ёсць і прыгожыя вокладкі, і пазалочанае цісненне, — расказала Дзіяна Кацюшына.

Наступны раздзел знаёміць наведвальнікаў непасрэдна з гісторыяй галоўнай кніжніцы краіны.

— Фонды на момант адкрыцця бібліятэкі ў 1922 годзе складалі прыкладна 60 тысяч, у 1926 годзе — 300 тысяч, а да пачатку Вялікай Айчыннай вайны было ўжо 2 мільёны кніг, — адзначыла вядучы метадыст. — Вядома, ваенныя гады вельмі дрэнна адбіліся на нашым бібліятэчным фондзе. Многія рэдкія выданні Купалы, Коласа, Багдановіча былі страчаны.

Супрацоўнікі бібліятэкі правялі каласальную работу па вяртанні страчаных выданняў і дакументаў у кніжныя фонды.

— Самы вялікі масіў літаратуры быў знойдзены ва ўсходняй Польшчы. Там, на чыгуначнай станцыі, захоўвалася 600 тысяч кніг, ужо падрыхтаваных да адпраўкі ў нямецкую бібліятэку. Усе гэтыя выданні вернуты ў нашы фонды. Так, на выстаўцы прадстаўлена кніга Максіма Гарэцкага, якая якраз і з’яўляецца тым артэфактам, што вярнуўся да нас дзякуючы гэтай акцыі, — падзялілася Дзіяна Кацюшына.

Акрамя таго, на выстаўцы прадстаўлены выданні самой бібліятэкі, напрыклад, легендарны «Летапіс друку Беларусі». Па словах вядучага метадыста, гэты маштабны бібліяграфічны звод калісьці ўключаў у сябе ўсю друкаваную прадукцыю, якая паступала ў галоўнае кнігасховішча краіны. На жаль, ён захаваўся ў экспазіцыі не ў поўным складзе — многія пасляваенныя нумары аказаліся беззваротна страчанымі.

Таксама наведвальнікі змогуць азнаёміцца і з рэтраспектыўнымі даведнікамі па газетным фондзе, аўтарскімі асобнікамі з аўтографамі, кнігамі — уладальнікамі прэміі «Мастацтва кнігі» і кранальнымі кніжкамі-«малюткамі». Прыкметна і тое, што атмасферу экспазіцыі дапаўняюць палотны навучэнцаў мастацкага каледжа імя А. К. Гле-бава і гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка.

Пры падрыхтоўцы выстаўкі арганізатары паставілі перад сабой амбіцыйную задачу: паказаць кнігу аб’ёмна, як фізічны артэфакт, візуальны шэдэўр і носьбіт сакральных сэнсаў, якія на працягу стагоддзяў фарміруюць культурны код нацыі. І пасля азнаямлення з экспазіцыяй можна з упэўненасцю сказаць, што з гэтай задачай яны справіліся.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю