Top.Mail.Ru

Коласаўскі тэатр адкрыў 100-ы сезон

03.10.2025 | 15:30
Вялікая каштоўнасць

«Добры вечар, браточкі!.. Ого, колькі вас тут сабралася — не раўнуючы як дроў у лесе...» Як неверагодна знаёма і цёпла гучаць з вялікай сцэны 

Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа словы народнага героя Несцеркі з аднайменнай камедыі Віталя Вольскага! Менавіта гэтым легендарным спектаклем Коласаўскі тэатр адкрыў свой юбілейны, 100-ы, сезон. 

«Без сяброў і гасцей на коласаўскай сцэне не праходзіць ніводнае свята. А сёння ў нас сапраўды вялікае свята, — звярнулася да гледачоў дырэктар тэатра Юлія Харкевіч на адкрыцці сезона. — Тэатр без гледача існаваць не можа, таму ўсё, што мы робім, ствараем, паказваем, — гэта толькі для вас, нашыя любімыя сябры!». Мастацкі кіраўнік Канстанцін Ганчароў адзначыў, што вельмі знакава пачынаць 100-ы сезон спектаклем «Несцерка»: «Гэтая пастаноўка аб’ядноўвае шмат пакаленняў артыстаў і гледачоў, праз яе прайшлі многія вядомыя коласаўцы. Я ўпэўнены, што „Несцерка“ будзе радаваць усіх нас яшчэ доўгі час».

Спектакль «Несцерка» з’яўляецца не проста вялікай каштоўнасцю беларускага мастацтва — ён аб’ядноўвае ўсю коласаўскую трупу, дае разуменне адзінства творчасці і сілы вялікага тэатральнага відовішча. Гэта адчуваюць і артысты, і ўсе службы, якія працуюць на спектаклі. Шматразовая змена дэкарацый і касцюмаў, неверагодная колькасць рэквізіту, жывыя спевы... Усё гэта патрабуе дакладнай працы тэатральнай каманды — для паспяховага выхаду артыстаў на сцэну. 

А пасля паклону і доўгіх, гучных апладысментаў коласаўцы віншуюць адно аднаго, абдымаюцца і шчыра ўсміхаюцца, бо адкрыццё сезона, тым больш 100-га, — яскравае, запамінальнае свята!

У наступным годзе спектакль «Несцерка» будзе адзначаць 85-годдзе. Змяняліся пакаленні, усе коласаўцы, у тым ці іншым вобразе, ігралі ў сцэнах кірмашу і забавы з мядзведзем, дыспуту і вяселля... Некаторым пашчасціла сыграць па некалькі роляў, як, напрыклад, сённяшняму Несцерку, заслужанаму артысту Рэспублікі Беларусь Пятру Ламану. «Я прыйшоў у тэатр у 1971 годзе. І менавіта „Несцерка“ стаў першым спектаклем, у якім я сыграў на коласаўскай сцэне. Такім чынам, магу святкаваць 55-годдзе такой ролі ў маім жыцці, — адзначае акцёр. — За гэтыя гады я прайшоў праз усе ролі — ад народных сцэн ў масоўцы, маладога хлапчука Юрася і да галоўнай — Несцеркі. Сыграў і Мацея, бацьку Настачкі, і аднойчы нават Шкаляра. Упэўнены, што гэты спектакль будзе жыць, бо ён геніяльны. Ведаю людзей, якія глядзелі яго па 10–15 разоў!» Пацвярджае меркаванне заслужанага артыста і тое, што сёлета ў тэатр прыйшлі маладыя акцёры і адразу далучыліся да ўдзелу у легендарнай пастаноўцы.

Аляксандр ЗАМКОЎСКІ

Фота Алісіі ПАХОМАВАЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю