Маё сяброўства з пісьменнікамі Лідчыны пачалося больш за дваццаць гадоў назад. За гэты час я ўпэўнілася, што кожны з іх ўнёс значны асабісты ўклад у літаратурнае жыццё нашага рэгіёна. А яшчэ шматлікія вуліцы горада названы ў гонар пісьменнікаў. Імя класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы ў 1946 годзе прысвоена раённай бібліятэцы. У скверы, што насупраць Музычнага каледжа, у 1993 годзе ўстаноўлены помнік беларускаму першадрукару Францыску Скарыну. У 2010 годзе адчыніў свае дзверы літаратурны філіял Лідскага гісторыка-мастацкага музея, які больш вядомы ўсім як Домік Валянціна Таўлая. Яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны паэт працаваў у рэдакцыі раённай газеты «Уперад». Больш за паўстагоддзя пры рэдакцыі «Лідскай газеты» працуе літаратурнае аб’яднанне «Суквецце».
І таму, я ўпэўнена, Ліда не выпадкова атрымала такі статус і стала сталіцай свята беларускага пісьменства ў 2025 годзе.
Напярэдадні гэтай значнай падзеі ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла прэзентацыя кнігі «Паэтычнае суквецце Лідчыны», аўтарам-складальнікам якой мне пашчасціла стаць.
- Зборнік вершаў — гэта знак пашаны і павагі да нашых літаратараў, да нашых таленавітых землякоў. Пад адну вокладку трапілі звыш двухсот твораў трыццаці сямі паэтаў. Гэта вершы на беларускай і рускай мовах. Кожны аўтар, нягледзячы на тое, што творы аб’яднаны агульнай тэмай, усё ж па-свойму выказвае ўласнае стаўленне да паняццяў «паэт» і «паэзія». У выніку чытач заўважыць, што феномен «паэта» і «паэзіі» ў лідскіх творцаў шматгранны: паэт, па меркаваннях літаратараў, — «творца», «чалавек, аблашчаны анёлам», «будаўнік моўнага палаца», «чараўнік песень і казак», «цар усіх душ», «наіўны добры дзівак», «спявак кахання», «прадвеснік і празарлівец», «трубадур і летапісец кахання», «прыхільнік муз», «голас нябёсаў», «доктар», «і жнец, і акцёр, і валацуга безнадзейны, і ўсемагутны кароль»... А паэзія — гэта «космас», «мястэчка раю», «карабель надзеі», «жывая крыніца», «бясцэнны дар», «энергіі паток», «пяшчотны гук», «лёгкае дакрананне ветрыку», «сон нявіннага дзіцяці», «чароўная краіна»...
Усе вышэй названыя высновы былі зроблены мною падчас напісання сумесна з вучнямі сярэдняй школа № 11 г. Ліды даследчай работы «Феномен паэта і паэзіі ў творчай парадыгме літаратараў Лідчыны». Калі ж нашы майстры мастацкага слова пазнаёміліся з даследаваннем і падборкай вершаў, узнікла цікавая ідэя: выдаць зборнік, прысвечаны тэме паэта і паэзіі. І мара здзейснілася: кніга «Паэтычнае суквецце Лідчыны» выйшла з друку.
На прэзентацыі прысутнічалі як пісьменнікі, аўтары вершаў, так і прыхільнікі паэзіі. Падчас мерапрыемстваішло абмеркаванне новай кнігі, у аўтарскім чытанні гучалі вершы, словы падзякі за працу над выданнем і, канешне, віншаванні з надыходзячым святам мастацкага слова.
Лідчына — край паэтаў і паэзіі. Ёйпрысвячаюць вершы, песні, паэмы. Паэзія жыве ў кнігах, часопісах і, вядома,у душах людзей. Сучасныя майстры мастацкага слова — людзі апантаныя, таленавітыя. Колькі паэтычных твораў напісана імі, каб абудзіць душы звычайных людзей, якім талентам яны валодаюць, каб кожны раз мастацкім словам уразіць і дарослых, і дзяцей. Тэматыка вершаў самая разнастайная: радзіма, мова, прырода, каханне, роздум аб жыцці, духоўныя і філасофскія разважанні... А яшчэ ў цэнтры ўвагі майстроў мастацкага слова, канешне, тэма паэта і паэзіі.
Мастацкае слова дапамагае кожнаму чалавеку: часам яно вяртае нас да жыцця, адкрывае вочы на штосьці незразумелае і таямнічае, дапамагае зразумець прыроду, адчуць сябе патрэбным чалавецтву. Паэзія ж для паэта — гэта сэнс жыцця, магчымасцьпадзяліцца думкамі з чытачамі, паветра, якім ён жыве, хлеб, натхненне, бальзам для душы.
Паважаныя майстры мастацкага слова, шчыра дзякую вам за цудоўныя паэтычныя творы, за ваш талент, за пазітыўны настрой, які вы дорыце нам, вашым чытачам! Сардэчна віншую вас з надыходзячым Святам беларускага пісьменства на Лідскай зямлі!
Наталля АНАШКЕВІЧ, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 11 г. Ліды
Фота "Лідскай газеты"