Але цяпер нагода — 20-годдзе Мінскага абласнога аддзялення СПБ, старшынёй якога і з’яўляецца Леанід Міхайлавіч. Справаздачны сход адбудзецца 12 лютага ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна. Напярэдадні мы пагутарылі з Леанідам Крываносам пра тое, што ўяўляе сабой Мінскае абласное аддзяленне сёння.
— Саюзу пісьменнікаў Беларусі ўжо больш за 90 гадоў, а Мінскае абласное аддзяленне было створана толькі дваццаць гадоў таму. Гэта правільнае рашэнне. Час паказаў, што ўтварэнне такой арганізацыйнай структуры вывела ў публічную сферу літаратурны працэс вобласці, — перакананы Леанід Крыванос. — Сёння абласная арганізацыя выконвае важную ролю не толькі ў літаратурным, але ўвогуле ў сацыякультурным жыцці Міншчыны.
— Што сёння ўяўляе сабой Мінскае абласное аддзяленне, калі казаць мовай лічбаў і ацэньваць з пункту гледжання літаратурнага працэсу?
— Па стане на студзень 2026 года ў Мінскім абласным аддзяленні налічваецца 82 чалавекі (другое па колькасці пасля Мінскага гарадскога). Дзве трэці членаў жывуць у регіёне, хтосьці працуе ці вучыцца ў Мінску, але з’яўляецца выхадцам з Мінскай вобласці. Калі казаць пра склад, то ў нас ёсць і вопытныя літаратары, і моладзь. З моманту ўтварэння аддзялення плённа працуюць у ім вядомы паэт-песеннік Кастусь Цыбульскі, цяперашні старшыня Саюза пісьменнікаў, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Алесь Карлюкевіч, дзіцячы пісьменнік і гумарыст з Маладзечна Аркадзь Жураўлёў, адзін са старэйшых нашых калег, уздзенскі празаік і краязнаўца Дзмітрый Вінаградаў, барысаўскі краязнаўца і публіцыст Аляксандр Медзяльцоў і іншыя. Мы ганарымся тым, што два пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення з’яўляюцца заслужанымі дзеячамі культуры Беларусі: празаік, публіцыст Зіновій Прыгодзіч і празаік, сцэнарыст Наталля Голубева. А краязнаўца Уладзімір Ліхадзедаў — лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Рэспублікі Беларусь» узнагароджана паэтэса, дзіцячая пісьменніца Ірына Карнаухава. Шэсць чалавек з’яўляюцца лаўрэатамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі. У мінулым годзе гэтай высокай узнагародай у намінацыі «паэзія» адзначаны вядомы паэт, ганаровы грамадзянін Салігорска Фёдар Гурыновіч. І спіс адметных літаратараў можна працягваць.
— У складзе вашага аддзялення шмат вопытных і вядомых творцаў. А хто на падыходзе? Ці ёсць таленавітая моладзь?
— Цяпер на разглядзе ў прыёмнай камісіі знаходзяцца дакументы чатырох кандыдатаў. У бліжэйшы час плануем прапанаваць да прыёму яшчэ двух новых творцаў, у якіх добры літаратурны патэнцыял. Гэта маладыя людзі.
Мы наогул вельмі падтрымлі-ваем моладзь. З 2023 года рэалізуем сур’ёзны праект — «Бібліятэчка Мінскага абласнога аддзялення СПБ». Яго мэта — падтрымка маладых таленавітых літаратараў і кандыдатаў для ўступлення ў Саюз. За гэты час выйшла пяць кніг. Летась, напрыклад, убачылі свет першыя выданні нашых самых маладых членаў СПБ Паліны Дваранскай, студэнткі філфака БДУ, і Максіма Хацкевіча з Барысава. Раней мы дапамаглі з выданнем кнігі валожынскай паэтэсе Наталлі Жылевіч. Маладым творцам сапраўды важна адчуваць усебаковую падтрымку: мы ж не толькі спрыяем таму, каб таленавітая моладзь магла надрукавацца, але і рэдагуем іх рукапісы, даём творчыя парады.
— У мінулым годзе пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення СПБ выдалі 68 кніг. Якія з гэтых выданняў вы як старшыня аддзялення хацелі б выдзеліць асабліва?
— Так, гэтая лічба сапраўды радуе. Нашы літаратары супрацоўнічаюць як з дзяржаўнымі, так і з прыватнымі выдавецтвамі. Яны прадстаўлены амаль што ва ўсіх жанрах акрамя літаратурнай крытыкі.
Што хацеў бы адзначыць? Кожная з гэтых кніг вартая, каб яе прачыталі. Летась да 80-годдзя Вялікай Перамогі былі рэалізаваны два значныя калектыўныя праекты. Сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры зрабілі кнігу «У іх жыцці была вайна», дзе змешчаны асобныя паэтычныя, празаічныя і публіцыстычныя творы дваццаці пісьменнікаў Мінскага абласнога аддзялення — ветэранаў Вялікай Айчыннай, ці тых, чыё дзяцінства прыйшлося на гады ваеннага ліхалецця. Яшчэ адзін важны праект — альманах «Граніца літаратурная»: у яго ўвайшлі творы, якія сведчаць, пра значны ўнёсак у Вялікую Перамогу «воінаў у зялёных фуражках». Мы не першы год супрацоўнічаем з Дзяржаўным пагранічным камітэтам Рэспублікі Беларусь — выпускаем не толькі гэты сумесны альманах, але і ездзім на творчыя сустрэчы ў воінскія калектывы. Шмат гадоў актыўны ўдзел у творчых вандроўках прымалі мядзельскі публіцыст Павел Жукаў, паэт і публіцыст з Узды Віктар Сабалеўскі.
— А якія важныя праекты Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі будзе рэалізоўваць у гэтым годзе?
— Сёлета будзе адзначацца 40-годдзе Чарнобыльскай аварыі, наступствы якой — і тэхнагенныя, і гуманітарныя — Беларусь у асноўным пераадолела, мы нават сваю атамную станцыю пабудавалі. Але гэтая трагедыя назаўсёды застанецца ў гістарычнай памяці нашага народа. Таму сёлета мы палічылі важным выпусціць калектыўны паэтычны зборнік «Чарнобыльскія саракавіны». Плануем яго прэзентацыю ў красавіку напярэдадні сумнай даты ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна. Зборнік мы падорым больш чым сарака Школам міру Міншчыны, якія курыруе абласное аддзяленне Беларускага фонду міру.
Сёлета будзе адзначацца і такая знакавая дата, як 135-годдзе Максіма Багдановіча. З гэтай нагоды разам з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры мы рэалізуем сумесны паэтычна-даследчыцкі праект «Сінякрылы матылёк». Ужо ёсць рукапіс з творамі каля 30 нашых паэтаў, якія прысвяцілі вершы жыццю і творчасці Максіма Багдановіча. Музей гэта дапоўніць цікавымі архіўнымі даследаваннямі і ўнікальнымі матэрыяламі. Прэзентацыя зборніка адбудзецца ў ліпені падчас «Ракуцёўскага лета 2026». Чакаецца, што гэтае змястоўнае выданне стане новым прачытаннем творчасці Багдановіча. Ёсць яшчэ шмат цікавага, што адбудзецца ў жыцці арганізацыі.
Ірына ПРЫМАК