Top.Mail.Ru

Леанід Крыванос: Прыняцце ў Саюз пісьменнікаў — гэта не столькі прызнанне таленту, колькі аванс на будучыню

Аўтар: Наталля Святлова
11.08.2025 | 07:00

Музыкальнасць Яўгена Хвалея — ад бацькоў, паэтычнасць — ад маляўнічага шчодрага Нёмана, які яго выгадаваў, моц слова — ад асабістай цікаўнасці, дапытлівасці, а пісьменніцкая трываласць — ад самавітых настаўнікаў, што выкладалі ў Мікалаеўшчынскай школе, будаўніцтвам якой апекаваўся Якуб Колас. Усім гэтым поўніцца асоба  Яўгена Хвалея, паэта, пісьменніка, журналіста, драматурга, перакладчыка, неўтаймоўнага ў распаўсюджванні святла і велічы слова. Мяркуйце самі: паэзіі ў яго выйшла 10 кніг, прозы — 12 кніг, дзіцячых — пяць, кніга п’ес — 28-я. Пра плён шчырага, усмешлівага, добразычлівага выхаванца Нёмана, ускормленага на яго пракаветных берагах, наша гутарка.


Ці варта кожнаму майстру пяра называцца пісьменнікам? А можа, літаратарам? У чым розніца гэтых паняццяў? Скептыкі лічаць, што сапраўдны пісьменнік — гэта вышыні недасягальныя, узроўню Талстога, Пушкіна, Дастаеўскага, Коласа, Купалы, Багдановіча і іншых свяцілаў слова. А называць імя сучасніка ў іх шэрагу недарэчна? Ці так гэта на самай справе? Каму характэрна такая перасцярога? Ці не графаманам? У гэтым дапаможа разабрацца старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос.

— Леанід Міхайлавіч, як вы адчуваеце сябе на месцы чалавека, які фарміруе мікраклімат літаратараў Мінскай вобласці?

— Сёння званіў Мікалай Іванавіч Чаргінец, пытаўся, як справы. Кажу: «Упэўнена, не спяшаючыся, ідзём наперад». Мінскаму аддзяленню Саюза пісьменнікаў Беларусі ўжо 20 гадоў. Першым яго старшынёй быў Рыгор Сакалоўскі, цікавы паэт, заслужаны дзеяч культуры. Ён некалі быў галоўным рэдактарам «Ваеннай газеты», потым намеснікам старшыні Беларускага саюза журналістаў. Пасля яго аддзяленне ўзначальваў Алесь Карлюкевіч. Потым — пяць гадоў Святалана Быкава з Заслаўя. Я ў гэтым аддзяленні з моманту яго арганізацыі — з 2005 года. Першапачаткова быў сакратаром арганізацыйнага сходу аддзялення, і мой подпіс значыцца ў пратаколе стварэння арганізацыі. Увесь час я ў Савеце аддзялення. Сёння ў нас 83 члены. Калі бачым у чалавеку патэнцыял не на год, не на два, прымаем у свае шэрагі.

— І якая асноўная задача аддзялення датычна тых, каго прымаеце?

— Аддзяленне — гэта не гурток па інтарэсах. Ёсць тыя, хто займаецца літаратурнай творчасцю, недзе публікуецца, выдаў кнігу, можа, наведвае літаб’яднанне і гэтым узроўнем задавольваецца. А ўступленне ў Саюз пісьменнікаў — гэта статус, прызнанне твайго таленту. Некаторыя ставяцца да гэтага неўсвядомлена. «Гэта тут рэгіструюць пісьменнікаў?» — спытаў нядаўна адзін ахвотнік, прынёсшы свае кнігі. А насамрэч прыняцце ў Саюз пісьменнікаў — гэта не столькі прызнанне твайго таленту, колькі аванс на будучыню. На жаль, сутракаюцца і графаманы. Некаторыя спаборнічаюць па колькасці выдадзеных кніг, па колькаці ўзнагарод, медалёў...

— А сапраўднаму пісьменніку ўзнагароды не патрэбны? 

— Патрэбны, безумоўна. Але гэта не першачаргова. Некаторыя, атрымаўшы членскі білет, на гэтым спыняюцца: не павышаюць узровень, не займаюцца самаадукацыяй, не чытаюць калег... Але ёсць аддзяленне, дзе цябе скіруюць. Мы ажыццяўляем каардынацыйную дзейнасць. Мінскае абласное аддзяленне СПБ — афіцыйная арганізацыя з юрыдычнымі данымі, уступіўшы ў якую з гонарам кажаш: «Я пісьменнік». Хаця ў мяне не заўсёды паварочваецца язык сябе ім назваць, бо часта пісьменнікамі лічаць Шолахава, Купалу, Коласа... А астатнія... Маўляў, дакажы, што ты пісьменнік. На гэты конт магу сказаць, што мы літаратары. На нас яшчэ арганізацыйная дзейнасць. Мы ўдзельнічаем у розных мерапрыемствах. Галоўная задача пісьменніка — пісаць. На тэмы сацыяльна значыныя. Спрабуем накіраваць нашых членаў на гэта. Усе нашы калектыўныя праекты сацыяльна значныя. Калі арганізоўваем іх, прыцягваем нашых членаў. Мы ў віры літаратурнага жыцця. 

— А сёння, калі наша грамадства навадняюць небяспечныя сумніўныя плыні, на чалавека абрынаецца магутны інфармацыйны паток, не заўсёды пазітыўны, якая функцыя аддзялення?

— Пісьменнік павінен пісаць, а мы адказваем за якасць напісанага. Таксама на нас культурна-асветніцкая справа. Займаемся прэзентацыяй кніг, працуем у журы, у конкурсах. Мы ў шчыльным супрацоўніцтве з Мінскай абласной бібліятэкай імя А. С. Пушкіна, з раённымі, з Беларускім фондам міру, з ветэранскай арганізацыяй, з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. 

— Аддзяленне Саюза пісьменнікаў для літаратара — як для акцёра агенцтва, якое прасоўвае яго і рэкламуе?

— Мы не прадзюсары. Але папулярызуем плён нашых творцаў. Сёлета 70-гадовы юбілей адзначыць Генадзь Аўласенка. Калі з Мінскай абласной бібліятэкай імя А. С. Пушкіна выпрацоўвалі план сумеснай дзейнасці, вырашылі зладзіць яго творчы вечар. Пушкінка асабліва шчыльна супрацоўнічае з Іркуцкай абласной дзяржаўнай універсальнай навуковай бібліятэкай імя І. І. Малчанава-Сібірскага. Удзельнічаем у анлайн-канферэнцыях. Сёлета запрашалі на міжнародную кніжную выстаўку. Ездзіла Ірына Карнаухава. У нас ёсць серыя «Бібліятэчка Мінскага абласнога аддзялення». Дапамаглі выдаць кнігу Наталлі Жылевіч, якая ўзначальвае ў Валожыне літаб’яднанне «Рунь». У гэтым годзе таксама выдалі Максіма Хацкевіча з Барысава, які працуе фельчарам. Новая кніга Рагнеда Малахоўскага «Дзе рачулка Нарачанка», што пабачыла свет сёлета, выйшла з падтрымкай абласнога аддзялення Беларускага фонду міру. Цяпер рыхтуецца кніга Паліны Дваранскай, студэнткі ІІ курса філфака БДУ. На наступны год у нас ёсць яшчэ два праекты. У 2023-м да 80-годдзя Хатынскай трагедыі выдалі кнігу «Званоў перазвон» (Выдавецкі дом «Звязда») (укладальнік Рагнед Малахоўскі). А зусім нядаўна зрабілі сумесны праект з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры «У іх жыцці была вайна» (укладальнік Рагнед Малахоўскі). Яшчэ выдалі песенны зборнік «Радзімы песенныя сцежкі» сумесна з Мінскім абласным цэнтрам народнай творчасці. 

У рамках акцыі «Лета з добрай кнігай» завітваем у «Зубраня». На мерапрыемствы далучаем розных творцаў. Ездзім у Маладзечна на Нацыянальны фестываль беларускай паэзіі і песні, праводзім калектыўныя імпрэзы. Удзельнічаем у Дні пісьменства, паедзем у Ракуцёўшчыну, Цімкавічы. Наша аддзяленне мае свой сайт. 

— Каго з адметных творцаў аддзялення можаце назваць?

— Заслужаны дзеяч культуры кандыт гістарычных навук Наталля Голубева. Па яе сцэнарыях знята шмат дакументальных фільмаў на гістарычную тэму. Віктар Кажура, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, вядомы настаўнік з Вілейкі. Сяргей Клімковіч, дзіцячы пісьменнік, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Уладзімір Ліхадзедаў, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Зіновій Прыгодзіч, дзіцячая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая, паэт-песеннік Кастусь Цыбульскі і іншыя.

— Вы не баіцеся, што хутка ролю аддзялення зойме штучны інтэлект?

— Раней пужалі: прыйдзе інтэрнэт, і ўсё астатняе лясне. Да інтэрнэту трэба ставіцца як да сродку ўніверсальнай камунікацыі, як да сродку інфармацыі: аператыўна, хутка, зручна. Але каб інтэрнэт замяніў кнігу... Калі мне гавораць «электронная кніга» — смешна. Гэта тэкст у форме кнігі, бо заўтра адключы — і няма гэтай кнігі разам з інтэрнэтам. Паперу ніхто не адменіць. Не было паперы — на камені выбівалі, на гліняных таблічках. Пакуль чалавек жывы, не замяніць жывое матэрыяльным. Штучны інтэлект аналізуе ў тым аб’ёме, які закладзены ў праграму. Можна задаць штучнаму інтэлекту напісаць верш. Ці атрымаецца штосьці вартае, а не прымітыўная кампеляцыя? Чалавека ад усіх іншых адрознівае свядомасць. Гэта галоўнае адрозненне ад іншых істот.

— Дык робатаў і гэтаму ўжо навучылі...

— Не можа жалезка праз электрычныя сігналы генерыраваць ідэю, а выконвае тое, што закладзена ў праграму. Але каб інтэлект раптам ажыў — гэта як фантастыка. Мы ў многім ахвяры галівудскіх фільмаў. І новых павеваў. У савецкі час, помню, з радыёмпрыёмніка гучалі радыёп’есы, напрыклад, па аповесці Янкі Маўра «Палескія рабінзоны»... А цяпер гэта аўдыякніга... Падмена паняццяў. Калі чытаеш кнігі савецкага часу, ХХ стагоддзя, асноўныя крытэрыі, прынцыпы галіны былі ёмка выкладзены. А сёння пачынаюць надстройкі прыдумляць. 

— Як кажуць, новае — добра забытае старое...

— Я заўсёды згадваю кола. Такое вынаходніцтва! Хто ведае яго аўтара? Хто першы гузік прыдумаў, хто першы скуру апрацаваў? Гэта былі геніі, якія далі наймагутнейшы штуршок жыццю. А сёння прарыўнога не відаць. Магчыма, чагосьці мы пакуль не ведаем.

— Можа, хтосьці прыдумае, як чалавек зможа ўзляцець...

— У дзяцінстве я чытаў узахлёб у класе мо шостым аповесць пра ўзлёт па прынцыпе біёнікі (ёсць такая навука). Яна на аснове дзейнасці біялагічных істот распрацоўвае механічныя сродкі. Самалёты таксама з біёнікі. Дык вось у кнізе той расказваецца, як хлопец прыдумаў махалёт па прынцыпе палёту страказы. Мы з таварышам паспрабавалі такое зрабіць. Сёння свет усё яшчэ трымаецца на вопыце мінулых ведаў. А новая ўзрыўная інавацыйная ідэя?..

— Можа, яна з’явіцца ад калектыўнага розуму? Напрыклад, тады, калі члены вашага аб’яднання сустракаюцца раз на год?

— Колькі людзей — столькі і ідэй. Але пісьменнік як чалавек творчы ў некаторай ступені эгаістычны. І не хоча дзяліцца сваёй ідэяй, рабіць яе агульнай. Таму, што датычыць аддзялення, наш творчы падмурак — пастаянныя праекты, напрыклад «Бібліятэчка Мінскага абласнога аддзялення». Так і назапашваецца плён. Можа, не згадаюць прозвішчаў, а праекты згадаюць дакладна.

— Вам бліжэй стыхія прозы ці паэзіі?

— Я пачынаў з вершаў, якія паклалі на песні. На некаторыя з іх зняты відэакліпы. Напрыклад, на песню «Солдатам павшим — от живых» кліп зняла Белтэлерадыёкампанія. Кампазітарамі выступалі Аляксандр Сушыцкі, Алег Елісеенкаў. Цяпер песні амаль не пішу. Але гэты этап адкрыў мне шлях у вялікую літаратуру. А ўвогуле я і да гэтага пісаў, яшчэ курсантам, вершы каханай прысвячаў: «Если хочешь — придешь. // Если нет — и не надо. // Для моей ты души, // Как и прежде, — отрада». Але не сышлося. А я потым плюнуў і па філасофіі напісаў у паэтычнай форме курсавую работу.

— Кнігу любілі з дзяцінства?

— Так. У дзяцінстве быў запісаны адразу ў дзве бібліятэкі. Запомнілася «Айвенга» Вальтэра Скота. Шмат фантастыкі начытаўся. ХХ стагоддзе — стагоддзе класічнай фантастыкі. А папраўдзе я з пяці гадоў хацеў стаць мастаком. Так, дадаткам да дыплома мастацкага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 15 стала вучоба ў Маскоўскім завочным універсітэце мастацтваў на факультэце выяўленчага мастацтва аддзялення станковага жывапісу і графікі. Але суровая проза ваеннага жыцця ўнесла свае карэктывы.

— Ды мастака ў чалавеку забіць нельга...

— Так, пачуццё прыгожага засталося. Спадзяюся, гэта на карысць маёй цяперашняй працы.

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю