Top.Mail.Ru

Лірычнае прызнанне паэтэсы Вольгі Алізар

27.05.2025 | 07:00

Углядаюся ў твар аўтара, у яе прыгожыя глыбокія, як крыніцы, вочы. Вочы сапраўднай паэтэсы. Яе даўно чакала наша зямля. З часоў Веры Вярбы і Яўгеніі Янішчыц прайшло, праляцела ўжо нямала гадоў. І вось нарэшце! У часы росквіту нашай старонкі! Думаю, што ў гэтым нешта ёсць! Нешта невымоўна-прыгожае, якое дорыць толькі Гасподзь! Ніхто як яна, Вольга Алізар, не сказаў так моцна, так ярка пра нашага Прэзідэнта. Трэба, вядома, цытаваць увесь верш, каб зразумець гэта. Але можна і па гэтым лірычным прызнанні паэтэсы адчуць яе народную, ад зямлі душу:


А ўжо выбары хутка. Вы за каго?
Як спытаць у мяне,
то адказ мой адзіны:
Я свой голас ізноў аддаю за яго —
Паважанага мной 
Прэзідэнта краіны.

Да чужых меркаванняў 
мне справы няма,
Светапогляд чужынны
ў душы не рунее.
У мяне на плячах ёсць свая галава,
І яна, дзякуй богу, усё разумее.

Вось! Менавіта так, сама чула, гаворыць наш народ. Народ, які не любіць здраднікаў Радзімы, верыць толькі тым, хто верна служыць Айчыне, сваім людзям, які ўсё робіць для росквіту роднага краю. Асэнсавана-глыбока, пераканаўча гучыць яе голас.

Даспадобы ўглядацца 
ў раздолле палёў,
Захапляцца бязмежжам 
блакітнага неба.
Прыкмячаць: на абрусах 
багатых сталоў
Дастаткова заўсёды 
духмянага хлеба.

Што ўсё больш адбываецца добрых 
падзей,
Што паўнее дзяржаўны збанок 
дасягненняў,
Што напрамак адзін — 
гэта дзеля людзей,
Для шчаслівае долі ўсіх пакаленняў.

Патрыятызм спелай маладой душы! Яе захопленасць сапраўдным патрыётам-лідарам, яе да яго сапраўдная павага. І такое пачуванне дачушкі роднага краю — і тваё ж таксама пачуванне! Яе талент выказаў і за цябе таксама! Схіляю галаву перад гэтым талентам!

Выбіраю толькі самае-самае з сапраўднага твора паэзіі, выбіраю тое, што тлумачыць яе здаровую, таксама ад зямлі філасофію жыцця і сапраўднай паэзіі:

Мяне рана бацькі 
навучылі маліцца,
Кожны тыдзень 
бабуля вяла 
ў царкву.
Гаварыла, што трэба 
з парога хрысціцца
І прад Богам заўжды апускаць 
галаву.

Сэрца сціскаецца, калі чытаеш такое. І яшчэ больш вырастае гонар за свой мудры просты народ. Сапраўды, усё лепшае — з яго! Бо ты расцеш на іх боскім адчуванні жыцця! Бо ты з маленства, з малаком матчыным засвойваеш гэта:

Не прыхоўваць за спінай ніколі 
каменне,
Не жадаць, нават шэптам,
нікому хвароб,
Не мяняць чалавечнасць сваю 
на адзенне
І не кідаць выказванні горкія 
ў лоб.

Так можа вымаўляць толькі «жывая артэрыя роднай зямлі» (ужываю яе паэтычны радок). Так адчуваць сябе сярод роднага можа толькі таленавітая дачка свайго народа. 

Дар’я ЛЁСАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю